Скарга намесніка старшыні закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянціна Стэфановіча на рашэнне Генеральнай пракуратуры аб унясенні сайта spring96.org у спіс абмежаванага доступу для інтэрнэт-карыстальнікаў будзе разгледжана ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска 18 лютага, паведамляецца на сайце праваабарончага цэнтра.

23 снежня 2013 года ў сваёй скарзе Стэфановіч заявіў, што з'яўляецца аўтарам і чытачом матэрыялаў, размешчаных на сайце, і лічыць пастанову Генпракуратуры аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсу праявай цэнзуры. Праваабаронца просіць суд прызнаць пастанову неправамернай і абавязаць праваахоўны орган выправіць дапушчаныя парушэнні.

«Усе падставы для абмежавання маіх правоў на выказванне свайго меркавання, свабодны пошук і распаўсюджанне інфармацыі, згаданыя ў адказе Генеральнай пракуратуры, не звязаны з дапушчальнымі абмежаваннямі (для паважання правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва) гэтых правоў, згаданых у адпаведных артыкулах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і палажэннях Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах», — мяркуе Стэфановіч.

Як раней паведамляў БелаПАН, пастанова пракуратуры аб унясенні сайта ў чорны спіс была прынята на падставе таго, што цэнтр «Вясна» не зарэгістраваны ў Беларусі, а таму любыя дзеянні ад яго імя супярэчаць беларускаму заканадаўству. 

«Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 года ўстаноўлена, што на сайце www.spring96.org сістэматычна размяшчалася інфармацыя аб дзейнасці праваабарончага цэнтра «Вясна» шляхам апублікавання адпаведных заяў, выступленняў ці каментарыяў па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця дзяржавы, — гаварылася ў лісце Генпракуратуры. — У сувязі з тым, што доўгі час на інтэрнэт-рэсурсе www.spring96.org размяшчалася інфармацыя, якая прапагандуе дзеянні, забароненыя заканадаўствам, Генеральнай пракуратурай у жніўні 2011 года вынесена пастанова аб уключэнні ідэнтыфікатара гэтага інтэрнэт-рэсурсу ў спіс абмежаванага доступу і накіравана ў РУП «БелДІЭ» для выканання».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?