Рэдактар і выдавец незалежнай нясьвіскай газэты «Брама» Алесь Язьвінскі атрымаў нечаканы адказ на зварот у пракуратуру.

19 верасьня ў Алеся Язьвінскага канфіскавалі частку накладу выдаванай ім газэты «Брама». Ён зьвярнуўся ў раённую пракуратуру і запатрабаваў вярнуць яму сканфіскаваныя асобнікі газэты, а таксама правесьці з супрацоўнікамі міліцыі тлумачальную працу. Вынік быў досыць нечаканы. Праз шэсьць дзён газэту вярнулі, а супрацоўнік міліцыі опэрупаўнаважаны Кісель, які праводзіў ператрус на кватэры Язьвінскага, папрасіў у рэдактара прабачэньня. Больш за тое, з пракуратуры прыйшоў адказ, што сп. Кісель атрымаў службовае спагнаньне за перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Аднак цешыўся сп. Язьвінскі ня доўга. У школу, дзе ён працуе, з праверкай наведалася цэлая дэлегацыя з намесьніцай загадчыка раённага аддзелу адукацыі на чале. Па выніках праверкі пяць настаўнікаў, і сп. Алесь у іх ліку, атрымалі вымовы. Затым у школу патэлефанавалі з абласнога аддзелу адукацыі.

«Кіраўніцтва школы папрасілі мяне павыхоўваць» — сьмяецца Алесь Язьвінскі. Апынулася, што ў абласны аддзел адукацыі з такой просьбай зьвярнулася абласное ўпраўленьне МУС. «Казалі, што я выдаю газэту, якая дыскрэдытуе ўладу» — кажа выдавец «Брамы». І дадае: «Папрасіў павыхоўваць міліцыянтаў, а ў выніку выхоўваюць мяне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?