Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, збіраецца вывучыць беларускую мову. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, які атрымаў адпаведны адказ ад беларускага праваслаўнага іерарха.

«Я напісаў яму ліст наконт мовы, культуры, — распавёў Трусаў. — Нядаўна ён адказаў мне па-беларуску, што згодны са мной і збіраецца вывучыць мову. Ён быў за мяжой, свабодна размаўляе па-нямецку, па-англійску, што яму асвоіць беларускую?

Калі ён хоча быць нашым, то ён павінен па- нашаму размаўляць. Тады яму народ даруе ўсе тыя выступы ў інтэрнэце».

Трусаў лічыць, што кіраўнік Беларускага Экзархата Рускай праваслаўнай царквы сам «разумее неабходнасць вывучыць мову і размаўляць па-беларуску».

«Думаю, яшчэ год ці два і ён пачне гаворыць па-беларуску. А калі загаворыць ён, то будзе сорамна нашым мясцовым праваслаўным святарам, якія беларусы, а не гавораць па-беларуску», — сказаў ён.

Старшыня ТБМ падкрэсліў, што цяпер «рух цікавасці да беларушчыны абудзіўся», у прыватнасці, з'явіліся курсы «Мова ці кава» і «Мова нанова», якія карыстаюцца папулярнасцю сярод беларусаў.

«Бізнэс пайшоў у гэты бок, рэклама, да мовы сталі звяртацца банкіры і багатыя людзі, — сказаў Трусаў. — Мова з рэзервацыі настаўнікаў і пісьменнікаў прыйшла да бізнесменаў, прадпрымальнікаў, дыпламатаў, кампутарнікаў. Гэта дзеці нашай незалежнасці, якія яшчэ хадзілі ў беларускамоўныя класы, калі ім было дзесяць гадоў, а цяпер ім сорак. Гэта плён беларусізацыі 1990-х гадоў, які цяпер пачынае даваць свае вынікі».

Пераход ад простай цікавасці да штодзённасці беларускай мовы - гэта палітычнае пытанне, лічыць кіраўнік ТБМ. «Як толькі мяняецца палітычная ўлада,

калі па-беларуску загавораць прэзідэнт, прэм'ер -міністр, усе міністры, то, нават не змяняючы законы, я вам гарантую, праз два гады пачне размаўляць ўсё чынавенства, а праз дзесяць — уся Беларусь.

Народ хоча гаварыць, ён гатовы, цяпер толькі трэба палітычнае рашэнне», — упэўнены Трусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?