У Беларусі ад лячэння анкалагічных захворванняў у 2013 годзе адмовілася 897 чалавек, у большасці з якіх (594) была выяўленая I-II стадыя захворвання. Пра гэта паведаміў галоўны пазаштатны анколаг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава Алег Суконка на рэспубліканскай нарадзе па выніках працы анкалагічнай службы ў 2013 годзе.

«Гэта досыць вялікая колькасць для нашай краіны», — сказаў спецыяліст. Паводле яго словаў, самая вялікая доля тых, хто адмовіўся ад лячэння ў дачыненні да захварэлых — у Гродзенскай вобласці (3,7%,ці 144 чалавекі). Па колькасці тых, хто адмовіўся ад лячэння, лідзіруе Мінская вобласць (160 чалавек).

Пацыенты, якія адмаўляюцца ад лячэння, — гэта рэзерв зніжэння смяротнасці ад анкалагічных захворванняў, сказаў Алег Суконка.

На думку спецыяліста, у пачатковай стадыі захворвання людзі адмаўляюцца ад лячэння хутчэй за ўсё таму, што ім нічога не баліць.

Разам з тым Алег Суконка ўпэўнены, што ў такой сітуацыі дактары не павінныя слухацца пацыентаў.

«Вы не маеце права без псіхолагаў выпісваць тых, хто адмаўляецца ад лячэння, — звярнуўся Алег Суконка да анколагаў, прысутных на мерапрыемстве. — З кожным неабходна праводзіць гутарку з удзелам загадчыка аддзялення, кіраўніка аддзела. Калі гэтай працай мы пачалі займацца ў Мінскай вобласці, колькасць тых, хто адмовіўся ад лячэння, знізілася ў два разы».

У Беларусі колькасць зноў выяўленых выпадкаў злаякасных новаўтварэнняў у перыяд з 2003 па 2013 г. павялічылася на 18,3% — з 35 091 да 41 530.

У мужчын часцей за ўсё выяўлялі рак прастаты (16,3%) і лёгкага (15,8%). Далей па частаце стаіць рак скуры, каларэктальны рак, рак страўніка, ныркі, поласці рота і глоткі.

У жанчын часцей за ўсё выяўлялі рак скуры (20,6%), малочнай залозы (17,4%), каларэктальны рак (10,7%), рак цела маткі, страўніка, яечнікаў, шчытападобнай залозы і шыйкі маткі.

«Па меры павелічэння працягласці жыцця насельніцтва колькасць новых выпадкаў раку будзе няўхільна ўзрастаць.

І да гэтага анкалагічная служба павінная рыхтавацца ўжо сёння, — падкрэсліў Алег Суконка. — Так, у Беларусі анкалагічныя захворванні сталі прычынай смерці 14,1% памерлых, а ў краінах ЕС, дзе працягласць жыцця большая, — 20%. У Канадзе анкалагічныя захворванні знаходзяцца на першым месцы па прычынах смерці».

Разам з тым часта хворыя на рак позна звяртаюцца да дактароў, або адмаўляюцца ад лячэння.

Дырэктар РНПЦ адзначыў, што доля зноў выяўленых выпадкаў раку ў I-II стадыі павялічылася ў 2013 годзе ў параўнанні з 2008 годам з 59,6% да 63,9%, у III стадыі — паменшылася з 20% да 19,8%, у IV стадыі — з 16,1% да 11,8%.

Смяротнасць, адпаведна, паменшылася на 7,9% з 192,7 да 178,9 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. У 2013 годзе 56,6% усіх смерцяў ад раку адбылася ад шасці лакалізацый: рака бронхаў і лёгкага, каларэктальнага раку, страўніка, малочнай, падстраўнікавай залозы, прастаты.

Сучасная медыцына навучылася эфектыўна змагацца з ракам, чаму ж людзі, якім пастаўлены такі дыягназ, адмаўляюцца ад лячэння?

Многія знаходзяцца ў палоне забабонаў і лічаць, што лячэнне раку бессэнсоўнае, адзначыў у каментары урач-анколаг адной са сталічных клінік:

«Іх не пераконваюць нашы словы аб спрыяльным прагнозе і нават статыстыка. Цяпер на ўліку ў анкалагічнай службе стаіць больш за 252 тысячы чалавек, а ў 2001 годзе было 157 118 чалавек. Гэтыя людзі жывуць! І будуць жыць, таму што пралячылі своечасова».

Многія, сказаў доктар, баяцца лячэння, асабліва хірургічнага: «Легенды ходзяць пра «хімію» і апрамяненне».

Нярэдка сустракаюцца і чыста бытавыя прычыны: жыхары глыбінкі не гатовыя надоўга пакінуць дзяцей, састарэлых бацькоў або гаспадарку і паехаць у горад на лячэнне.

«Неабходна разумець, што нежаданне лячыцца заўсёды знойдзе аргумент. Такім людзям сапраўды неабходная дапамога псіхолага, а лепш — курс псіхатэрапіі», — доктар.

Дарэчы, Алег Суконка адзначыў, што «вялікі рэзерв у анкалогіі ёсць у скарачэнні ложкавага фонду» з пераводам хіміятэрапеўтычнага і радыялагічнага лячэння на амбулаторны ўзровень. Разам з тым спецыяліст адзначыў, што «штатны расклад прывязаны да ложкавага фонду, а колькасць дактароў скарачаць нельга ні ў якім выпадку».

«Ложак не лечыць, — сказаў дырэктар РНПЦ. — Перавод на амбулаторнае лячэнне — гэта задача найбліжэйшых гадоў. Краіна не можа несці вялізныя выдаткі, калі пацыент пяць хвілін лечыцца, а астатні час проста так знаходзіцца ў клініцы. Гэта нерацыянальна».

У цяперашні час пры РНПЦ анкалогіі праектуецца гасцініца для тых пацыентаў, якіх варыянт шпіталізацыі з якіх-небудзь прычынаў не задавальняе. Такія пацыенты будуць прыязджаць у РНПЦ на амбулаторнае лячэнне і на гэты час засяляцца ў гасцініцу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?