У Беларусі за прастытуцыю сталі актыўна караць адміністрацыйнымі арыштамі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 6 лютага паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Сяргей Колтун. 

Паводле яго слоў, летась у краіне за прастытуцыю да адказнасці былі прыцягнутыя 994 асобы, і ў кожным шостым выпадку прымяняўся менавіта адміністрацыйны арышт. 

На ўліках знаходзяцца 1833 асобы, якія займаліся прастытуцыяй (у Мінску — 780), у тым ліку 45 мужчын. Прычым, як адзначыў прадстаўнік МУС,

практыка пастаноўкі на ўлік мужчын «атрымлівае развіццё». 

«Актывізацыя аператыўных адпрацовак міліцыі дазваляе стрымліваць тэмпы і маштабы прастытуцыі», — заявіў прадстаўнік МУС. 

Сам Сяргей Колтун з'яўляецца непрымірымым праціўнікам легалізацыі прастытуцыі ў краіне, прыводзячы на карысць сваёй пазіцыі шэраг аргументаў. Па-першае, паводле яго слоў,

ён супраць легалізацыі прастытуцыі «ў сілу маральна-этычных каштоўнасцяў, якія прапаведуе нашае беларускае грамадства». «Я лічыў і лічу, што легалізацыя прастытуцыі — гэта шлях у нікуды», — заявіў Колтун. 

Па-другое, ён звярнуў увагу на тое, што «нават там, дзе прастытуцыя легалізавана, праблемы ёсць і застаюцца». У якасці прыкладу спецыяліст прывёў Германію, Галандыю, дзе значная частка платных сексуальных паслуг аказваецца ў падпольных бардэлях і асобамі з краін Усходняй Еўропы, якія працуюць там нелегальна. 

Па-трэцяе, паводле слоў Колтуна, Беларусь далучылася да Канвенцыі 1949 года аб барацьбе з рознага віду сексуальнай эксплуатацыяй, у тым ліку прастытуцыяй. «І там выразна запісана, што караюцца і асоба, і тая арганізацыя, якая займаецца сутэнёрствам. Таму не трэба ператвараць дзяржаву ў сутэнёра», — заявіў прадстаўнік МУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?