Піліп Орлік

335‑годдзю з дня нараджэння гетмана і аўтара першай украінскай канстытуцыі Піліпа Орліка прысвячалася свята, якое прайшло 13 кастрычніка на Вілейшчыне. Яно пачалося ў вёсцы Касута, месцы нараджэння Піліпа Орліка, з богаслужэння ў царкве святых Пятра і Паўла.

Пасля каля памятнага знака, прысвечанага грамадска‑палітычнаму дзеячу Украіны, адбыўся мітынг. На ім выступілі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Ліхавы, старшыня Вілейскага райвыканкама Яўген Сініла, старшыня Вілейскага раённага савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, старшыня грамадскай камісіі па ўвекавечанні памяці Піліпа Орліка беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра» Галіна Калюжная.

24 жніўня раённы савет дэпутатаў прыняў рашэнне назваць імем Піліпа Орліка новую вуліцу, якая знаходзіцца паміж вуліцай Валынца і вуліцай 8 Сакавіка. 13 кастрычніка на ёй адбылося адкрыццё памятнай дошкі.

Удзельнікі свята наведалі Вілейскі краязнаўчы музей, дзе была падрыхтаваная выстава з нагоды юбілею славутага ўраджэнца Вілейшчыны. Пасля ў гімназіі «Логас» прайшоў канцэрт. Госці з Мінска, фальклорны ансамбль песні і абрадаў «Ватра» мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Заповіт» і народны хор украінскай песні «Криниця» Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, выканалі песні на ўкраінскай мове.

Гімназічны ансамбль «Карусель» праспяваў песню пра Орліка на словы Віктара Кажуры. Вілейскія паэты Клаўдзія Дубовік і Віктар Кажура прачыталі свае новыя вершы, прысвечаныя гістарычнаму дзеячу.

Падчас свята пасол Украіны Ігар Ліхавы выказаў сваю ўсцешанасць, што Піліп Орлік, сын двух братніх народаў, не забыты ні на Беларусі, ні на Украіне, і падзякаваў беларусам за вялікую працу па захаванні яго імя. У планах пасольства — усталяванне гетману помніка ў Касуце, які будзе зроблены на Украіне.

Як расказаў старшыня Вілейскага савета дэпутатаў Яўген Ігнатовіч, у касуцкай капліцы вядзецца рамонт, каб адкрыць у ёй музей вёскі і музей Піліпа Орліка. 17 верасня капліцу благаславіў мітрапаліт Філарэт. Па словах Яўгена Ігнатовіча, рамонт завершыцца ў лістападзе, але адкрыццё музея адбудзецца праз год.

Вольга Рудніцкая, Рэгіянальная газета (Маладзечна)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0