Анхель Вівас каля свайго дома ў Каракасе ў нядзелю. Фота Ройтерз
Суседзі Виваса ўзвялі барыкады, каб абараніць яго ад арышту. Фота Associated Press
У Венесуэле працягваюцца масавыя акцыі праціўнікаў прэзідэнта Нікаласа Мадура. У сутыкненнях паміж пратэстоўцамі і сілавікамі загінулі 14 чалавек, больш за сто пацярпелі.
За год праўлення Мадура эканамічная сітуацыя ў краіне катастрафічна пагоршылася: гадавая інфляцыя перавысіла 50%, пачаліся масавыя звальненні супрацоўнікаў збанкрутаваных прыватных прадпрыемстваў, узровень злачыннасці дасягнуў завоблачных вышынь, пачаліся перабоі з прадуктамі першай неабходнасці.
Падставай для выступаў стаў параўнальна нязначны эпізод — 2 лютага ў горадзе Сан-Крыстабаль студэнтку ледзь не згвалтавалі. Сябры ахвяры праз сацыяльныя сеткі арганізавалі дэманстрацыю супраць няздольнасці ўлады пакласці канец разгулу злачыннасці.
Паліцыя пачала жорстка разганяць і арыштоўваць маніфестантаў, дзесяць актывістаў патрапілі за краты. На наступны дзень на акцыю пратэсту ўзняўся ўжо ўвесь горад.
Яшчэ больш жорсткі разгон вывеў на вуліцы жыхароў іншых гарадоў захаду краіны, а таксама Каракаса. Антыкрымінальныя патрабаванні змяніліся палітычнымі: людзі сталі патрабаваць адстаўкі Мадура. У гарадах з'явіліся барыкады, мясцовыя жыхары сталі ствараць атрады самаабароны, у паліцэйскіх паляцелі камяні і бутэлькі з запальнай сумессю.
Тады ўлады Венесуэлы накіравалі супраць дэманстрантаў мясцовых «цітушак».
Частка з іх афіцыйна аформілі ў «народную міліцыю» — так званыя «калектывас», задача якіх — запалохаць удзельнікаў пратэстаў і адбіць у іх жаданне выходзіць на вуліцы. Тактыка іх дзеянняў прыкладна такая: разбіўшыся на пары, яны па начах раз'яжджаюць на матацыклах, страляюць ва ўсе бакі і ў людзей, кідаюць у дамы бутэлькі з запальнай сумессю, рабуюць і збіваюць мінакоў. Часам — да смерці.
Арыгінальны спосаб барацьбы з забойцамі на матацыклах прапанаваў былы генерал венесуэльскай арміі, зацяты крытык рэжыму Анхель Вівас.
Па яго парадзе дэманстранты па начах укладваюць упоперак неасветленых вуліц тонкія сталёвыя тросы або дрот. Пачуўшы набліжэнне матацыкла, яго нацягваюць на паўтараметровай вышыні.
Пасля таго, як некалькі аматараў начных паездак апынуліся ў шпіталях у цяжкім стане, суд выдаў ордэр на арышт Віваса, якога абвінавацілі ў падбухторванні да забойстваў.
Праўда арыштаваць генерала аказалася няпроста. 23 лютага, калі па яго прыйшлі, Вівас забарыкадаваўся ў сваім доме, узяў у адну руку аўтамат, у другую — пісталет, надзеў бронекамізэльку і абвясціў, што без бою не здасца. Паліцыянты на штурм не адважыліся.
Затое на месца падзей пацягнуліся тысячы прыхільнікаў Віваса, якім ён распавёў пра тое, што адбываецца, праз свой твітар. Вакол генеральскага дома выраслі барыкады, і момант быў упушчаны: Віваса, які маментальна стаў героем, так і не арыштавалі.
«Ніколі і нікога я не заклікаў да гвалту, — сказаў ён пасля таго, як урад заявіў, што яго парады сталі прычынай смерці некалькіх чалавек. — Я дапамагаў бяззбройным грамадзянскім абараніць сябе. Святар раіць малітву, лекар раіць лекі, ваенны раіць, як абараняцца».
Што тычыцца мясцовых праціўнікаў рэжыму, то яны раз'яднаныя і ніяк не могуць дамовіцца пра агульны парадак дня. Таму ў генерала Віваса з'явіўся шанец стаць лідарам апазіцыі, якога ў Венесуэле няма да гэтага часу.