У Беларусі не апасаюцца байкоту чэмпіянату свету па хакеі, які ў маі 2014 года пройдзе ў Мінску. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву BNS.

Уладзімір Макей расказаў, што, зыходзячы з агульнапрынятага міжнароднага этыкету, былі накіраваны запрашэнні кіроўным асобам суседніх з Беларуссю краін, а таксама дзяржаў, якія будуць удзельнічаць у чэмпіянаце

[у ЧС удзельнічаюць ЗША, Расія, Фінляндыя, Германія, Швейцарыя, Латвія, Казахстан (будуць гуляць у групе В разам з Беларуссю); Чэхія, Швецыя, Канада, Італія, Францыя, Нарвегія, Данія, Славакія — група А — заўв. НН]. 

«Мы вельмі добра разумеем сітуацыю, якая звязана, як я сказаў, з дэманізацыяй Беларусі ў еўрапейскай грамадскай думцы і, можа быць, у амерыканскай грамадскай думцы.

Але тым не менш мы свой абавязак выканалі, а ўжо справа адпаведных кіруючых асоб - прыняць ці не прыняць удзел. Мы не разглядаем гэта як нейкі байкот з іх боку», - адзначыў міністр. Ён нагадаў, што на пэўным этапе з боку розных арганізацый была спроба арганізаваць байкот ЧС. «Але, як бачыце, чэмпіянат адбудзецца. Я лічу, што гэта абсурдна недарэчная ідэя. Спорт павінен быць па-за палітыкай. І гэты чэмпіянат задумваўся не дзеля іміджу прэзідэнта Лукашэнкі», - сказаў кіраўнік МЗС Беларусі. 

«Мы хацелі даставіць задавальненне 10 млн заўзятараў у нашай краіне і вялікай колькасці заўзятараў, у тым ліку з Літвы і Латвіі, іншых краін, якія зарэзервавалі ўжо сабе месца для наведвання гэтага чэмпіянату. Таму мы не апасаемся байкоту, мы спакойна глядзім на гэту сітуацыю, рыхтуемся да чэмпіянату. Будзе забяспечана максімальная зручнасць для гледачоў», - адзначыў Уладзімір Макей, дадаўшы, што пытанні падрыхтоўкі чэмпіянату рэгулярна абмяркоўваюцца ў аргкамітэце. 

Паводле слоў міністра, у віп-ложы «Мінск-Арэны» большасць месц ужо забраніравана. «Мы ведаем, што часам рашэнні прымаюцца і ў самы апошні час, да чэмпіянату яшчэ далёка. Таму мы спакойна глядзім на гэту сітуацыю. Ёсць ужо шэраг лідараў, якія заявілі, што прыедуць, больш таго, адбудуцца дзяржаўныя і афіцыйныя візіты, прымеркаваныя да гэтага чэмпіянату», - сказаў кіраўнік беларускага МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?