«Мы жывём па суседстве, таму павінны будаваць з украінскім народам прагматычныя, блізкія, сяброўскія адносіны заўсёды», — заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.

25 лютага на інфармацыйнай сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.

Адказваючы на пытанні, якія тычацца апошніх падзей ва Украіне і беларуска-ўкраінскіх адносін, Міхневіч запэўніў, што нейкіх спецыяльных дырэктыў наконт транслявання ўкраінскай тэмы ў МЗС Беларусі няма.

«Нашы заявы, якія гучалі ў апошні час, былі скіраваны на наступныя аспекты.

Першае — неўмяшанне ва ўнутраныя справы Украіны. Другое — вырашэнне пытанняў унутры Украіны тымі канстытуцыйнымі і законнымі метадамі, якія прапісаныя. Трэцяе — заклік не ціснуць звонку на ўкраінскія падзеі, хай сам украінскі народ разбярэцца. Чацвёрты аспект, які нас трывожыў і трывожыць, — бяспека нашых грамадзян.

І тут мы жорстка заяўлялі, што такіх фактаў быць не павінна, тым больш у брацкай, сяброўскай, суседскай краіне. І мы, як лекары, кіраваліся правілам «не нашкодзь», — сказаў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.

Міхневіч заклікаў удзельнікаў сустрэчы сачыць за тым, як будзе развівацца сітуацыя, і даць магчымасць людзям ва Украіне самім разабрацца, што ў іх адбываецца.

Ён таксама адзначыў, што новая ўлада ва Украіне пакуль фарміруецца.Калі завершыцца працэс фарміравання новага ўрада, абяруць прэм'ер-міністра, будзе абвешчана праграма новага ўрада, тады МЗС Беларусі выступіць з заявай і выкажа сваю пазіцыю і распачне адпаведныя крокі, паведаміў Міхневіч.

«Галоўнае — каб мы працягнулі актыўнае эканамічнае ўзаемадзеянне, — падкрэсліў ён. — У нас 7 мільярдаў даляраў быў таваразварот, цяпер ён крыху ўпаў з-за крызісу, але для нас гэта каласальны эканамічны партнёр.

У нас блізкая ментальнасць, змяшаныя сем'і, у нас няма раздзяляльных ліній, а толькі плюсы».

У адказ на прапанову прыняць «у якасці дружалюбнага кроку» на лячэнне ў Беларусь людзей, якія пацярпелі падчас сутыкненняў у Кіеве, Міхневіч адказаў: «Не бачу ніякіх аргументаў супраць гэтага падыходу, дзякуй за добрую прапанову. Пасля ўзгаднення гэтага пытання з Міністэрствам аховы здароўя не бачу ніякіх перашкод».

Новы ўрад Украіны павінна быць сфармаваны 27 лютага — такую задачу паставіў сёння перад кіраўнікамі дэпутацкіх фракцый і груп в.а. прэзідэнта краіны, старшыня Вярхоўнай рады Аляксандр Турчынаў. Мяркуецца, што ў склад Кабінета міністраў не будуць уключаныя алігархі, а таксама кіраўнікі органаў выканаўчай улады і работнікі адміністрацыі прэзідэнта, якія займалі гэтыя пасады ад пачатку 2010 года. У склад новага ўрада плануецца ўключыць актывістаў Майдану.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0