За здаровы лад жыцьця й супраць алькагалізму бескампрамісна агітуе нядаўна створаны сайт «Цьвярозая Беларусь». Міністэрства аховы здароўя такім сайтам магло б ганарыцца.

Стваральнікі праекту імкнуцца ўсяляк адвадзіць выпівох ад зялёнага зьмея, а ў тых, хто да алькаголю прыахвоціцца яшчэ не пасьпеў, — адбіць усялякую ахвоту нават паспатаць ня тое што гарэліцы, але й піва нават.

Дзеля гэтага йдуць у ход усе сродкі й мэтады: ад унушэньня да застрашэньня. Пышнае й часам блытанае славаслоўе суседнічае зь ляканічнымі цытатамі гістарычных дзеячоў і няхітрымі здымкамі асаблівасьцяў зьнешняга выгляду дэклясаваных элемэнтаў.

Сайт аздоблены радаснымі адценьнямі памаранчавага соку і мае падкрэсьлена аскетычны выгляд.

Мы згубілі сувязь з Духам, з Богам, з Прыродай, з агульнай Гармоніяй, з праўдзівай Навукай — завіце гэта як жадаеце. А што значыць страціць такую сувязь? Гэта значыць, пазбавіцца ўнутранага Кіраўніка, пазбавіцца Сьвятла і жыць у Цемры.
«Цьвярозая Беларусь»

Прыемная неспадзяванка для навастворанага праекту — багатае напаўненьне шматлікіх рубрык з падрубрыкамі. Адно выклікае суменвы, што гэты грунтоўны матэрыял стваральнікі напісалі цалкам самі, а гіпэрспасылак на антыалькагольных старонках няма.

Адсутнасьць інтэрактыву й нават стандартнага RSS‑экспарту не дае аптымізму што да папулярнасьці й будучыні праекту. Дыхтоўнасьць і грунтоўнасьць — добрыя якасьці, але хутчэй для курсавой працы. Для сеціўнага праекту, які да таго ж сваёй тэматыкай прэтэндуе на асьветніцкую місію й масавасьць, гэтага відавочна замала, каб дайсьці да мэтавай аўдыторыі.

Сайт аформлены па‑беларуску клясычным правапісам і створаны з удзелам салігорскіх маладафронтаўцаў і Беларускага моладзевага руху Амэрыкі. У белнэце існуе й падобны сайт па‑расейску. Такім чынам, антыалькагольнай прапагандай ахопленыя ўсе моўныя катэгорыі беларускіх інтэрнаўтаў.

Зважаючы на колькасьць пералічаных ва ўступе «чорных дзірак бездухоўнасьці», можна спадзявацца на чарговыя праекты актыўных маладзёнаў у асьветніцкім жанры.

Глядзі яшчэ:
Трезвая Россия
Trzeźwa Polska
Твереза Україна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?