Беларускія студэнты, якія навучаюцца за межамі, аб’яднаюцца ў супольнасьць. Прэзэнтацыя праекта стварэньня такой супольнасьці адбылася ў Вільні, дзе 12 —16 кастрычніка прайшла сустрэча беларускіх студэнтаў у выгнаньні, зладжаная Цэнтрам дасьледаваньняў Усходняй Эўропы, паведамляе БелаПАН.

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел больш за 50 студэнтаў, якія навучаюцца ва ўнівэрсытэтах Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі, Украіны і Швайцарыі. Большасьць удзельнікаў прадстаўлялі студэнты Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта, закрытага беларускімі ўладамі ў 2004 годзе, які аднавіў працу ў Вільні, а таксама ўдзельнікі праграмы Кастуся Каліноўскага, адкрытай польскім урадам для працягу навучаньня беларускіх студэнтаў, адлічаных па палітычных матывах з ВНУ Беларусі.

Удзельнікі сустрэчы наведалі лекцыі, прысьвечаныя беларуска-літоўскім адносінам і пэрспэктывам разьвіцьця Беларусі. Паводле мэнэджара праектаў Цэнтра дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Марыюса Неліупсіса, сустрэча прайшла пасьпяхова.

Па выніках мерапрыемства вырашана пачаць падрыхтоўку статута супольнасьці беларускіх студэнтаў у выгнаньні, які павінен быць прыняты на наступнай сустрэчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?