Ад перакладчыкаў

Уладзімір Рабіновіч — чалавек, якога ў часы Брэжнева ведаў увесь несавецкі Мінск. Ён быў асноўнай крыніцай самвыдату ў нашай краіне, што было прычынай пастаянных ператрусаў у ягоным доме ў мінскім сельгаспасёлку. За распаўсюд замежнай музыкі атрымаў 2,5 гады зняволення.

Пра сябе піша: «Нарадзіўся ў ліпені 1950 года. Да 1987 года прайшоў усе асноўныя пункты савецкага жыцця: дзіцячы сад, школа, праца, турма, эміграцыя. Пражываю ў ЗША на востраве. Апавяданні пачаў пісаць зусім нечакана восенню 2013 года. Габрэй».

Такім чынам, прадстаўнік мінскай багемы, якая так хутка знікла, распалася і раз'ехалася, цяпер пакрысе ў форме невялікіх навел вяртаецца да нас.

Стась Карпаў, Валеры Руселік, Эла Дзінглі

— Слухай, — сказала жонка, — давай Валю выклічам. — Яна сама дарогу аплаціць і ўсё астатняе таксама.

— Выклікай, але глядзі, ты ж сваю сястру ведаеш.

— Ды ладна. З тых часоў так шмат гадоў мінула. Там перабудова была, усё змянілася. Людзі зусім іншыя сталі.

— Выклікай.

Праз месяц пасля гэтай размовы мы забралі Валю з аэрапорта Кенэдзі. Дадому ехалі па Belt Parkway. Злева цягнулася маркотнае бруднае бруклінскае ўзбярэжжа, а справа ішлі масівы цёмна-карычневых білдзінгаў з пажарнымі лесвіцамі вонкі.

— Дзе ж Амерыка? — спытала Валя расчаравана.

— У Манхэтэне, — сказала мая жонка.

Першыя два дні Валя сядзела ў кватэры і на вуліцу выходзіць адмаўлялася. Адно падыходзіла да акна, калі міма праязджала пажарная або хуткая дапамога.

— Валя, — сказала жонка, на трэці дзень зняволення, — у нас смятана скончылася, схадзі купі.

— Як яе купляць?

— Возьмеш слоік з-пад смятаны, зойдзеш у краму, дзе прадаюць прадукты, пакажаш слоік, скажаш «му-му» і дасі грошы, — патлумачыў я.

— А калі мяне падмануць?

— Тут па такіх дробязях не падманваюць.

Вярнулася Валя праз гадзіну, вельмі задаволеная сабой. Паставіла на стол слоік смятаны і высыпала рэшту. Не падманулі.

— Я тут з адным чорным крамнікам гандлявалася, — сказала яна.

— Што ён прадаваў?

— А чорт яго ведае, такія штукі круглыя.

— Як жа ты гандлявалася без мовы?

— Па глуханямым. Я ў яго пытаюся: «колькі?» А ён мне чатыры пальцы паказвае. А я так галавой матляю і паказваю адзін. А ён пакрыўдзіўся і махае на мяне рукамі. А я тады быццам бы плюнула на зямлю, расцерла і пайшла. А ён мне ўслед крыкнуў.

— Што ён табе крыкнуў?

— Вось, я запісала.

— Валя, гэта абраза.

— Моцная?

— Жахлівая.

— Слухай, — узмалілася яна, — напішы мне на паперцы ўсю іх лаянку — я яму ў наступны раз адкажу.

— Ды іх усяго чатыры: «ідзі нахуй», «смакчы чэлес», «дзірка ў срацы» і «дурань». Ты б лепш звычайную ангельскую села вучыць.

— Навошта яна мне? Я не збіраюся жыць у гэтай вашай Амерыцы.

Пачынаць просьбы з гэтага спеўнага жаласлівага «слу-ухай» — у іх сямейнае, генетычнае.

— Слухай, — сказала жонка, — з'ездзі з ёй у Манхэтэн. Хай паглядзіць там на крамы, хмарачосы. Ну што яна будзе тут у Брукліне сядзець: дарма прыехала ці што?

— Добра, — сказаў я Валі. — Мне трэба сёе-тое ў Манхэтэне купіць. Паедзем са мной, я пакажу табе неверагодную краму, называецца Music World.

— А што там прадаюць?

— Музыку.

Ці бачылі вы калі-небудзь Music World? Не, вы не бачылі Music World. Святыню, храм, дзе штодня здзяйсняецца пакланенне і ахвярапрынашэнне Богу Музыкі. Толькі пад джазавы аддзел адведзеная плошча невялікага беларускага саўгаса. Якая вар'яцкая ідэя: запісаць і захаваць у лічбе ўсю музыку, якую стварыла чалавецтва! І гэтыя вар'яты, што блукаюць у лабірынтах: фанаты, меламаны, хайфайшчыкі. Стойкі, шэрагі, калоны дыскаў.

Увесь бізнэс трымаюць у руках хасіды, цалкам абыякавыя да праявы гэтай чалавечай слабасці — музыкі. Але камерцыйны разлік дакладны: тавар — грошы — тавар. Тавар — грошы — грошы. Грошы — грошы — грошы. Кіруюць пейсатыя бізнесам з глыбіні офісаў. У зале іх ніколі не відаць.

Бывала, познім вечарам, пасля 12-й гадзіны, у жоўтым таксі ўжо сіл ніякіх няма. Wall street зачыніўся, і толькі Music World асвятляе ўсё на мілю вакол сваімі агнямі. Тут — апошнія пакланенні, апошнія ахвярапрынашэнні на касе. І я нясу свой дваццатнічак. Марсалесы — два браты і тата — геніяльныя чорныя малпы: труба, саксафон і фартэпіяна. Я іх толькі што чуў па 99,1 FM. Як нікчэмны п'яніца, адбіраю дваццаць даляраў у сям'і, у жонкі і дзіцяці. Сорамна.

І сёння я зноў тут. Вось ужо сэйлсман, джамайскі чорны мой прыяцель па мянушцы Максімка бяжыць насустрач: «Для вас, сэр, першае выданне на кампакце! Bill Evans, калі ён яшчэ граў са Scott LaFaro».

А Валя, дзе ж Валя? Ох, забалбатаўся я тут з вамі. Валю спыніў на ўваходзе сек'юрыці. Валя, у бэзавым вязаным берэце, у чырвоным балоневым паліто і карычневых ботах на высокіх абцасах, якія носяць толькі прасталыткі, не прайшла фэйс-кантроль.

— Навошта ты мяне сюды прывёў? — кажа Валя, і голас яе дрыжыць ад крыўды.

— Валечка, гэта самая вялікая ў свеце музычная крама!

— Каму нафіг трэба столькі музыкі!

— Маеш рацыю, сваячка, даруй дурню. Я не павінен быў цябе сюды цягнуць. Паехалі, я пакажу табе тое, што ты хочаш.

Ці ведаеце вы, што такое камунізм? Не, вы не ведаеце, што такое камунізм. Камунізм павінен быў наступіць у 1980 годзе, а ўжо на 1984 Настрадамус прадказаў канец свету. Але калі з канцом свету ўсё здавалася больш-менш ясным, то ў дачыненні да камунізму мела месца нейкая няпэўнасць. Як гэта будзе? Ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбах? Малочныя рэкі, кісялёвыя берагі? Я, напрыклад, кісель з дзяцінства не люблю. І толькі ўпершыню апынуўшыся ў Chinatown на Canal Street, я зразумеў, што такое камунізм.

Уявіце сабе: шмат кітайцаў — дзесяць тысяч, сто тысяч, мільён, мільярд, і ўсе яны бегаюць туды-сюды і гавораць па-ангельску з такім акцэнтам, што ўсялякая спроба зразумець іх такая ж безнадзейная, як прачытаць машынны код камп’ютара. І шмат-шмат лавачак, крам, крамачак. І ў кожным дастатак — 99,9 % на душу насельніцтва. Чаго? А чаго хочаце: і фотаапаратаў, і ровараў, і лядоўняў, і магнітафонаў, і тэлевізараў у тым ліку. А цэны смешныя, ну проста ўсё бясплатна.

Вось яна, светлая будучыня ўсяго чалавецтва на асобна ўзятай вуліцы. Tуды я і павёў сястру маёй жонкі Валю.

Валя — жанчына рослая, у костцы шырокая, фізічна развітая. Ёй 35 гадоў. У Мінску ў яе засталіся муж і сын дашкольнага ўзросту. Ёй ох як шмат чаго трэба. Вось, да прыкладу, абутак: чалавеку, які пражывае ў няпростым беларускім клімаце, абавязкова неабходны абутак. Спыніліся мы каля абутковай крамы. Крамы, хоць ні вітрыны, ні шыльды — нічога няма. Ёсць будка, тэнт і разнастайны абутак, падвешаны гронкамі на матузках і выкладзены на падстаўках. Толькі хацела Валя паглядзець на абутковае багацце, памарыць, як выскачылі тры кітайцы, тры гномы, і саслабелую ад складаных пачуццяў маладую жанчыну пацягнулі ў глыбіню крамы. Дзесяць хвілін спатрэбілася кітайцам, каб зразумець, што ў Валі грошай няма і купляць яна нічога не будзе. Але гэтых дзесяці хвілін хапіла Валі, каб ацаніць, выбраць і згандляваць для сваякоў, сяброў і для сябе самой на тры сотні даляраў.

Наступнай была крама электронных цацак. Тут Валя павяла сябе больш асцярожна. На прапанову ўвайсці адказала адмовай, толькі абвяла ўсё позіркам, і шчаслівая дзіцячая ўсмешка адбілася на яе твары, калі яна ў думках падзяліла захапленне свайго дзіцяці, свайго хлопчыка, якому падарыла ўсё гэта.

Але самай страшнай, самай невыноснай аказалася вітрына ювелірнай крамы.

Кітайцы — старажытная нацыя, такая ж старажытная, як габрэі, і ведаюць яны пра золата ўсё. Як здабыць золата, як яго апрацаваць, як падрабіць, а галоўнае — як яго прадаць.

На чорным аксаміце ў вітрыне ляжалі залатыя ўпрыгожанні неверагодных памераў. Адной толькі залатой жабы са смарагдавымі вочкамі было б дастаткова, каб забяспечыць патрэбу ў каштоўным метале сярэдняй беларускай сям'і. Тут хапіла б і на заручальны пярсцёнак, і на завушніцы, і на брошку, і на дзве залатыя каронкі для мужа. Але самай галоўнай аказалася залатая карона прынцэсы, якая не проста ляжала на вітрыне дзеля прыгажосці, а прадавалася за даляры. Да аднаго з зубчыкаў кароны залатой нітачкай быў прывязаны цэтлік, на якім значылася цана: 999 даляраў і 99 цэнтаў.

Валя ўявіла сябе ў чорнай сукенцы, якая адкрывае яе прыгожую шыю, плечы і рукі, з каронай на галаве — вось так яна з'явілася б у гасцях у Ленкі Кончыц, суседкі па лесвічнай пляцоўцы.

Валя падышла да вітрыны, прыціснулася ілбом да шкла і сказала:

— Усё, я тут застаюся.

— Дзе тут? — спалохаўся я.

— У вас у Амерыцы. У той жа вечар Валя вывучыла першае слова па-ангельску: job.

Працу Валя знайшла па аб'яве ў рускай газеце. Ленінградцы, матэматыкі, габрэі, прыстойныя, не сквапныя, добра зарабляюць. Дзіця малое, дашкольнае, недапешчанае, самотнае. Бацькі хочуць, каб па-руску размаўляла.

Далі Валі 700 даляраў на тыдзень на ўсім гатовым, асобны пакой у вялікай кватэры. Працоўны дзень у Валі пачынаецца, калі прачынаецца дзіця, заканчваецца — калі дзіця кладзецца спаць. Калі ўначы прачнулася і плача — да яго бяжыць Валя. Гэтыя не паварушацца. Спяць кожны ў сваёй спальні. Толькі для кахання збіраюцца разам. Нікога не саромеюцца. Крычаць. Асабліва гучна крычыць яна.

Валя хутка ўзяла кіраванне кватэрай у свае рукі. У абутку не хадзіць: я толькі што прыбрала, а вы зноў у абутку. У шафы на кухні не лазіць: хочаце есці — скажыце, я падам на стол. Аніякіх замоваў з рэстаранаў: як гэта можна есці незразумела якімі рукамі прыгатаванае? Замову з піцэрыі дэманстратыўна шпурнула ў сметніцу.

Гатуе Валя круцей за прафесійнага кухара з італьянскага рэстарана. Адных толькі відаў дранікаў — восем.

Абмеркаванне дзённага меню з гаспадарамі па раніцах. Потым і гэтую пазіцыю матэматыкі здалі: хай робіць што хоча. Абавязковы суп: чалавек павінен есці вадкае — інакш язва страўніка і рак.

Праз месяц матэматыкі заўважылі, што прыкметна патаўсцелі. Пачалася паніка.

— Чым больш добрага чалавека — тым лепш. Вунь у цябе, — сказала яна гаспадыні, — срака як у хлопчыка.

Гаспадару перад выхадам на працу ладзіць асабісты дагляд. Чаму ў цябе шкарпэткі розныя? Я ж усё па парах склала. Вопратку трэба прасаваць. Як гэта можна інтэлігентным людзям хадзіць мятымі? Ідзі сюды, гальштук папраўлю. Зноў гэты завязаў. А дзе той, што я табе на мінулым тыдні купіла? Не падабаецца?

З колеравызначэннем у Валі праблема. Імкнецца да спалучэння чырвонага з зялёным.

Валя паталагічна ахайная.

— Так, падзасралі кватэрку, — сказала яна ў першы ж дзень уступлення на пасаду.

Вымыла ўсё, вычысціла, выдраіла. Аніякіх уборачных інструментаў, апрача вядра і анучы не прызнае.

— А-ме-ры-кан-цы. Усё ім трэба на палцы. Лішні раз не хочуць нахіліцца? А як ты бруд пабачыш, калі не нахілішся?

Увесь посуд пасля пасудамыйкі перамывае рукамі.

— Аніякая дурная машына не памые як трэба.

Перагледзела ўсе каналы ТБ. Расчаравана запыталася: «А што, рускага канала няма?»

Як жа так? Для ўсіх ёсць. Для лацінасаў — свой канал, для чорных — канал, асобны канал для підараў, а рускага няма.

Патэлефанавалі ў кампанію. Замовілі мясцовы рускі канал. Валя запісала нумар канала ў сябе ў нататнічку. Увечары, калі дзіця заснула, села глядзець.

— Не, гэта не рускі канал, — сказала яна.

— Як не рускі, па-руску ж гавораць. — Па-руску гавораць, а нічога не зразумела. Нібы ў іх ва ўсіх здымныя зубныя пратэзы.

На дзіця, маленькага Бору, накінулася з усёй сілай тугі па пакінутым у Мінску сыну. Раніца пачыналася з «камлання»: сыночак мой, разумнік мой, зайчык мой, сонейка маё, харашун мой, дзетачка мая, шчасце маё, любімчык мой…

— Нішто сабе фрустрацыя, — кажа матэматык.

У нядзелю паехала на Брайтан і на свае грошы купіла касеты: «Маўглі», «Вожык у тумане», «Карлсан», «Прастаквашына».

— А чаму «Ну, пачакай» не купілі?

— «Ну, пачакай» — такое ж гаўно, як і гэта ўсё вашае амерыканскае. Бегаюць, б'юць адно аднаго па галовах. Дзіцяці трэба добрае паказваць.

Счапілася з чорнымі тынэйджарамі, якія задумалі гуляць у футбол на пляцоўцы для маленькіх дзяцей і ўдарылі Бору ў твар мячом. Бегала за імі, лаяла страшнымі праклёнамі: «Ах ты гавыдла чорная! Каб твае лупы на лоб павылазілі! Каб цябе трасца ўзяла, даўбень, прытырак чортаў!» Чорныя не вытрымалі напору страшнай цёткі ў бэзавым берэце, доўгім чырвоным паліто і ботах на высокіх абцасах — уцяклі.

Дзіцячую калыску Валя адмаўляе: дзіця павіннае хадзіць нагамі. У добрае надвор'е — пешшу ў Central Park. Калі дзіця стамлялася, саджала на спіну і бегла з ім па пятай авеню падскокам, удаючы каня. Бора рагатаў ад захаплення. Мінакі паварочваліся ўслед.

Тут, у Central Park, ранняй вясной 1992 года спаткаў яе шчаслівы лёс. У час шпацыру падышла да яе добра апранутая жанчына, назвала сябе Тамарай і па-руску, але з дзіўным акцэнтам спытала:

— Хочаце дарагую працу?

— Я ўжо працую, — сказала Валя.

— Колькі вам плацяць?

— Сямсот на тыдзень, — прастадушна адказала Валя.

— Будзеце атрымліваць дзве тысячы і бонус, — сказала жанчына.

— Што трэба рабіць?

— Глядзець дзіця, — сказала жанчына і загадкава ўсміхнулася. — Я бачу, вы з дзецьмі добра ладзіце.

Дзіцем аказаўся 92-гадовы стары, якога звалі Ісаак. Ён жыў адзін у пентхаўсе ў велізарным білдынгу побач з Columbus Circle. Неймаверная сума — дзве тысячы даляраў у тыдзень, восем тысяч у месяц — вызначыла выбар.

Калі яна паведаміла матэматыкам, што сыходзіць (як належыць, па-людску, праз два тыдні), гаспадыня заплакала, а матэматык прамаўчаў і толькі ў апошні дзень перад самым адыходам абняў яе і сказаў, што ўсе яе вельмі любяць, што, на жаль, такіх грошай, якія ёй прапанавалі ў іншым месцы, яны даць не могуць, але калі яна перадумае, то заўсёды зможа вярнуцца назад. Зачынены ў дзіцячым пакоі, біўся і рыдаў маленькі Бора.

— Прыбіраць табе не трэба. Гэта будуць рабіць іншыя людзі. Гатаваць ежу толькі з гэтых каробачак і строга па спецыяльных рэцэптах. Сам ён не есць, карміць яго трэба з лыжачкі, не спяшаючыся, асцярожна, так, каб ён не здушыўся. На вуліцу з ім выходзіць нельга. Шпацыраваць будзеш на даху. Ёсць ліфт для вазка. Калі што-небудзь здарыцца — патэлефануеш па гэтым нумары ў любы час, — інструктавала яе Тамара.

— Як я буду з ім размаўляць? — спытала Валя. — Я кепска размаўляю па-ангельску.

— Не турбуйся, — сказала Тамара, — ён не размаўляе.

— Не можа?

— Не, проста не хоча. Каб ты ведала, ён усё разумее, ведае некалькі моваў, проста не хоча гаварыць. Ён з Беларусі, з Рэчыцы. Яго бацькі з'ехалі, калі пачаліся габрэйскія пагромы ў 1905 годзе. Ён пражыў вялікае яскравае жыццё. Ваяваў. Некалькі разоў быў жанаты. У яго шмат дзяцей. Але ён жыве адзін. Гэтая кватэра — яго ўласнасць, і ўвесь білдынг — таксама яго.

У першы ж вечар на новым месцы Валя патэлефанавала дадому ў Мінск, каб расказаць пра сваё шчасце.

Слухаўку зняла мама. Валіна мама гаварыла па-беларуску, і ў размовах з мамай Валя таксама пераходзіла на беларускую, бо па-руску мама, якая і так была тугаватая на вуха, не тое каб не разумела, але папросту пачынала горш чуць.

— А, гэта ты, — сказала мама. Ну, давай палаемся!

І яны з любасцю лаяліся некалькі хвілін, пакуль не скончыўся час на тэлефоннай картцы. Гэткая ў іх была дзіўная манера зносін.

Валя паклала слухаўку і раптам пачула: «Мая мамка!» Гэта плакаў і цягнуў да яе рукі з калыскі Ісаак.

— Мая мамка, дзе ты была? Я па табе так сумаваў! Вазьмі мяне на ручкі.

Важыў Ісаак няшмат, і выканаць яго просьбу для фізічна моцнай Валі было нескладана. Яна ўзяла Ісаака на рукі, пачала закалыхваць.

— Праспявай мне песеньку, — папрасіў Ісаак.

— В лесу радзілась ёлачка…

— Я гэтага не разумею, — сказаў Ісаак.

— Люлі-люлі-люлі,
Прыляцелі куры,
Селі на варотах
У чырвоных ботах.
Сталі куры сакатаць,
Трэба курам нешта даць.
Ці ячменю жменю,
Ці жыта карыта,
Ці бобу каробу,
Ці гароху троху,
Ці ярыцы паўмяліцы,
Ці пшаніцы паўдайніцы,
А дзіцяці — цыцы.

На Валін жах, Ісаак зацмокаў губамі і пацягнуў уніз яе станік, спрабуючы вызваліць грудзі. — Так, — сказала Тамара, — яго маці памерла ў час родаў. Іх сям'я ў Рэчыцы была вельмі заможнай. Яны ўзялі карміцельку з беларускай вёскі, якая яго выхоўвала.

— Што мне цяпер рабіць? — спытала Валя.

— Не ведаю, — адказала Тамара.

У нядзелю прыйшлі сваякі: сын Ісаака, яго жонка і яшчэ нейкія двое. Яны гаварылі па-ангельску, і Валі давялося перакладаць. Ісаак бадзёра адказваў па-беларуску, і Валя павінная была перакладаць сваякам наадварот. Усе ўшчэнт замарыліся, і ў канцы жонка сына сказала абурана:

— Як гэта ён не разумее па-ангельску? Я не магу паверыць! Ён проста дурыць нас, гэты Айзік. Ён заўсёды ўсіх дурыць, і цяпер таксама!

Валя пераклала, Ісаак весела зірнуў на жонку сына і сказаў: «Смакчы струк!»

Валя згадала першыя заняткі ангельскай і пераклала: Suck my dick.

Абураныя сваякі сышлі.

Мінула два месяцы. Дзякуючы заняткам у якасці перакладчыка Валіна ангельская значна палепшылася. Яна перакладала лекарам, адвакату, сваякам.

Для Ісаака быў усталяваны строгі рэжым дня: сняданак, абед, вячэра, шпацыры на даху хмарачоса ў невялікім парку з травой, хмызамі і дрэвамі. Калі Ісаак капрызіў, не слухаўся і парушаў рэжым, Валя карала яго — пазбаўляла цыцы.

Зрэдку заходзіла Тамара. Убачыўшы, што Ісаак стаў вылазіць з вазка і шпацыраваць па кватэры на сваіх нагах Тамара сказала: «Малайчына, Валя, я ў табе не памылілася».

За два месяцы да смерці Ісаака Валя патэлефанавала мне і сказала:

— Патрэбныя казкі на беларускай мове.

— Беларускія, на беларускай мове? Дзе я табе гэткія знайду? А чаму менавіта на беларускай?

— Ён па-руску не разумее.

— Па-беларуску разумее, а па-руску не?

— Так, можаш сабе ўявіць, ён разумее па-беларуску, а па-руску не разумее. Я так замарылася з ім! Пакласці яго ўвечары спаць без казкі папросту немагчыма.

— Не ведаю, дзе ў Нью-Ёрку можна ўзяць казкі на беларускай мове. Замаўляй з Мінска. Тоўстую кнігу беларускіх народных казак адправіў з Мінска Валін муж тэрміновай дарагой поштай, і ўжо праз тыдзень, седзячы ля Ісаака, які ўжо засынаў, Валя чытала: «У адным двары было надта многа пшаніцы, а тую пшаніцу вазілі ўвесь час да нейкага месца. Адзін жа чалавек не меў каго выправіць з тою пшаніцаю. Дык ён прыбраў сваю дачку па-мужчынску і выправіў яе ў дарогу…»

— Ці шмат яшчэ казак засталося? — пытаўся Ісаак кожны вечар перад сном.

— Яшчэ шмат, — адказвала Валя.

— Не спяшайся, хай будзе адна ноч — адна казка.

У той вечар, калі Валя прачытала апошнюю казку, Ісаак памёр.

Раніцай прыйшла Тамара, пагладзіла па галаве Ісаака і сказала: «Ну вось і ўсё». Валя ўсё зразумела і заплакала.

— Не плач, — сказала Тамара. — Гэта найлепшая смерць з усіх магчымых — у сне. Ісаак упісаў цябе ў тэстамент?

— Я не прасіла, ён сам захацеў. Сказаў, што яго сваякі і так забяспечаныя людзі, а мама Валя нічога не мае.

— Дарэмна вы гэта задумалі, — сказала Тамара

— Мы ўсё рабілі правільна, з адвакатам.

— У іх у сям'і два сваіх адвакаты. Ты будзеш з імі судзіцца? Ты ў краіне нелегальна. Ты пратэрмінавала візу два гады таму. У цябе няма права на працу. Tы атрымліваеш свой заробак наяўнымі і не плаціш падаткі. Цябе могуць папросту арыштаваць і дэпартаваць.

— Хто ты? — спытала Валя.

— А ты яшчэ не здагадалася? — адказала Тамара.

— Яны ведаюць, што я нелегальна? — запыталася Валя.

— Ды ведаюць.

— Чаго яны хочуць?

— Яны хочуць, каб ты адмовілася ад тэстаменту.

— І што?

— Атрымаеш грошы.

— Колькі?

— Мільён.

— Я згодная, — сказала Валя.

— І яшчэ, пасля таго як атрымаеш грошы, ты павінная неадкладна з'ехаць.

— Ды я і сама ўжо збіралася. У мяне там сын расце без мамы і муж немаведама чым займаецца. — Усё, я гатовая, — сказала Валя.

Яна стаяла перада мной у бэзавым берэце, чырвонай балоневай куртцы і карычневых ботах на высокіх абцасах.

— Ох, Валечка! — усклікнуў я, вернуты ў мінулае настальгічнай палітрай. — Дзе ты ўсё гэта два гады захоўвала?

— Слу-ухай, — праспявала яна, — у нас яшчэ чатыры гадзіны да флайта. Давай па дарозе заедзем у Манхэтэн у Чайнатаўн.

— Hе магу адмовіць табе ў апошнім жаданні.

Гэта была пятніца, другая палова дня. У Манхэтэне стаяў нечуваны трафік. Калі мы пад'ехалі да Canal street, я запанікаваў.

— Валечка, я тут нідзе не запаркуюся. Я стану на даблпаркінг. Калі мяне згоняць мянты, я зраблю кола і вярнуся назад. Бяжы, вазьмі што табе трэба, толькі хутка. Улічы, што ты мусіш быць на рэгістрацыі не пазней чым за гадзіну да адлёту.

Два разы паліцэйскія праганялі мяне. Я зразумеў, што яны прыкмецілі маю машыну і што на трэці раз я атрымаю штраф. Я спыніўся каля дзвярэй ювелірнай крамы, за якімі паўгадзіны таму знікла Валя, і пасігналіў. Амаль адразу з крамы выскачыла Валя з каробкай у руках, звалілася на задняе сядзенне і сказала: «Ну, цяпер усё».

— Валечка, чаму так доўга?

— Не хацелі прадаваць, гады. Казалі: «Гэта выставачны экзэмпляр. Існуе ў адзіным асобніку. Не для продажу». Я іх пытаюся: «А чаму тады бірка з цаной?» А яны гавораць, што гэта, маўляў, так, «для понту». Карацей, згандляваліся на double price.

— Ды што гэта, што там у цябе?

— Вось, глядзі, — сказала яна і адкрыла скрынку.

Там, у цёмнай аксамітнай глыбіні, ляжала залатая карона кітайскай прынцэсы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0