27 лютага ў беларускі пракат выходзіць «Цяжка быць богам» – экранізацыя рамана братоў Стругацкіх, апошняя праца знакамітага расейскага рэжысёра Аляксея Германа-старэйшага.

Першы раз узяцца за экранізацыю «Цяжка быць богам» Герман хацеў у 1968 годзе, аднак падзеі ў Празе перакрэслілі саму магчымасць зняць фільм па кнізе з яскравымі прыкметамі «адлігі». У выніку пачатак працы над фільмам прыпадае на 1999 год.

Герман-старэйшы за жыццё зняў лічаную колькасць фільмаў, аднак ягоныя «Праверка на дарогах», «Мой сябар Іван Лапшын» і «Хрусталёў, машыну!» сталі класікай адразу па выхадзе. «Цяжка быць Богам» Герман называў сваёй апошняй працай.

У фільма неаднаразова змянялася назва — «Хронікі Арканарскай разні», «Разня ў Арканары» і, у выніку, арыгінальная назва аповесці Стругацкіх. Здымкі доўжыліся семь гадоў.

Сюжэт фільма распавядае пра планету, жыхары якой па сваім узроўні развіцця знаходзяцца ў глухім Сярэдневеччы. На планеце, замаскіраваўшыся пад мясцовых жыхароў, працуюць зямляне-назіральнікі.

Яны імкнуцца «карэктаваць» падзеі, скіроўваючы тубыльцаў на шлях прагрэсу, аднак не прыспешваючы яго. Але адзін з зямлянаў, дон Румата, не вытрымлівае, калі ў Арканары (адна з краін планеты) змяняецца ўлада: замест тыповага сярэднявечнага дэспата-самадура прыходзіць арганізацыя, накшталт фашысцкай. Румата спрабуе ўмяшацца, бо разумее, што гэта скіруе развіццё Арканара, ды і ўсёй планеты, у процілеглы прагрэсу і гуманізму бок.

Але рэжысёр зрабіў акцэнт не на гуманістычных каштоўнасцях, як тое было ў Стругацкіх, а на прыродзе чалавека і цёмных баках ягонай асобы.

Фільм мусіў з’явіцца яшчэ ў 2008 годзе, аднак Герман быў незадаволены агучкай стужкі. Герман-старэйшы ніколі не працаваў хутка, аднак стварэнне гэтага фільма пабіла ўсе рэкорды. Некаторыя крытыкі кажуць, што Герман, ужо цяжка хворы, увогуле не хацеў сканчаць гэты праект.

У 2013 годзе рэжысёр памёр. Дапрацоўваў стужку сын рэжысёра, Аляксей Герман-малодшы. 1 красавіка 2013 года адбыўся першы прэс-паказ стужкі, пасля фільм прэзентавалі на кінафестывалі ў Рыме.

Фільм выходзіць у пракат 27 лютага. Яго можна будзе пабачыць і ў мінскіх кінатэатрах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?