Ці звязаны расейскі класік Аляксандр Пушкін з Беларуссю?

Пры адказе на гэтае пытанне звычайна ўзгадваюць яго двухразовае падарожжа па Беларускім тракце (спярша ў Адэсу, а потым у Міхайлаўскае), а таксама пра беларускія карані яго нянькі, Арыны Радзівонаўны. Але самы вядомы факт –

існаванне асобы, якая стала прататыпам галоўнага героя ў творы «Дуброўскі». Ім з’яўляўся небагаты беларускі шляхціц па прозвішчу Астроўскі.

Павел Нашчокін, сябра Пушкіна, расказаў яму гісторыю Астроўскага, «які меў працэс з суседам за зямлю, быў выцеснены з маёнтка, застаўшыся з аднымі сялянамі, стаў рабаваць спачатку паддзячых, потым і іншых».

Рэальны Астроўскі, як і Дуброўскі, быў вымушаны настаўнічаць у суседняга памешчыка. Пазней трапіў у астрог. Але збег адтуль і не быў адшуканы.

Да гэтай гісторыі звярнуўся кампазітар Кім Брэйтбург. Ён вядомы як аўтар музыкі да тэкстаў папсовых песняў, якія спяваюць прадстаўнікі расійскай эстрады. Яго мюзікл называецца «Дубрoffскі» і напісаны яшчэ ў 2010 годзе.

Летась у спявачкі Ірыны Дарафеевай, якая з’яўляецца загадчыцай кафедры мастацтва эстрады ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, узнікла ідэя: замест таго каб займаць студэнтаў асобнымі практыкаваннямі, трэба, каб яны паўдзельнічалі ў пастаноўцы цэльнага твора.

Выбар спыніўся на «Дубрoffскім».

Рэжысёрам будзе Мікалай Андросаў, які ў 2011 годзе ставіў у Музычным тэатры «Блакітную камею», іншы мюзікл Брэйтбурга.

Прадзюсары праекта — сам кампазітар і Юрый Саваш, прадзюсар Дарафеевай.

У «Дубрoffскім» будуць занятыя каля 200 чалавек. Пераважная большасць з іх –- студэнты Універсітэта культуры і мастацтваў.

Прэм'ера запланавана на канец мая 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?