Студэнт Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Мікіта Навіцкі напісаў і абараніў дыплом «Шляхі падвышэння прыбытку і рэнтабельнасці РУП «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»» па-беларуску.

Мікіта стаў адзіным студэнтам у группе (а мабыць, і ва ўсім універсітэце), хто адважыўся на такі крок. Хоць Новіцкі прызнаўся, што не размаўляе па-беларуску пастаянна. «Я па-беларуску маўчу: слухаю шмат беларускамоўнай музыкі, чытаю кнігі па-беларуску».

Мікіта кажа, што на шлях беларускамоўнасці яго накіраваў адзін з выкладчыкаў універсітэта:

«Настаўнік, які выкладаў у нас эканамічную тэорыю на першым курсе, рабіў гэта выключна па-беларуску. Многія студэнты не разумелі і пастаянна прасілі яго перакласці на расійскую лекцыі. А мяне гэта натхніла.

Ужо на 2-3 курсе я пачаў перакладаць канспекты на беларускую. То бок лекцыі чытаюць па-расійску, а я запісваю па-беларуску. Спачатку было цяжка, але потым я ўцягнуўся. Што тычыцца адмысловай тэрміналогіі, не скажу, што ўзнікалі вялікія складанасці. Я вывучаю эканоміку, і тэрміналогія ў ёй збольшага міжнародная. Я чуў пра гомельскага студэнта, які па-беларуску абараніў дыплом інжынера. Мяркую, яму было значна складаней у пошуках катэгарыяльнага апарату».

Да беларускамоўнага дыпломнага праекта выкладчыкі паставіліся цёпла і падтрымалі яго. «Я адзіны з усёй групы, хто атрымаў «дзесяць» за абарону дыплома. Думаю, што ў гэтым грала ролю менавіта мова, на якой я напісаў праект і абараняўся», — кажа ён.

Сам Мікіта не лічыць, што зрабіў нешта звышнатуральнае:

«Лічу, што кожны беларускі эканаміст, які заканчвае ВНУ цяпер, мусіць ведаць беларускую мову на такім узроўні. Я хачу сказаць усім беларусам, каб яны не забывалі нашу мову, каб яе прасоўвалі, карысталіся ёю. Карысталіся ўсюды: на вучобе, у сям'і, на працы.

Гадуйце дзетак па-беларуску, прызнавайцеся ў каханні па-беларуску, пішыце дыпломы па-беларуску, карыстайцеся беларускай мовай на працы! Не чакайце загадаў зверху пісаць дыплом па-беларуску. Проста бярыце і рабіце! І тады Беларусь сапраўды будзе беларускай», — кажа ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?