Ці здолеюць дамовіцца паміж сабой старая Вярхоўная Рада і Майдан? Ці ажыццявіць Расія абхазска-асяцінскі сцэнар у Крыме? Якія ўрокі з украінскай рэвалюцыі здабыла Беларусь? Пра гэта ў інтэрв'ю Службе інфармацыі «ЕўраБеларусі» расказаў дырэктар інстытута «Палітычная сфера» (Вільня) Андрэй Казакевіч.

«Уцёкі Януковіча дыскрэдытавалі яго ў вачах не толькі праціўнікаў, але і прыхільнікаў»

— Задачу-мінімум лютаўская рэвалюцыя ва Украіне выканала: Януковіч зрынуты і з ганьбай збег. Але кіруе краінай старая Вярхоўная Рада, за якой пільна сочыць Майдан. Ці здольныя «Вярхоўная Рада — Майдан» у такім звязку эфектыўна кіраваць краінай у пераходны перыяд — хоць бы да прэзідэнцкіх выбараў?  

— Праблема ў тым, што цяпер у краіне няма адзінага палітычнага цэнтра, які мае неабходную легітымнасць і ў той жа час волю і магчымасць праводзіць палітыку. Відавочна, што новыя ўлады толькі зацвярджаюцца ў гэтай ролі. Але так ці інакш, праблема адносін паміж афіцыйнай палітыкай і стыхійныя Майданы («грамадскія рады», «народныя веча») застаецца і нясе ў сабе значны фактар нестабільнасці. Застаецца толькі спадзявацца, што гэтыя супярэчнасці не прывядуць да далейшай дэстабілізацыі ў краіне, і бакі знойдуць рацыянальную аснову для супрацоўніцтва. Тым больш што сітуацыю трэба як мага хутчэй пераводзіць у прававое рэчышча, а таксама пазбягаць радыкальных рэвалюцыйных рашэнняў і дзеянняў.

— Януковіч збег, аднак ад прэзідэнцтва не адмовіўся. Ці існуе пагроза, што былы кіраўнік паспрабуе ўзяць рэванш? Напрыклад, асядлаўшы сепаратысцкія настроі.

— Мне здаецца, гэта практычна немагчыма. Уцёкі Януковіча дыскрэдытавалі яго не толькі ў вачах прыхільнікаў новай улады, але і абсалютнай большасці тых, хто яго падтрымліваў да рэвалюцыі.

«Абхазска-асяцінскі сцэнар у Крыме малаверагодны»

— Прайграўшы Украіну, Расія не адмовілася ад імперскіх амбіцый паглынуць хоць бы частку краіны. Падзеі ў Крыме сведчаць пра тое, што Крэмль можа паспрабаваць развязаць вайну на паўвостраве па абхазска-асяцінскім сцэнары. Ва ўсякім выпадку, такія заклікі ў Расіі ўсё гучнейшыя. Наколькі рэальнае такое развіццё падзей?

— Цяпер украінская нацыя праходзіць тэст на цэласнасць і адзінства. Адзінства нацыі аказалася больш трывалым, чым лічылі шматлікія аналітыкі.

Праціўнікі Майдану і прарасійскія сілы спрабавалі і спрабуюць правесці палітычную мабілізацыю на паўднёвым усходзе Украіны супраць новай улады. Але на дадзены момант гэтыя спробы ў цэлым цярпяць няўдачу. Усходнія рэгіёны Украіны так і не сталі разглядаць сябе па-за ўкраінскім палітычным кантэкстам. Сапраўдным анклавам «супраціву» пакуль можна лічыць толькі Севастопаль, дзе сітуацыю ў значнай ступені кантралююць прарасійскія сілы, але гэта лакальны і прадказальны сюжэт.

У самым Крыме сітуацыя неадназначная. Улічваючы мабілізацыю крымскіх татараў, адназначна зацвердзіцца тут прарасійскім сілам будзе няпроста.

Вядома ж, многае будзе залежаць ад дзеянняў Расіі. Але ў адрозненне ад Абхазіі і Асеціі, дзе канфлікт існаваў амаль два дзесяцігоддзі да вайны 2008, у Крыме нічога гэтага няма. Для абхазска-асяцінскай вайны была хоць бы нагода — «агрэсія» Грузіі, тут сур'ёзных падставаў дзейнічаць па абхазскім сцэнары няма. Падставай можа быць толькі значнае кровапраліцце, але будзем спадзявацца, што так далёка сітуацыя не зойдзе.

Больш за тое, ваеннае ўварванне без санкцыі ААН (або ўзгаднення з ЕС і ЗША) будзе значыць парушэнне статус-кво ў рэгіёне, а таксама парушэнне шматлікіх міжнародных абавязанняў з боку Расіі.

Таму я б разглядаў абхазска-асяцінскі сцэнар як малаверагодны. Усё ж такі сур'ёзных падставаў для такіх дзеянняў няма. Улічваючы пазіцыю крымскіх татараў, няма і поўнай падтрымкі прарасійскага вектару з боку насельніцтва Крыма, не кажучы ўжо пра ўсю Украіну.

— Але Крэмль заняў агрэсіўную пазіцыю падчас украінскай рэвалюцыі і наўрад ці адступіць цяпер. Як далёка гатовая пайсці Масква ў сваіх імперскіх памкненнях?

— Не думаю, што далёка. Рыторыка рыторыкай, але такія дзеянні могуць мець вельмі далёкія наступствы. Ды і большасць расійскіх афіцыйных асоб выказваецца пакуль стрымана.

Давайце разгледзім два сцэнары.

Першы — Расія падтрымлівае прарасійскія сілы, дамагаецца лакальных саступак, але не звяртаецца да выкарыстання ваеннай сілы. У такім выпадку Расія можа захаваць пэўны аўтарытэт і ўплыў у паўднёва-ўсходняй Украіне. Хоць Расія не зможа ў найбліжэйшай перспектыве ўключыць Украіну ў зону свайго замежнапалітычнага і эканамічнага кантролю, але ўплыў можа захаваць і працягнуць лабіраваць свае доўгатэрміновыя інтарэсы.

Калі Расія пачне ваенную аперацыю ў Крыме, для ўсёй астатняй Украіны яна хутчэй за ўсё стане ворагам, у тым ліку для значнай часткі насельніцтва ўсходніх абласцей. Так адбылося ў Грузіі пасля вайны 2008 года — цяпер там любая адкрыта прарасійская палітычная сіла аўтаматычна робіцца маргінальнай. Вельмі верагодна, што абсалютная большасць украінскага грамадства адназначна ўспрыме ваеннае ўмяшанне Расіі як агрэсію. А ўся Украіна з партнёра, з якім так ці інакш можна было гуляць на рэгіянальнай палітычнай арэне, ператворыцца ў адназначна антырасійскую дзяржаву, што пацягне негатыўныя наступствы для інтарэсаў Расіі ў рэгіёне. Пры гэтым негатыўная рэакцыя з боку ЗША, ЕС і Турцыі (хоць бы праз крымскіх татараў) яшчэ больш ускладніць сітуацыю.

Тут прысутнічае яшчэ адзін момант, звязаны з эканамічнымі інтарэсамі Крыму. Калі раптам пачнецца эскалацыя канфлікту, то эканоміка, якая на 60-80% залежыць ад турызму, можа апынуцца ў поўным калапсе. Як мінімум эскалацыя канфлікту асушыць турыстычныя патокі з самой Украіны, значна знізіць цікавасць турыстаў з іншых краін. А за кошт дапамогі Расіі Крым наўрад ці зможа кампенсаваць эканамічныя страты.

«Будзем спадзявацца, што Еўрасаюз усвядоміў памылковасць невыразнай палітыкі ў дачыненні да Украіны»

— Еўрасаюз крытыкуюць за пасіўную пазіцыю ў дачыненні да ўкраінскіх падзей. Вы згодны з гэтым пунктам гледжання? Ці гатовы ЕС цяпер працягнуць руку дапамогі Украіне, і не толькі фінансавую?  

— Я цалкам згодны з тым, што Еўрапейскі саюз выяўляў пасіўнасць, прынамсі, да крывавых падзей. ЕС зрабіў вельмі мала, каб матываваць асноўных удзельнікаў палітычнага супрацьстаяння на пошук кампрамісу, на захаванне дамоўленасцяў і выхад з крызісу мірным шляхам. Хоць пасля пралітай крыві Еўрасаюз стаў больш актыўным, пра што сведчаць апошнія місіі ў Кіеў. Таксама пра гэта сведчыць кансалідацыя па ўкраінскім пытанні на агульнаеўрапейскім палітычным узроўні. Урэшце, ужо прагучала інфармацыя, што ЕС разглядае магчымасць выдзялення фінансавай дапамогі Украіне ў памеры 1 мільярда еўра ў сакавіку — гэта вялікі прагрэс у параўнанні з папярэдняй палітыкай Еўрасаюза.

Складваецца ўражанне, што Еўрасаюз на палітычным узроўні ўсвядоміў памылковасць невыразнай палітыкі ў дачыненні да Украіны і цяпер будзе больш паслядоўным і актыўным.

— Чым выкліканая такая пасіўнасць?  

— Тут сыграла некалькі фактараў.

Унутраная сітуацыя ў ЕС дастаткова складаная, расце ўплыў еўраскептыкаў, складаная эканамічная сітуацыя, праблемы з вылучэннем фінансавай дапамогі існуюць нават унутры Еўрасаюза. Калі ішла гаворка аб фінансавай дапамозе Украіне, значная частка палітычных сілаў у Еўропе выступала супраць, ды і Януковіч пасля зрыву падпісання пагаднення аб асацыяцыі не выклікаў даверу. Гэтым і было выкліканае нежаданне актыўна ўмешвацца ў працэс. І наогул, напэўна, Еўрасаюз настройваўся на тое, што крызіс рассмокчацца сам сабой, палітычныя эліты Украіны так ці інакш дамовяцца самі.

З паглыбленнем палітычнага крызісу, узнікненнем рэальнай пагрозы дэстабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне стаўленне да Украіны пачало мяняцца.

Другі фактар — Расія, якая распачала на замежнапалітычнай арэне сур'ёзныя крокі па нейтралізацыі еўрапейцаў. Масква неаднаразова заяўляла аб недапушчальнасці еўрапейскага ўмяшання ва «ўнутраныя справы Украіны» і ажыццяўляла ў гэтым плане актыўныя дзеянні (у тым ліку і ў фармаце двухбаковых кантактаў).

Вынік быў непрадказальны ні для Еўропы, ні для Расіі.

«Украіна і Беларусь не зацікаўленыя ў радыкальным змяненні фармату адносінаў»

— Якія адносіны з Беларуссю будзе будаваць новая Украіна?

— Мне здаецца, што ў найбліжэйшай перспектыве істотных змяненняў у беларуска-ўкраінскіх адносінах адбыцца не павінна. Прынамсі, для таго няма палітычных і эканамічных падставаў. Мы ведаем, што беларускія ўлады ўсталёўвалі кантакты з адміністрацыяй Юшчанкі, хоць і ўзнікалі праблемы палітычнага характару. Ідэалогія тут не мае прынцыповага значэння. У Лукашэнкі былі адносіны з Януковічам, але нельга назваць іх бліскучымі і вельмі давернымі.

Сур'ёзныя змены магчымыя толькі пры ціску Расіі.

Напрыклад, магчымыя патрабаванні з боку Масквы абмежаваць афіцыйныя кантакты, зрабіць больш жорсткай мытную палітыку і г.д. Не думаю, што Украіна і Беларусь зацікаўленыя ў радыкальным змяненні фармату адносін, якія ў цэлым ўстойлівыя і важныя для абодвух бакоў.

Доўгі час галоўнай праблемай беларуска-ўкраінскіх адносін было пытанне аб мяжы. Але наўрад ці ў найбліжэйшай будучыні гэтае пытанне будзе актуальным для новых украінскіх уладаў.

— Якія ўрокі з украінскай рэвалюцыі здабыла Беларусь?

— Беларусь — розная. Галоўны ўрок — змены могуць адбыцца раптоўна, калі іх ніхто не чакае. Калі гэта адбываецца, можа стацца ўсё што заўгодна, у тым ліку і трагічныя падзеі. Каб пазбегнуць крывавага развіцця падзей, вельмі важна мець унутры грамадства аснову для кансенсусу і магчымасці пераадольваць палітычныя крызісы — я маю на ўвазе і апазіцыю, і ўладу.

— Цяпер вельмі шмат гадаюць: ці магчымы беларускі Майдан, напрыклад, у 2015 годзе?

— Па-першае, для рэвалюцыі найбольш важны фактар — нечаканасць. Калі рэвалюцыю чакаюць, тады яе верагоднасць вельмі невялікая. Беларускія ўлады робяць пэўныя высновы з украінскіх падзей і будуць імкнуцца максімальна нейтралізаваць фактары, якія прывялі да Майдану.

Па-другое, беларуская палітычная культура адрозніваецца ад украінскай.

Сваю незадаволенасць беларусы хутчэй выказваюць у эміграцыі, у сыходзе ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Ды і стан грамадства іншы. Наша апошняе даследаванне паказвае, што пратэстная актыўнасць у Беларусі ў мінулым годзе была ў 5-7 разоў ніжэйшая, чым ва Украіне да Майдану.

Улічваючы ўсе фактары, прагназаваць беларускі Майдан складана.

Прынамсі, я лічу такі сцэнар малаверагодным. Калі ў Беларусі ў найбліжэйшы час і адбудуцца сур'ёзныя палітычныя змены, то яны хутчэй стануць вынікам працэсаў унутры самой беларускай улады, а не адбудуцца пад ціскам вуліцы ці апазіцыі. Але, з іншага боку, гісторыя вучыць, што ўсё магчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?