Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка надаў званьне Героя Ўкраіны аднаму з кіраўнікоў Украінскай Паўстанцкай Арміі Раману Шухевічу. УПА змагалася супраць немцаў і саветаў у 1942—1950 гадах. Генэрал-харунжы Шухевіч восем гадоў кіраваў партызанскай барацьбой з падпольля і лясных схованак. Толькі ў 1950 годзе саветы здолелі забіць яго.
Званьне нададзена пасьмяротна «за выдатны асабісты ўнёсак у нацыянальна-вызвольную барацьбу за свабоду і незалежнасьць Украіны і з нагоды 100-годзьдзя з дня нараджэньня і 65-й гадавіны стварэньня Украінскай Паўстанцкай Арміі».
Адначасова Юшчанка, бацька якога ваяваў у Савецкай Арміі, падпісаў указ аб сьвяткаваньні 65-й гадавіны УПА.