Чаму яны ў гэтым прызнаюцца — не даўмеюся! Ня ведаю, як у іх з сэксуальнай, але з паэтычнай арыентацыяй усё як мае быць. І менавіта таму — хай бы яны лепей маўчалі.

Андрэя Хадановіча можна ўважаць за ўлюбёнца Фартуны. Яна надзяліла яго несумнеўным паэтычным геніем, дазволіўшы таксама нарадзіцца ў тую пару, калі за гэта ўжо ня паляць на вогнішчах і не расстрэльваюць у Курапатах. Я бачыў закаханыя вочы дзяўчат, што прыйшлі на прэзэнтацыю «Лістоў з-пад коўдры» і ціха вохкалі, нібыта на месцы Хадановіча быў — вылез з-пад гэткай самай коўдры — сам бог Апалён. Было зразумела: гэты яшчэ зусім малады чалавек здолеў стварыць уласную чытацкую аўдыторыю, зачараваць яе словам — каб потым, як Майсэй, вадзіць за сабой астатнія сорак год прадуктыўнага паэтычнага жыцьця.

    Не пераблытай іх з правіламі артаграфіі —

    знакі прыпынку праходзяць па іншай парафіі.

    Прыклад: калі твой пісьменьніцкі посьпех,

    станоўчыя водгукі ў прэсе,

    удзячныя выкрыкі «брава! біс!»

    прадвызначаюць выключна твой правапіс,

    то бок майстэрства да месца ўжыць тую

    ці іншую літару,

    то — што дазволена тарэадору,

    падчас не дазволяць Юпітэру! —

    першачарговае ў справах паэзіі, то бок

    літаратурны заробак,

    прадвызначае выключна ўжываньне

    працяжнікаў, косак і кропак.

Гэта інтанацыі будучага нобэлеўскага ляўрэата. Хто не дае веры — вазьмеце «Восеньскі крык шуляка» беднага, як сказаў бы зьедлівы Шалкевіч, Ёселя Бродзкага і пераканайцеся. Пры гэтым уласна ў беларускай літаратуры падобнага паэтычнага рытму, разьняволенага, я ня памятаю. Мажліва, памятае Ганна Кісьліцына: у тую пару, калі яна вывучала айчыннае пісьменства, мне давялося вывучаць нейкага там Пінтэра.

Нехта, здаецца, «таварыш Сапега», заявіў, што па-беларуску нічога вялікага стварыць немагчыма. Хадановіч — жывое абвяржэньне гэтай надзвычай хамскай заявы. Пераклаўшы ў беларускую «Кветкі зла» Бадлера, ён стаў Сёмухам новага чытацкага пакаленьня. Задачай Сёмухі было перастварэньне па-беларуску вялікіх прызнаных клясыкаў, ад аўтараў Сьвятога Пісьма да па-алімпійску спакойнага Гётэ. Хадановічу выпала перакладаць непрызнаных клясыкаў, адрынутых сучасьнікамі, а таму і не ціхамірных — раззлаваных, у канфлікце з грамадзтвам. Гэта — паэтычная праграма новага няўрымсьлівага пакаленьня паэтычных хуліганаў — наш уласны sturm und drang.

Хадановіч — хуліган. Ён і не хавае гэтага. Ён піша грандыёзныя тэксты, сапраўдны сэнс каторых ты зразумець ня можаш, калі не чытаў другія грандыёзныя тэксты. Да таго ж піша іх на беларускай мове — пышнай, выкшталцонай, завостранай, як француская мова эпохі Лярошфуко, — а ў кожным вершы — цытаты з паэтаў расейскіх, францускіх, польскіх і італьянскіх, і паспрабуй, расшыфруй, спасьцігні гэты код, калі ты не авалодаў усімі тымі ведамі, якія выпрацавала чалаве... (блін, цытую клясыкаў! дажыўся! — Хадановіч заразіў).

    Кукалка, каўшанка, хрызаліда,

    лялечны зародыш вышыні!

    Досыць гідкіх фарбаў краявіду,

    іншага няхай грызе агіда!

    Супакойся, мілы, адпачні!

    Сьпі, дзіцятка, птушкі ўжо паснулі,

    зоры ў неба па ваду пайшлі.

    Кукавадла вусьцішнай зязюлі,

    люлі-люлі, прыляцелі кулі…

    Стала ціха на усёй зямлі.

    Засынай, загорнуты ў анучы.

    Пасталееш хутка ў барацьбе.

    Сьпі, выратавальнік наш прыйдучы:

    у абладзе фюрэра і дучэ

    спадзяёмся толькі на цябе!

І рэч зусім ня ў тым, што філёляг пазнае простыя лексычныя запазычаньні зь пяці славянскіх моваў. Але гэткую паэтычную крыжаванку трэба разгадваць, у зацемкі дадаваць цытаты з Мандэльштама і ўсіх-усіх-усіх... Ці памятаеце вы, як льюісакэралаўская Алеся зьвяртаецца да Шапавала з просьбаю растлумачыць верш пра Брандашмыга? Дык жа трэба яшчэ і зразумець, што гэты верш — без камэнтара, без уласнага хадановіцкага Шапавала — незразумела! Літасьцівы Пацюпа свае вершы камэнтуе сам, даючы зацемы. А Хадановіч жорсткі і цынічны: не зразумеў чытач — ну і ў Жодзіна яго! Ці ў які другі населены пункт з той соткі, пералічанай у «Земляках».

Часам хочацца стаць-такі яго Шапавалам. Хочацца падрыхтаваць і выпусьціць у сьвет «Поўны збор твораў» Андрэя Хадановіча, з акадэмічнай біяграфіяй і паўнавартаснымі зацемамі.

Уяўляеце сабе:

    Мы валім дрэвы (1), чэшам камяні (2),

    капаем катлаваны (3) і каналы (4),

    чакаем на спатканьні, лічым дні (5)

    й абагульняем сьвет наш дасканалы (6) —

і зацемы:

1. «Лесапавал» — назва папулярнага ў Савецкім Саюзе (дзяржава, якую развалілі тры славянскія правадыры на загад сусьветнага сіянізму) гурту на чале з паэтам Міхаілам Танічам (гады жыцьця). Паэт геніяльна прадбачвае ўдзел у лесапавале беларускага публіцыста Паўла Севярынца (гады жыцьця) (гады лесапавалу).

2. «Муляр» — верш расейскага сымбаліста Валер’я Брусава (гады жыцьця), які чамусь уважаюць за рэвалюцыйны. Паэт таксама геніяльна прадбачвае будоўлю новага гмаху Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (гады будоўлі).

3. «Катлаван» — аповесьць расейскага савецкага (?) пісьменьніка Андрэя Платонава (гады жыцьця), у якой вядзецца пра беспасьпяховасьць спробаў трансфармацыі грамадзкіх адносінаў.

4. «Беламорканал» — папяросы, названыя ў гонар кніжкі, напісанай 50 выбітнымі савецкімі пісьменьнікамі пасьля падарожжа на той самы канал (пералік пісьменьнікаў і гады жыцьця). Зрэшты, паэт мог геніяльна прадбачыць і кіроўную ролю БРСМ (гады існаваньня) у рэканструкцыі беларускай часткі Аўгустоўскага каналу (гады рэканструкцыі).

Ну й гэтак далей.

А пракамэнтавалі ж мы пры гэтым усяго толькі два радкі з чатырох!

А што будзе, як пачнеш камэнтаваць усю паэтычную традыцыю, вяршыняй каторай ёсьць ягоны, Хадановічаў, exegi monumentum:

    Я помнік ладжу ў кшталце манускрыпту.

    Ня зьнішчыць сьцежкі да яго дзірван!

    Я фін паміж пяскоў зямлі Эгіпту,

    паміж калмыкаў — горды ўнук славян!

Тут на кожны радок прыпадзе па пяць-шэсьць абзацаў камэнтароў! Якая прастора для прышлых філёлягаў!

І пры гэтым Хадановіча чытаюць тыя, каго ў нашых умовах можна ўважаць за чытацкую масу! Падкрэсьлю — не за эліту! Бо патэнцыйны кандыдат на Нобэля (паўтаруся: баюся, ён і стане першым беларусам, ушанаваным Нобэлеўскай прэміяй за літаратуру) абсалютна ўпэўнена гуляе ў паэтычную папсу, нібыта патураючы густам таго чытача, каторага сам ён і кланаваў, дай ім Бог абодвум здароўя!

І гэта — не зьнявага! Бо гэта — сьвядомы камплімэнт!

    дзеўчына пела ў шыкоўным бары

    танчыла і абдымала шост

    дзеўчына проста шукала пары

    а ў мужыкоў пачынаўся пост

    дзеўчына скінула белы вэлюм

    скінула белае паліто

    і засталася ў станіку белым

    а з мужыкоў не глядзеў ніхто

    дзеўкі сьпяваюць ня толькі ў джазе

    гэтая робіць што і заўжды

    а ў мужыкоў проста зрух па фазе

    і разьбягаюцца хто куды

    толькі расшпіліць бялюткі станік

    большая частка стуль уцячэ

    толькі адзін паўсьляпы «батанік»

    голасна крыкне: «хлопча яшчэ!»

Ён жа бо менавіта гэты верш Блока ўзяў, скрыўдзіў яго беласьць, бо ён і так — самы разматлашаны, згвалтаваны літаратуразнаўцамі, ператвораны ў паэтычны штамп. Бо ніхто з чытачоў самога Блока ўжо ў ім, у гэтым вершы, паэзіі — Паэзіі! — ня бачыць, ня ловіць яе павеву, не адчувае!

Ён і цытуе тое, што прынята называць «масавай літаратурай», ад Эжэна Сю да Джаан Роўлінг, апэлюючы да «супольных месцаў» нашай чытацкай памяці: не зразумеюць, але адчуюць роднае ў гэтых доўгіх песьнях літаратурнага возьніка. Так сама як сьніцца нам — у самых фантастычных спалучэньнях! — толькі тое, што мы на яве, шматкамі, часткамі, але бачылі, так і ў падсьвядомасьці, чытаючы Хадановіча, выплываюць вобразы, зганеныя настаўнікамі літаратуры, выкладнікамі філфакаў, бібліятэчнымі выставамі пад лёзунгамі кшталту «Салдат, герой, навуковец».

    ціхі анёл праляцеў

    над гняздом зязюлі

    яшчэ адзінаццаць тысяч

    тваіх маладых суайчыньнікаў

    за цэлы год

    не паглядзяць ніводнага фільму

    Мілаша Формана

Накшталт анёлаў, што ня лётаюць над гнёздамі зязюляў — проста анёлы, як ведама, ня лётаюць, — Андрэй Хадановіч ня ёсьць сучасным беларускім паэтам, бо проста там, у тым засвоеным ім паэтычным сусьвеце, няма ні сучаснасьці, ні, відаць, Беларусі як самастойнага літаратурнага матэрыка, як бы ні спрабавалі гэта аспрэчыць усе тыя, хто летнімі і зімовымі начыма ня можа заснуць, каб ня ўбачыць у сьне Хадановіча. Там ёсьць толькі Паэзія! І Купала, і Мандэльштам, Байран і Францішка Уршуля Радзівіл ідуць поруч, а перакладнік ім, дарэчы, папросту непатрэбны.

От і добра! Хоць адзін беларус гэта ўцяміў!

І гэта ня можа ня радаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0