Самыя танныя кватэры ў Мінску каштуюць каля $50 тысяч, а вось цана самых дарагіх дасягае нерэальных лічбаў. Леташні рэкорд — амаль мільён даляраў! Хто ж купляе кватэры за такія грошы?

Інфармацыя пра ўгоды куплі-продажу жылля трапляе ў Нацыянальнае кадастравае агенцтва. Цану і нумар дома, у якім была набытая кватэра, можа даведацца кожны ахвотны. «Наша Ніва» супаставіла гэтыя звесткі з дадзенымі пра ўласнікаў жылля.

З вокнамі на праспект

На праспекце Незалежнасці рэдка будуюцца новыя жылыя дамы. Той, што паўстаў на рагу вуліцы Натуралістаў, з відам на парк Чалюскінцаў, збудавала кампанія «Архітэкс». Элітны дом — адзіны аб’ект гэтай невядомай замежнай кампаніі.

Але менавіта ёй удаецца прадаваць самыя дарагія кватэры ў краіне.

Напрыклад, сяміпакаёвыя апартаменты плошчай 389 м2 сышлі за рэкордныя $998 985 — амаль мільён даляраў!

Яшчэ адну сяміпакаёўку ў тым самым доме прадалі за $696 тысяч (чацвёртае месца рэйтынгу). Але і па плошчы яна меншая — «толькі» 281 м2.

Абедзве кватэры набыў адзін пакупнік. Каму не шкада такіх грошай? Іх заплаціла «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС», якая пачынае будаваць Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Магчыма, кватэры будуць выдзяляцца як службовае жыллё для замежных топ-менеджараў.

Каго са знакамітых беларусаў можна сустрэць ў двары самага дарагога дома? Напрыклад, галкіпера футбольнага мінскага «Дынама» Аляксандра Гутара ці гандбаліста Сяргея Гарбака, які прамяняў зборную Беларусі на Расію. Альбо поп-спявачку Ганну Шаркунову.

Чатыры кандыдаты на кватэру

Першыя жыльцы скандальна вядомага дома Юрыя Чыжа «Ля Траецкага» атрымалі ва ўласнасць свае апартаменты яшчэ пазалетась. Але некалькі дзясяткаў кватэр — некаторыя з іх даражэйшыя за $1 мільён — усё яшчэ чакаюць сваіх гаспадароў.

З леташніх угодаў самай дарагой была купля апартаментаў плошчай 239 м2 (другое месца рэйтынгу). За яе давялося заплаціць амаль $800 тысяч.

Такіх кватэр летась было прададзена чатыры. Сярод іх новых уласнікаў — казахская кампанія, зарэгістраваная ў Лондане, грамадзянка Расіі, а таксама іранец Хабібалах Махамадзі Чахакі. Ён называўся адным з кіраўнікоў банка «Гандлёвы капітал», на які накладзеныя санкцыі ЗША. Але ўсе яны набывалі кватэры непасрэдна ў «Трайпла», за квадратны метр забудоўшчык бярэ не больш за $3000.

А вось інвестыцыйнае таварыства «Аванта Бізнэс Груп», таксама з рэгістрацыяй у Лондане, перакупляла кватэру ў іншай юрасобы. Імаверна, з нацэнкай.

Яшчэ адну дарагую кватэру ($715 тысяч за 214 м2; гэта трэцяе месца) набыла нафтавая кампанія «БелСіціОйл», зарэгістраваная на мансардзе аднаго з офісных будынкаў у Драздах. Хто яе ўласнік — невядома. Кампанія — адна з тых, што займаліся пастаўкамі растваральнікаў з расійскіх нафтапрадуктаў.

«Сталінка» для музея

Дорага каштуюць і кватэры ў старых будынках. «Сталінка» насупраць Кастрычніцкай плошчы ў доме Незалежнасці, 28 была прададзеная за $690 тысяч (пятае месца ў рэйтынгу).

Чатырохпакаёўка плошчай 213,9 м2 выведзеная з жыллёвага фонду. Яе гаспадары — сям’я Сыраквашаў з Расіі. Муж быў нафтавіком і дробным акцыянерам банка «Масква-Сіці». Пенсію вырашыў сустракаць у Беларусі. Ягоная жонка Галіна даўно выношвала ідэю стварэння інтэрактыўнага музея для дзяцей. «Задума ў тым, каб зрабіць такі музей вучэбным: настаўнікі змогуць праводзіць у ім урокі, а дзеці самастойна вывучаць складаныя тэмы па хіміі, фізіцы, біялогіі. Хочацца, каб сюды прыходзілі ўсёй сям'ёй, як гэта прынята ў іншых краінах», — казала яна ў інтэрв’ю «Советской Белоруссіі». І скардзілася: інвестар знойдзены, а Мінгарвыканкам ніяк не дапамагае з пошукам памяшкання.

Закуток для «Свету танкаў»

Не нашмат менш, $675 тысяч, атрымаў прадавец шасціпакаёўкі па адрасе Чэхава, 3 (251,6 м2). Гэта ціхі закуток паміж элітнай вуліцай Грыбаедава і праспектам Пераможцаў.

У двары дома можна сустрэць былога капітана футбольнай зборнай Беларусі Сяргея Гурэнку, хакеіста Дзмітрыя Мялешку, дачку былога прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага і нават бацьку кіраўніцы прэзідэнцкай бальніцы Ірыны Абельскай.

Менавіта тут набыў нерухомасць адзін з топ-менеджараў і акцыянераў Wargaming.net Мікалай Кацалапаў. Галоўны праект кампаніі — папулярная ва ўсім свеце камп’ютарная гульня «Свет танкаў» — прыносіць сваім стваральнікам мільёны даляраў чыстага прыбытку. Адметна, што гэта цалкам прыватны праект, які не атрымаў з дзяржаўнага бюджэту ні рубля.

Дарэчы, Кацалапаў — першы з беларусаў у рэйтынгу! — упадабаў дом даўно. Пазалетась ён купляў на Чэхава, 3 іншую кватэру, удвая меншую.

Сямёрку самых дарагіх кватэр замыкае жыллё, якое набыла грамадзянка Італіі ў доме па адрасе Няміга, 42. Трохпакаёўка плошчай усяго 80 м2 каштавала гіганцкія грошай — $641 тыс. Гэта амаль $8000 за квадратны метр!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?