Расія і Мытны саюз могуць увесці часовыя абмежаванні на пастаўкі з Украіны прадукцыі павышанай рызыкі з-за магчымага зніжэння ўзроўню кантролю яе бяспекі.

Аб гэтым паведаміў кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт па выніках сустрэчы ў Бранску з галоўным дзяржаўным ветэрынарным інспектарам Беларусі Юрыем Піваварчыкам і тэлефонных перамоў з намеснікам міністра аграрнай палітыкі Украіны Іванам Бісюком. 

«Мы з беларускім калегам вельмі заклапочаны сітуацыяй, якая складваецца ва Украіне, і не выключаем, што можам увесці абмежаванні на ўвоз прадукцыі высокай ветэрынарнай і фітасанітарнай рызыкі з гэтай краіны», — прыводзіць словы Данкверта Интерфакс. Паводле слоў расійскага чыноўніка, абмежаванні таксама могуць закрануць транзітныя перавозкі. 

Данкверт падкрэсліў, што ўмовы, у якіх працуюць украінскія эксперты, выклікаюць трывогу і сумненне ў іх дзеяздольнасці, асабліва ў сувязі з рэгістрацыяй у краіне выпадкаў афрыканскай чумы свіней. 

Паводле слоў кіраўніка Рассельгаснагляду, у ветэрынарыі і фітасанітарыі супрацоўніцтва шмат у чым будуецца на даверы службаў. «І калі ўмовы працы ўкраінскай службы найбліжэйшым часам не палепшацца і, больш за тое, будзе змена яе кіраўніцтва, то гэта будзе мець пэўныя наступствы для наладжаных на працягу апошніх гадоў дзелавых адносін, — сказаў Данкверт. — Яны не заўсёды былі бязвоблачныя, але ўкраінскія калегі стараліся працаваць так, каб гандаль паміж нашымі краінамі развіваўся». 

Як заявіў кіраўнік Рассельгаснагляду, віды прадукцыі, на пастаўкі якой могуць быць уведзены абмежаванні, вызначыць маніторынг. «Наяўнасць АЧС у краіне не выклікае аптымізму», — сказаў ён. 

Кажучы пра сустрэчу з Піваварчыкам, Данкверт паведаміў, што яны дамовіліся праводзіць сумесны маніторынг эпізаатычнага становішча на прыгранічных тэрыторыях — у Бранскай і Гомельскай абласцях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?