Расейскія ўлады павінны ўстрымацца ад празмернай падтрымкі збеглага прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча, якая можа прывесці да супрацьстаяння з новымі ўладамі краіны, заявіў былы міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын.

Януковіч, адхілены ад улады рашэннем парламента Украіны пасля беспарадкаў у цэнтры Кіева, па-ранейшаму лічыць сябе законна абраным прэзідэнтам, знаходзіцца ў Расіі з дазволу ўладаў і плануе правесці прэс-канферэнцыю ў Растове-на-Доне, перадае РІА «Новоості».

«Я не супраць, каб Януковіч прыехаў сюды, але я б пазбягаў залішняй яго падтрымкі або супрацьстаяння з новымі ўладамі Украіны», — заявіў Кудрын, які пасля 11 гадоў працы на пасадзе міністра фінансаў з'яўляецца адным з самых уплывовых апазіцыйных палітыкаў у Расіі.

«Справа ўкраінскага народа — вырашаць свой лёс. Януковіч можа знаходзіцца тут, але ён сам павінен вызначаць свае адносіны з новай уладай Украіны, тут Расея не павінна ўмешвацца. І некаторыя спантанныя дзеянні Дзяржаўнай думы, якія зараз адбываюцца, мяне турбуюць, насцярожваюць», — дадаў ён.

Кудрын падкрэсліў, што значная частка ўкраінцаў хацела б асацыяваць сябе з еўрапейскімі каштоўнасцямі, і Расія павінна паважаць гэта жаданне. Кудрын паказаў, што рашэнне Януковіча раптам адмовіцца ад падпісання гандлёвага пагаднення з Еўрапейскім Саюзам было «найгрубейшай памылкай», якая і прывяла да катастрофы.

«Аўтамабіль небяспечны, не калі ён на поўным хаду, а калі ён вельмі хутка тармозіць — яго заносіць, а то і пераварочвае. Што мы і ўбачылі», — сказаў Кудрын.

Кудрын сказаў, што эканамічны крызіс ва Украіне ўжо прывёў да паслаблення расійскага рубля, а ў далейшым можа адбіцца на кошце крэдытаў для расійскіх пазычальнікаў на міжнародных рынках капіталу.

«Ёсць яшчэ момант заражэння суседняй эканомікі сваімі праблемамі. Паколькі мы выдалі крэдыт, які пакуль незразумела як далей будзе абслугоўвацца. Зараз розныя пазіцыі ў дачыненні да новай улады. У цэлым, рызыкі на расійскім рынку таксама павялічваюцца», — сказаў Кудрын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0