Станіслаў Шушкевіч пракамэнтаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі наконт магчымага ўдзелу японскіх спэцыялістаў у пабудове АЭС на тэрыторыі Беларусі.

Найхутчэй гэта палітычная заява. Мяркую, што такім чынам Лукашэнка адгукнуўся на ініцыятыву японскага ўраду ўтварыць так званую зону росквіту, у якую, паводле плянаў японцаў павінна патрапіць і наша краіна. Праграма дзеяньняў прадугледжвае разьвіцьцё эканомікі, бізнэсу і энэргетыкі ў тым ліку ў шэрагу краінаў. Адпаведны ліст разаслала японскае МЗС.

Што да прапановы А. Лукашэнкі, то яна выклікае супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку, гэта вельмі добра, бо японскія АЭС сапраўды вельмі надзейныя, а ўдзел амэрыканскага боку можа вырашыць пытаньне сыравіны, якой Японія не мае. З другога боку, гэта вельмі дарагі праект. Калі пры пераходзе на новыя кошты на расейскія энэрганосьбіты Беларусь сутыкнулася з праблемаў пошуку дадатковых сродкаў у памеры $1,5 млрд., то у дадзеным выпадку гаворка вядзецца пра суму ў 5‑6 разоў большую. Акрамя таго, як мне вядома, амэрыканцы не будуюць новых АЭС, асноўная праца ў гэтай сфэры вядзецца вакол падвышэньня эфэктыўнасьці выкарыстаньня ўжо створаных станцыяў.

Запісаў Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0