Праекты адпаведных дакументаў гатовыя і чакаюць падпісання. Але страхавальнікі ўжо які год не могуць знайсці кампрамісу з дзяржавай па пытаннях павелічэння памераў і змены працэдуры выплат.

Адной з перашкодаў стала і планаванае павышэнне страхавых унёскаў.

— Мы спадзяемся, што ў найбліжэйшы час парадак выплат па дамовах абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў зменіцца, — паведаміла AUTO.TUT.BY крыніца ў сферы страхавання. Паводле яе словаў, абмеркаванне памеру і працэдуры выплат паміж уладнымі структурамі і страхавальнікамі працягваецца ўжо больш за 3 гады.

Страхавальнікі выступаюць за спрашчэнне і «прывядзенне ў адпаведнасць з рэаліямі часу» працэдуры выплат.

У прыватнасці, яны хочуць перагледзець каэфіцыенты зносу пры вызначэнні памеру страхавой выплаты: «Аўтапарк краіны істотна абнавіўся за апошнія гады, нашы ж нормы адлюстроўваюць ужо неактуальныя велічыні», — а таксама змяніць саму працэдуру разліку з кліентам па страхавым выпадку: калі тлумачыць максімальна проста, то страхавальнікі прапануюць даплачваць кліенту цану рамонту аўто па факце — на падставе прадстаўленых фінансавых дакументаў легітымных СТА. Увядзенне такой нормы павіннае зняць усе спрэчкі аўтаўладальніка і страхавальніка з нагоды правільнасці і паўнаты выплаты страхавой кампенсацыі.

Напрыклад, страхавая кампанія ацаніла шкоду, атрыманую вамі ў ДТЗ, у $1000. Вы звярнуліся на СТА, што адпавядае ў вашым выпадку прынцыпам «разумнага рамонту», дзе аднаўленне аўтамабіля да дааварыйнага стану абышлося ў $1200. Уладальніку трэба падаць фінансавыя дакументы, на падставе якіх кампанія даплаціць вам $200 (плюс ПДВ 20%).

— У Беларусі існуюць тры катэгорыі станцый тэхабслугоўвання: ад А (дылерскія цэнтры) да С («бюджэтныя» СТА). Для страхавой важна, каб уладальнік рамантаваў пашкоджанае аўто, па-першае, на легітымнай, якая мае сертыфікат адпаведнасці Дзяржстандарту, станцыі, а не ў падпольным гаражы, па-другое, каб узровень абранай аўтамабілістам станцыі адпавядаў крытэрам «разумнага рамонту».

Па словах страхавальнікаў, яны нярэдка сутыкаюцца з выпадкамі, калі кіроўцы неадэкватна выбіраюць узровень і, адпаведна, цану рамонту:

«Напрыклад, нядаўна ўладальнік 20-гадовай Mazda спрабаваў даказаць страхавой кампаніі, што яна павінная яму за дзверы 8 млн рублёў — маўляў, менавіта такую цану ён заплаціў за дэталь і замену на дылерскай станцыі. Гэта трызненне, яго дзверы на любым развале каштуюць 50 даляраў, і ўсе гэта ведаюць».

Законы рынку: чым больш атрымліваем — тым больш плацім?

З улікам запланаваных зменаў выплаты па ДТЗ аўтаўладальнікам павінныя вырасці. Лагічна, калі ў гэты ж час павялічацца памеры страхавых узносаў. Але прыйсці да кампрамісу з уладамі па гэтым пытанні ў страхавальнікаў не атрымліваецца ўжо даўно.

Яшчэ летам мінулага года Камітэт дзяржкантролю (КДК) не пагаджаўся з ініцыятывай аб павышэнні тарыфаў па абавязковым страхаванні грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.

«Замест аптымізацыі ўласных выдаткаў яны [страхавыя кампаніі] спрабуюць за кошт страхавальнікаў палепшыць свае паказчыкі», — меркавалі прадстаўнікі ведамства. КДК спасылаўся на разлікі, у адпаведнасці з якімі ў распараджэнні страхавальнікаў штогод застаецца каля 40% узносаў па гэтым відзе страхавання: «Пры гэтым страхавальнікі, наракаючы на «недахоп» сродкаў, выплачваюць камісійнае ўзнагароджанне і прэміі страхавым агентам у завышаным памеры (да 12-13 % ад сумы сабраных узносаў). Ды і зарплата ў работнікаў гэтай сферы не самая маленькая, дадаў ён. Акрамя таго, неэфектыўна працуе сістэма зніжак і надбавак да страхавых узносаў за аварыйнасць, ёсць і іншыя рэзервы ў правядзенні дадзенага віду абавязковага страхавання».

Страхавальнікі, са свайго боку, кажуць аб тым, што гэтыя лічбы «вельмі адносныя» і «каб аддаць камусьці вялікія сродкі, іх трэба дзесьці ўзяць».

Да якога рашэння прыйдуць заканадаўцы, пакуль невядома.

Зразумела толькі, што сёння чарговае дадатковае «адбіранне грошай» у аўтамабілістаў — мера для ўлады звышнепапулярная.

Беларусы яшчэ не адышлі ад увядзення «транспартнага падатку» — дзяржпошліны за допуск да руху, яшчэ не адчулі на сабе фінансавыя наступствы рашэння аб спагнанні ўтылізацыйнага збору за аўтамабілі. Так што можна спадзявацца, што выдаткі страхавальнікаў на павялічаныя выплаты лягуць на іх уласныя плечы. Па Прынамсі, пакуль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?