У Брусэлі сабраліся міністры замежных справаў. Фота Ройтэрз.

У Брусэлі сабраліся міністры замежных справаў. Фота Ройтэрз.

Еўрапейскі Саюз разам з іншымі краінамі і міжнароднымі інстытутамі гатовы дапамагчы Украіне ў наладжванні дыялогу для выхаду з палітычнага крызісу, а таксама правядзенню эканамічных рэформаў. Як перадаюць інфармагенцтвы, пра гэта заявіла Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежнай палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан перад пачаткам пасяджэння Савета ЕС на ўзроўні міністраў замежных спраў, на якім яна старшынюе. Паседжанне прысвечанае крызісу ва Украіне і будучыні праграмы «Усходняе партнёрства».

«Мы гатовыя падтрымаць працэс дыялогу. Вельмі важна паспрабаваць пакласці канец гэтай сітуацыі там, і мы застаемся гатовымі дапамагчы рэформам, якія павінны быць праведзеныя з нашай эканамічнай падтрымкай», — сказала Эштан.

«Мы застаемся ў кантакце з многімі іншымі краінамі і інстытутамі па гэтым пытанні», — дадала яна.

Напярэдадні пасяджэння Швецыя падрыхтавала дакумент пад загалоўкам «20 пунктаў пра Усходняе Партнёрства пасля Вільні». Пад ім падпісаліся 12 краін Еўрасаюза, у тым ліку Польшча, Нямеччына і Брытанія.

У ім утрымліваецца заклік да Малдовы і Грузіі падпісаць пакты з ЕС да жніўня. Чаканні ад Украіны і Беларусі меншыя.

У дакуменце таксама прапануецца, каб Еўрасаюз падрыхтаваўся да новых выступаў Расіі кшталту гандлёвых эмбарга, абмежаванняў для мігрантаў, эскалацыі зацяжных канфліктаў унутры дзяржаваў-»перадавікоў» еўраінтэграцыі.

Дакумент таксама прапануе наймаць піяр-экспертаў, каб адазваць на праграмы дэзінфармацыі з боку Расіі.

Гаворка ідзе і пра павелічэнне праграм дапамогі тым краінам, якія будуць актыўна збліжацца з ЕС.

Іншы дакумент быў падрыхтаваны Польшчай. У ім ідзе гаворка пра размеркаванне фінансаў ЕС, прызначаных для краін Усходняга Партнёрства.

У ім таксама гаворыцца пра павелічэнне фінансавання. Грошы для Грузіі і Малдовы плануецца прыярытэтна накіроўваць на развіццё сельскай гаспадаркі і вёскі.

У «рэпрэсіўных дзяржавах», у сваю чаргу, дапамога павінна быць скіравана на грамадзянскую супольнасць, студэнцтва і меншасці.

Ні адзін, ні другі дакумент, аднак, не ўзгадваюць аб перспектыве паўнапраўнага сяброўства краін Усходняга Партнёрства ў Еўрасаюзе.

Санкцый супраць кіраўніцтва Украіны ў парадку дня паседжання ў Брусэлі таксама няма.

Што да Беларусі, то шведскі дакумент прадугледжвае, каб, шляхам «нефармальных кантактаў» з Мінскам, «выкарыстоўваючы» факт правядзення Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, падштурхоўваць беларускія ўлады да «пазітыўных крокаў адносна палітвязняў».

Лакмусавай паперкай магчымасцяў Еўропы адносна краін Усходняга Партнёрства стануць, безумоўна, дзеянні ЕС ва Украіне.

Пасіўнасць Еўрасаюза дазволіла Расіі сарваць падпісанне Дамовы пра асацыяцыю з Украінай. Над Дняпром зацягнуўся эканамічны і палітычны крызіс. Да актыўных дзеянняў Еўропу заклікае і ЗША. Памочніца дзяржсакратара ЗША нават моцнымі словамі адгукнулася пра млявасць еўрапейцаў.

Еўрасаюз патрабуе ад Януковіча палітычных саступак узамен за фінансавую дапамогу. Аднак застаецца пытаннем, колькі грошай Еўрасаюз мае.

Брусэльская газета EUobserver піша са спасылкай на свае крыніцы, што ўкраінская апазіцыя просіць нават $35 мільярдаў, якія адміністраваў бы Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, па мадэлі еўратроек, што кантралююць фінансавае аздараўленне Грэцыі і Партугаліі.

Але, піша газета, адзін з украінскіх дыпламатаў назваў лічбу «нерэалістычнай».

На сустрэчы Януковіча з Эштан у Кіеве гаворка ішла толькі пра $15 мільярдаў ад МВФ і and €610 млн макрафінансавай дапамогі ад Еўрасаюза.

На мінулым тыдні Кэтрын Эштан заявіла Wall Street Journal, што ЕС і ЗША разам працуюць над новым «Украінскім планам», што ўзмоцніла чаканні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?