У Ніцы адбылося лёсаванне адборачнага турніра да чэмпіяната Еўропы па футболе-2016. Зборная Беларусі трапіла ў групу С.
Нашымі супернікамі стануць нацыянальныя каманды Іспаніі, Украіны, Славакіі, Македоніі, Люксембурга.
З іспанцамі наша зборная гуляла ў мінулым адборы да чэмпіянату свету. Дома саступілі з лікам 0:4. Як трапна тады заўважыў Аляксандр Глеб: «Выйшлі абас…ся». А вось у гасцях, у сонечнай Пальме, далі бой Іспаніі - 1:2.
З украінцамі беларусы гулялі аж сем разоў. Самы драматычны матч між нашымі камандамі быў згуляны ў 2001 годзе. Нашы і ўкраінцы прэтэндавалі на другое месца ў групе. Але ў Мінску беларусы перагарэлі і саступілі з лікам 2:0. Абодва мячы забіў Шаўчэнка. Тады Малафееў яшчэ абвінаваціў нашых лідараў Бялькевіча і Хацкевіча ў здачы гульні.
З славакамі Беларусь перасякалася толькі аднойчы. У далёкім ужо 1996-м у таварыскай гульні ў Нітры нашы былі жорстка бітыя з лікам 4:0. Добрая нагода паквітацца за тую паразу.
З македонцамі дагэтуль ніколі гуляць не даводзілася.
Што тычыцца Люксембурга, то з гэтай камандай звязаная адна з найбольш ганебных старонак у гісторыі беларускага футбола. 13 кастрычніка 2007 беларусы ў Гомелі саступілі прадстаўнікам Вялікага герцагства з лікам 0:1. Агулам гэта ўжо чацвёрты раз, калі ў групу да Беларусі трапляе Люксембург. Баланс гульняў: тры нашых перамогі, дзве нічыіх, адна параза.Розніца галоў 6-2.
***
Група А: Галандыя, Чэхія, Турцыя, Латвія, Ісландыя, Казахстан
Група B: Боснія, Бельгія, Ізраіль, Уэльс, Кіпр, Андора
Група D: Германія, Ірландыя, Польшча, Шатландыя, Грузія, Гібралтар
Група Е: Англія, Швейцарыя, Славенія, Эстонія, Літва, Сан-Марына
Група F: Грэцыя, Венгрыя, Румынія, Фінляндыя, Паўночная Ірландыя, Фарэрскія астравы
Група G: Расія, Швецыя, Аўстрыя, Чарнагорыя, Малдова, Ліхтэнштэйн
Група Н: Італія, Харватыя, Нарвегія, Балгарыя, Азербайджан, Мальта
Група І: Партугалія, Данія, Сербія, Арменія, Албанія.