З'яўленне расійскіх вайскоўцаў у Крыме, наданне Расіяй гарантый бяспекі Віктару Януковічу і вызнанне яго Масквой законным кіраўніком Украіны азначаюць, што сітуацыя можа перарасці ў поўнамаштабнае супрацьстаянне са зменай міждзяржаўных межаў. Эскалацыя можа зайсці далёка. Трывожным фактам стала нацыяналістычная і антыўкраінская істэрыя ў расійскіх СМІ, параўнальная з тым, што было ў Германіі ў 1937—1938-м, перад «уз'яднаннем» судэцкіх немцаў.

У той жа час Украіна, даведзеная за 2010—2014 да мяжы эканамічнага банкруцтва, мала што можа зрабіць у адказ. У Кіева проста няма грошай для фінансавання якіхсьці надзвычайных крокаў у сферы бяспекі. І гэта важная навука для Беларусі, таксама залежнай ад цэнаў на расійскія энерганосьбіты.

У інтарэсах Беларусі, як і іншай краіны з Мытнага саюза, Казахстана — каб межы ва Усходняй Еўропе засталіся нязменнымі, а Украіна захавала тэрытарыяльную цэласнасць.

У выпадку эскалацыі ў Крыме і ва Украіне Беларусі спатрэбіцца нацыянальнае адзінства і стрыманасць. Усе палітычныя спрэчкі між уладамі і апазіцыяй варта будзе адкласці ў бок. І канфлікт між афіцыйным Мінскам і Захадам таксама павінен быць спынены. Перадумовы для гэтага стварыла б вызваленне ўсіх палітвязняў і далейшае ўмацаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Як і падчас расійска-грузінскай вайны 2008-га, падзеі ў Крыме нагадваюць усім пра наш кансэнсус у пытанні незалежнасці Беларусі і пра важнасць нацыянальнага адзінства ў базавых пытаннях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?