Ільвіц Гродзенскага заапарка караць за напад на жанчыну не мае сэнсу, паведаміў карэспандэнту дырэктар заапарка Алег Жданкін.

Ён падкрэсліў, што віны звяроў у сумным здарэнні няма. Гэта драпежнікі, іх паводзіны прадказальныя. На яго думку, прычынай няшчаснага выпадку, у выніку якога супрацоўніца заапарка пазбавілася рукі, стала яе самавольнае парушэнне правілаў бяспекі, безадказныя ў адносінах да свайго здароўя паводзіны. «Правілы паводзінаў у заапарку размешчаны пры ўваходзе, а таксама каля кожнага вальера, у тым ліку з драпежнікамі. Неаднаразова сказана, што пералазіць праз бар'еры і падыходзіць блізка да клетак недапушчальна і небяспечна. Леў па сваёй ініцыятыве нічога б зрабіць чалавеку не змог: адлегласць паміж прутамі клеткі - 5 см, жывёла нават не можа прасунуць вонкі сваю лапу. Таму кантакт адбыўся толькі па віне чалавека», — патлумачыў дырэктар.

Алег Жданкін падкрэсліў, што абслугоўванне, догляд і кармленне драпежнікаў у заапарку адбываецца бескантактавым спосабам. У секцыі драпежных жывёл працуюць сямёра спецыяльна навучаных супрацоўнікаў, загадчык, заатэхнік. Усе звяры рэгулярна вакцынуюцца, за станам іх здароўя пастаянна сочыць уласная ветэрынарная служба заапарка.

У Гродзенскім заапарку змешчаныя дзве львіцы: Саяна і Персея. Адной драпежніцы восем гадоў, другой тры. Прыехалі яны ў Гродна з Краснаярскага і Калінінградскага заапаркаў. Дарэчы, невядома, якая з ільвіц пакусала жанчыну. Акрамя львоў у заапарку ўтрымліваюцца тыгры, ваўкі, рысі, леапард, пума, мядзведзі, дробныя драпежнікі.

Як паведамлялася, 8 лютага ў Гродзенскім заапарку леў пакусаў супрацоўніцу заапарка, 37- гадовую працаўніцу кармакухні, якая пералезла праз агароджу секцыі «драпежныя жывёлы» і прасунула руку паміж жалезнымі прутамі вальера. Жанчына атрымала шырокую траўму правай рукі, ёй зрабілі ампутацыю на ўзроўні пляча. Па гэтым факце праводзіцца праверка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?