У зале адміністрацыі парка Горкага не хапіла месца ўсім жадаючым. 

У зале адміністрацыі парка Горкага не хапіла месца ўсім жадаючым. 

Паводле рашэння адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы, у парку выяўлена 28 дрэваў, якія было вырашана з 3 сакавіка ссекчы. Гэты крок абурыў неабыякавых да лёсу парку людзей і экалагічных актывістаў: пад сякеру сабраліся пусціць «стагадовыя таполі» — вялікія дрэвы, якія фарміруюць знешняе аблічча парку. Таму кіраўніцтва УП «Гарадскія паркі Зеленбуда» абвясціла грамадскае абмеркаванне.

Уладзімір Васін. 

Уладзімір Васін. 

Дырэктар «Гарадскіх паркаў Зеленбуда» Уладзімір Васін патлумачыў, што дрэвы збіраюцца знішчыць толькі дзеля бяспекі наведвальнікаў.

«Чатыры гады таму ў парку адбыўся выпадак: на дзяўчыну ўпала дрэва і зламала ёй хрыбет. Дрэва было вялікае, у яго была вялікая паруснасць. Каб прадухіліць такія інцыдэнты ў далейшым, мы вырашылі ссекчы некаторыя дрэвы. Дрэвы ссякаюцца не пад нейкую пляцоўку ці іншыя мэты, як пішуць у інтэрнэце», — паведаміў Васін.

Аднак слухачы, якіх не змясціла зала адміністрацыі, сустрэлі словы Васіна ў штыхі.

Антон Дзянісаў.

Антон Дзянісаў.

Антон Дзянісаў, гісторык і кандыдат навук адзначыў, што не разумее, чаму дрэвы «якія памятаюць Якуба Коласа і прадстаўляюць гістарычную каштоўнасць проста сваім узростам» трэба менавіта зносіць:

«Ёсць і іншыя метады. Напрыклад, санацыя. Хворыя дрэвы можна падлячыць. Калі ў адміністрацыі не хапае сродкаў, дапамагчы можа грамадскасць».

Выступ неабыякавай жыхаркі Мінска. 

Выступ неабыякавай жыхаркі Мінска. 

Аднак начальнік аддзела бягучага ўтрымання і добраўпарадкавання аб'ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзеленбуд» Алена Хасанава не пагадзілася з гісторыкам. Яна патлумачыла, што дрэвам далёка не сто гадоў.

«Гэтыя дрэвы высаджваліся перад вайной. Ім каля 70 гадоў. Але таполі — дрэвы, якія доўга не жывуць. У іх вельмі інтэнсіўны перыяд росту і яны хутка старэюць.

Старыя дрэвы паражаюцца дрэваразбуральнымі грыбамі і ўяўляюць небяспеку».

Ігар Корзун. 

Ігар Корзун. 

Найбольш бурлівыя спрэчкі пачаліся, калі слова ўзяў эколаг Ігар Корзун. Ён прадставіў справаздачу, якую грамадская арганізацыя «Зялёная сетка» замовіла Інстытуту эксперыментальнай батанікі.

Спецыялісты Інстытута правялі агляд дрэў 16 з 28 дрэў, якія былі пазначаны пад знос, і рэкамендавалі абавязкова ссекчы толькі тры дрэвы. Для астатніх дрэваў былі падрыхтаваныя рэкамендацыі па іх захаванні. Некалькі ж дрэў спецыялісты катэгарычна забаранілі спільваць, бо яны ўяўляюць надзвычайную каштоўнасць. Сярод іх і самая вялікая таполя з акружнасцю ствала ў 4 метры.

«У гэтага дрэва ёсць сухія галіны, якія ўяўляюць небяспеку і якія неабходна спілаваць як мага хутчэй, — патлумачыў Корзун. — Больш за тое, на кроне дрэва ляжаць сухія галіны, якія раней адламаліся. Яны ляжаць там ужо не першы год і могуць абрынуцца ў любы момант. Гэтыя галіны, дарэчы, паказваюць, як адміністрацыя парка клапоціцца пра дрэвы.

Да таго ж даследванне праводзілася ўзімку, што памылка. Бо гэта трэба рабіць у перыяд вегетацыі, увесну».

Удзельнікі абмеркавання падпісваюць зварот да адміністрацыі парка Горкага з просьбай не знішчаць дрэвы. 

Удзельнікі абмеркавання падпісваюць зварот да адміністрацыі парка Горкага з просьбай не знішчаць дрэвы. 

Пасля выступу Корзуна на Хасанаву і Васіна абрынулася цэлая хваля незадаволенасці.

Васін даў задні ход і паведаміў, што рашэнне сумеснай камісіі «Зелендуда» і Батанічнага сада яшчэ не ёсць падставай для зносу дрэў, а толькі для вырашэння іх далейшага лёсу. Аб'яву пра знішчэнне дрэваў 3 сакавіка Васін назваў «памылкаю супрацоўнікаў».

«Цяпер, калі ў нас з'явіліся новыя факты, мы арганізуем новую камісію з прадстаўнікамі арганізацыі і сурацоўнікамі Інстытута эксперыментальнай батанікі. А ссячом дрэвы, якія пазначаны для зносу і ў нашым дакладзе, і ў іншым дакладзе», — сказаў ён.

Аднак пасля людзі не разышліся, а разам з Хасанавай і Васіным «выйшлі ў поле» паглядзець на сапраўдны стан дрэваў.

Людзей прывялі да іваў ля веладарожкі на наберажнай Свіслачы. Хасанава даказвала, што дрэвы, якія яны бачаць, зусім не жыццяздольныя і лепш будзе іх знесці, хоць людзі настроены катэгарычна супраць біёлага і нават нецэнзурна выказваліся ў яе адрас.

Алена Хасанава паказвае трухлявае дрэва. 

Алена Хасанава паказвае трухлявае дрэва. 

У справу пайшоў нават адмысловы бур, якім узялі пробу драўніны — амаль цалкам яна была трухлявая.

Корзун дапусціў, што патрэбна знесці больш за тры дрэвы. Ён патлумачыў, што ён разам з супрацоўнікамі Інстытута эксперэментальнай батанікі не змаглі аглядзець усе дрэвы — некаторыя банальна не знайшлі, бо ў дакладзе «Зеленбуда» няма каардынатаў кожнага з 28 дрэў.

Ігар Корзун бярэ пробу драўніны. 

Ігар Корзун бярэ пробу драўніны. 

Аднак потым Корзун прапанаваў прайсці да той самай 4-метровай таполі, дрэва, якое вызначана пад знос адміністрацыяй парка, але катэгарычна забаранілі знішчаць члены камісіі ІЭБ.

Дрэва выявілася трухлявым.

Дрэва выявілася трухлявым.

Чамусьці ісці да гэтага дрэва Хасанава катэгарычна адмовілася. Па дарозе да дрэва Корзун выказаў меркаванне, што «Зеленбуду» прасцей знесці дрэвы, чым даглядаць іх:

«Знос дрэва — затратная аперацыя, на якой можна добра зарабіць. Потым можна праводзіць кампенсанцыйныя пасадкі маладых дрэўцаў — справа таксама нятанная. І гэта можна рабіць па коле. Так адбываецца на праспекце Пераможцаў, які я называю «дэндралагічным Асвенцімам». Там высеклі ўсе старыя дрэвы і пасадзілі маладыя, якія чахнуць за год-два. Затым іх замяняюць на новыя. А даглядаць дрэвы цяжка і не прыбыткова».

Хасанава дэманструе грыбы, якія разбураюць дрэва. 

Хасанава дэманструе грыбы, якія разбураюць дрэва. 

Пазней да натоўпа падышоў Васін, бо людзі патрабавалі адміністрацыі.

Ён пачаў апраўдвацца, што сухія галіны з кроны не маглі прыбраць, бо ўзімку да дрэва не мог пад'ехаць спецаўтамабіль. Корзун у адказ прапанаваў наняць прамысловых альпіністаў. Васін патлумачыў, што не можа гэта зрабіць — «Гарадскія паркі» карыстаюцца паслугамі толькі сваіх муніцыпальных супрацоўнікаў, сярод якіх альпіністаў няма.

Тады Корзун сказаў, што ёсць альпіністы, якія зробяць працу бясплатна ў выпадку, калі справа са знішчэннем дрэваў у парку будзе пад грамадскім кантролем. Васін з радасцю пагадзіўся на такую прапанову.

Алена Хасанава дэманструе яшчэ адно гнілое дрэва.

Алена Хасанава дэманструе яшчэ адно гнілое дрэва.

У канцы людзі пачалі патрабаваць абвесціць вынікі сустрэчы.

«Мы ссячэм тры дрэвы, якія падпадаюць пад знос і ў нашым дакладзе, і ў дакладзе Інстытута эксперыментальнай батанікі. Таксама будзе створана сумесная камісія, якая прааналізуе мэтазгоднасць знішчэння іншых дрэў. Аб правядзенні наступнага грамадскага абмеркавання будзе паведамлена праз СМІ і сайт арганізацыі», — сказаў Васін.

Корзун і Васін спрачаюцца аб вялізнай таполі, якую «Зеленбуд» хоча спілаваць, а Інстытут эксперыментальнай батанікі — паставіць на асаблівы кантроль як помнік прыроды. 

Корзун і Васін спрачаюцца аб вялізнай таполі, якую «Зеленбуд» хоча спілаваць, а Інстытут эксперыментальнай батанікі — паставіць на асаблівы кантроль як помнік прыроды. 

Многіх насцярожыла, што падчас абмеркавання не вёўся пратакол. Васін патлумачыў, што пратакола не будзе, але некалькі разоў паабяцаў і нават пакляўся, што акрамя трох дрэваў у парку зносіць нічога пакуль не будуць.

«Мабыць ссякуць тры, а мабыць і дзесяць. Паглядзім», — пракаментаваў пасля сустрэчы Ігар Корзун.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?