ЗША ўжо адмянілі візы некаторым украінскім чыноўнікам, якія маюць непасрэднае дачыненне да ўжывання сілы супраць мітынгоўцаў на Майдане.

Пра гэта амбасадар ЗША Джэфры Пайет заявіў журналістам пасля брыфінгу міністра замежных спраў Леаніда Кожара з прадстаўнікамі дыпмісій у Украіне.

«Мы ўжо казалі, што ўсе інструменты нашай палітыкі зараз выкладзеныя на стол, і я чакаю, што неўзабаве з Вашынгтона прагучаць новыя заявы. Мы вельмі выразна далі зразумець нашу пазіцыю ў дачыненні да гвалту ў кантэксце Майдана і, у той жа час, выказаліся за тое, што правы на мірны пратэст павінны быць абароненыя. У гэты крызісны момант ва Украіне мы спадзяемся на лідэрскую ролю прэзідэнта Януковіча. І мы спадзяемся, што ён скарыстаецца шанцам вярнуць сваю краіну на шлях да дэмакратычнай і квітнеючай будучыні», — сказаў амерыканскі пасол.

Прэзідэнт Еўрапейскага савета Герман ван Рампей таксама заяўляе пра гатоўнасць Еўрасаюза ў адказ на пагаршэнне сітуацыі ва Украіне ўвесці адрасныя санкцыі — у тым ліку візавыя абмежаванні і фінансавыя санкцыі — супраць тых, хто мае дачыненне да гвалту.

Пра гэта гаворыцца ў заяве Ромпея пра сітуацыю ва Украіне, у якой ён таксама выступае за спыненне гвалту і пачатак палітычнага дыялогу і выказвае спачуванні сем'ям загінулых падчас сутыкненняў у Кіеве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?