Дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача (ТЮГ) у Мінску Мікалай Казюлін 11 лютага пакінуў пасаду кіраўніка ТЮГа. Пра гэта паведамілі ў прыёмнай дырэктарата тэатра. 

Звальненню Казюліна папярэднічаў канфлікт з калектывам ТЮГа, які ўзнік з-за разыходжання ў поглядах на творчую дзейнасць тэатра. Дырэктара вінавацілі ў непрафесіяналізме і ідэалагізаваным падыходзе да творчасці, а ён, у сваю чаргу, лічыў, што калектыў тэатра заграз у кансерватызме, і заяўляў пра гатоўнасць сысці па ўласным жаданні. 

25 студзеня на агульным сходзе трупы калектыў абвясціў Казюліну вотум недаверу. Аналагічная сітуацыя адбылася на сходзе 6 лютага, дзе прысутнічалі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка і начальнік упраўлення культуры гарвыканкама Віталіна Рудзікава. 

У канцы мінулага тыдня, перад тым, як напісаць заяву пра звальненне, Казюлін паведаміў, што ён не сышоўся з мастацкім кіраўніком ТЮГа Уладзімірам Савіцкім «у бачанні спецыфікі развіцця тэатра». 

«Я лічу, што ён павінен быць тэатрам для дзяцей — добрым. У ТЮГу шмат гадоў пануе нядобрая энергетычная атмасфера. ТЮГ з'яўляўся праблемным тэатрам, калі знаходзіўся ў падпарадкаванні Мінкультуры, і застаўся такім, калі яго перадалі гораду. Тут не прымаюць нічога новага, таго, што ідзе ў нагу з часам, што дазваляе рабіць цікавыя праекты. На мой погляд, у тэатры зараз кожны адстойвае свае вузка карыслівыя інтарэсы. Я чалавек дзяржаўны, і мне цікава, каб бюджэтныя грошы працавалі, і гэта рэальна. Пакуль у тэатры толькі траціна артыстаў мае шчыльны графік. У наведванні тэатра задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс», — сказаў зараз ужо былы кіраўнік ТЮГа. 

Для творчага актыву тэатра інфармацыя аб тым, што Мікалай Казюлін сышоў з пасады дырэктара, стала навіной. Загадчыца літаратурна-драматычнай часткі ТЮГа Жанна Лашкевіч паведаміла, што не ведае, да каго пяройдуць абавязкі па кіраўніцтве тэатрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?