Месцаахоўнік УПЦ Маскоўскага патрыярхату Ануфрый звярнуўся з лістом да кіраўніка РПЦ Кірыла з лістом, у якім заклікае не дапусціць вайны Расіі з Украінай:
Яго Свяцейшаству, Свяцейшаму Кірылу, Патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі
Ваша Свяцейшаства!
Сёння Украіна перажывае без перабольшання самы цяжкі момант у сваёй найноўшай гісторыі. Пасля трохмесячнага грамадска-палітычнага крызісу, крывавага супрацьстаяння ў самым цэнтры Кіева і гібелі дзясяткаў людзей, мы апынуліся перад яшчэ адным не менш грозным выпрабаваннем.
1 сакавіка з вуснаў афіцыйных асоб Расійскай Федэрацыі прагучалі заявы аб магчымым уводзе ва Украіну абмежаванага кантынгенту расійскіх войскаў. Калі гэта здарыцца, украінскі і расійскі народы апынуцца ўцягнутымі ў супрацьстаянне, якое будзе мець катастрафічныя наступствы для нашых краін.
Як Месцаахоўнік Кіеўскай мітрапольнай кафедры звяртаюся да Вас, Ваша Святасць, з просьбай зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць крывапраліцця на тэрыторыі Украіны. Прашу Вас узвысіць свой голас аб захаванні цэласнасці тэрыторыі Украінскай дзяржавы.
У гэты цяжкі час мы ўзносім гарачыя малітвы да Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб Ён па малітвах Прачыстай Сваёй Маці, збярог ад сутыкнення брацкія расійскія і ўкраінскія народы».
Сыноўне, Мітрапаліт Чарнавіцкі і Букавінскі, Месцаахоўнік Кіеўскай мітрапольнай кафедры.