Аляксандр Лукашэнка «даручыў адрэдагаваць правілы прыёму ў ВНУ так, каб даць больш магчымасцяў для паступлення здольным дзецям з глыбінкі, якія падчас вучобы могуць паказаць добрыя вынікі нават у параўнанні са студэнтамі са сталіцы».

Як паведамляе прэс-служба, аб гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў 23 лютага падчас сустрэчы з жыхарамі Мінска пасля ўскладання кветак на Плошчы Перамогі. 

Разам з тым ён лічыць, што ў цэлым у Беларусі «занадта размахнуліся па вышэйшай адукацыі».

Паводле слоў Лукашэнкі, колькасць тых, хто скончыў ВНУ, значна павялічылася нават у параўнанні з савецкім перыядам, а спецыялісты па асобных кірунках не запатрабаваныя на рынку працы. Пры гэтым у часткі выпускнікоў завышаныя чаканні адносна далейшага працаўладкавання, лічыць беларускі кіраўнік: «Дыплом атрымаў, не важна нават як, і ён лічыць, што яму заўтра Лукашэнка павінен даць вялікі стол і крэсла. Не ведаю. Гэта, напэўна, няправільны падыход». 

«Цяпер вельмі шмат гавораць аб тым, што настаўнікам быць не прэстыжна. Мне, вядома, балюча гэта чуць», — заявіў таксама Лукашэнка. 

Адносна неабходнасці амаладжэння кадраў у сферы адукацыі Лукашэнка выказаў меркаванне, што «нельга дапусціць страты вопыту, які ёсць у выкладчыкаў старэйшага пакалення».

Паводле яго слоў, гэта датычыцца і іншых кірункаў, у тым ліку дзяржаўнай службы: «Таму не трэба спяшацца. Ёсць разумныя маладыя людзі, але ім усё адно патрэбен вопыт. Так, будзем імкнуцца да таго, каб моладзь усё ж займалася канкрэтнай справай». 

Ён таксама згадаў пра нядаўнюю нараду па пытанні працы індывідуальных прадпрымальнікаў, многія з якіх у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя былі вымушаныя прыйсці ў гандаль менавіта са сферы адукацыі. «Яны пастаўляюць сюды тавар і прадаюць на гэтых рынках. Але гэта не справа кандыдата навук і прафесара. Гэта нават не справа чалавека з вышэйшай адукацыяй паехаць, як раней казалі, на Чаркізаўскі рынак у Маскву, набраць барахла без усякіх дакументаў, прывезці сюды і тут прадаць, — лічыць Лукашэнка. — Хоць гэта праца цяжкая. Але трэба прыходзіць да цывілізаванага стану. І, вядома, пакрыўдзіць іх таксама нельга. Але я ім прама сказаў: хлопцы, майдана не будзе ў Беларусі». 

Як адзначылі ў прэс-службе, гаворка пра сферу адукацыі падчас сустрэчы Лукашэнкі з мінчанамі зайшла, паколькі сярод тых, хто прыйшоў на мерапрыемства, было шмат педагогаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?