Маленькі Арторыус быў у суседнім пакоі, пакуль яго бацька забіваў маму, 27-гадовую Ганну Сардэчкіну. І толькі ён мог быць адзіным сведкам падзей вечара 12 жніўня 2013 г. 

Сёння таксама адбыліся спрэчкі бакоў, з апошнім словам выступіў абвінавачаны. Дзяржабвінаваўца, выступаючы з заключным словам, папрасіў суд прызнаць Казлова вінаватым па ч. 1 арт. 139 (забойства) КК РБ і прысудзіць яго да 15 гадоў пазбаўлення волі. Адвакат абвінавачанага папрасіў для свайго падабароннага 6 гадоў пазбаўлення волі.

Абвяшчэнне прысуду адбудзецца 11 лютага.

Пытанне наконт выкліку ў залу судовага пасяджэння малога сына Ганны вырашалася на працягу двух дзён. Цётка забітай дзяўчыны, Ларыса Лукашова (якая цяпер з'яўляецца законным апекуном дзіцяці), выказала сваё нежаданне і абгрунтавала яго магчымай псіхалагічнай траўмай для хлопчыка. Сам жа Казлоў так і не змог вызначыцца і пасля некаторага вагання сказаў, што не пярэчыць, але і не настойвае на выкліку ў суд яго сына.

Допыт дзіцяці прайшоў пры зачыненых дзвярах — без абвінавачанага Казлова і сведак па справе, а таксама прэсы.

Пазней суддзя раскажа, што зыходзячы з размовы з хлопчыкам, той «бачыў, як мама з татам сварыліся», як мужчына біў жанчыну, паваліў яе на падлогу, а пазней «бачыў, як тата маму перамог».

Такім чынам, сын Ганны Сардэчкінай пацвердзіў здагадкі родных аб тым, што дзіця бачыла ўсе падзеі таго вечара. Больш за тое, ўсплывае новая дэталь — хлопчык распавёў, што бачыў, як тата аднёс маму на ложак. Але тады гэтая сітуацыя яго не спалохала — дзіця распавяло, што ўжо раней бачыў сваркі бацькоў.

Таксама з паказанняў Арторыуса Сардэчкіна вынікае, той бачыў кроў на галаве мамы (сам жа Казлоў да апошняга сцвярджаў, што ніякай крыві не бачыў).

На сённяшнім пасяджэнні быў таксама адзін з ключавых сведак, супрацоўнік крымінальнага вышуку.

Ён распавёў, што перад тым, як Казлоў вырашыў даць прызнальныя паказанні, яму было прапанавана прайсці допыт на паліграфе. Гэта акалічнасць можа паўплываць на рашэнне суда — бо нават згодна з першымі паказаннямі Казлова следчым, ён спалохаўся пасля таго, як даведаўся пра магчымасць такога допыту, і гэта паўплывала на яго рашэнне прызнацца ў злачынстве (на судзе ён адмовіцца ад гэтых паказанняў). Пракурор цытуе вытрымку з допытаў, дзе Казлоў казаў, што прызнацца яго «амаль пінкам прымусілі» [сябры і сваякі Ганны]. На пытанне адваката абвінавачанага, ці магло злачынства быць раскрыта без прызнання Казлова, супрацоўнік праваахоўных органаў выказаў меркаванне пра тое, што магло, але «можа не так хутка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?