Дырэктар «Кінавідэапракату» Васіль Коктыш распавёў «Салідарнасці» падрабязнасці дэманстрацыі апошняга фільма сусветнавядомага дацкага рэжысёра ў Мінску.
У 2009 годзе Міністэрства культуры ўключыла фільм «Антыхрыст» знакамітага дацкага рэжысёра Ларса фон Трыера ў спіс карцін, забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі. У снежні 2013 адбылася сусветная прэм'ера новага фільма Трыера «Німфаманка», а напярэдадні гэты не менш скандальны фільм быў прадстаўлены на Берлінскім кінафестывалі.
— Мы ўсе фільмы Ларса фон Трыера паказвалі, акрамя «Антыхрыста». Ён быў залімітава жорсткім, таму яго ў Мінск не павезлі. «Німфаманку» мы пакажам у гэтым месяцы, — распавёў «Салідарнасці» дырэктар УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама Васіль Коктыш.
Паводле яго слоў, фільм будзе дэманстравацца ў кінатэатры «Ракета» падчас вячэрніх сеансаў:
— Самі разумееце, фільм для дарослых. Першую частку пакажам 14 лютага, другую праз тры тыдні.
Згодна з раскладам, эратычную драму пакажуць з субтытрамі. Пачатак сеансаў у 19.00 і 21.10.
Васіль Коктыш распавёў пра шуміху вакол новага фільма Трыера:
- Калі даведаўся, што пачалася хваля заяваў гледачоў, гатовых ехаць глядзець «Німфаманку» у Літву і Украіну, вырашыў, што трэба паказваць яе тут. Навошта нашым людзям марнавацца на дарогу ў Літву? Ды і ва Украіне цяпер небяспечна.
Сюжэт новага фільма аўтара «Догвіля» і «Меланхоліі» сцісла: халоднай зімовай раніцай Селігман, немалады самотны халасцяк, сутыкаецца ў завулку з Джо, збітую і напаўпрытомную. Ён, даставіўшы жанчыну дадому, распытвае яе пра мінулае і пазнае гісторыю жыцця «німфаманкі», як яна сама сябе называе.