Сябры. Мы на парозе. Мы на парозе не ўключэння новага суб'екта ў склад РФ. Мы на парозе поўнага разбурэння сістэмы міжнародных дамоваў, эканамічнага хаосу і палітычнай дыктатуры.

Мы на парозе вайны з нашым найбліжэйшым, братнім народам Украіны, рэзкага пагаршэння адносін з Еўропай і Амерыкай, на парозе халоднай, а, магчыма, і гарачай вайны з імі.

Усё гэта ўжо было.

Аўстрыя. Пачатак сакавіка 1938 года. Нацысты хочуць акругліць свой рэйх за кошт іншай нямецкай дзяржавы. Народ не вельмі прагне гэтага — ніхто іх не ўшчамляе, ніхто не дыскрымінуе. Але ідэя вялікай Германіі кружыць галаву радыкалам — мясцовым нацы. Каб паставіць кропку ў спрэчцы пра лёс Аўстрыі, яе канцлер Курт Алоіс фон Шушніг аб'яўляе на 13 сакавіка плебісцыт. Але нацы і ў Берліне, і ў Вене гэта не задавальняе. А раптам народ выкажацца супраць аншлюсу. Канцлера Шушніга прымушаюць падаць у адстаўку 10 сакавіка, на яго месца прэзідэнт прызначае лідара мясцовых нацыстаў Артура Зейс-Інкварта, а германскія дывізіі ўжо ўваходзяць тым часам у аўстрыйскія гарады па запрашэнні новага канцлера, пра якое ён сам даведаўся з газет.

Аўстрыйскія войскі капітулююць. Народ або захоплена сустракае гітлераўцаў, або ў раздражненні адседжваецца па дамах, або тэрмінова бяжыць у Швейцарыю. Кардынал Аўстрыі Інітцэр вітае і дабраслаўляе аншлюс…

З 13 сакавіка пачаліся арышты. Канцлер Шушніг быў арыштаваны яшчэ напярэдадні. Плебісцыт правялі 10 красавіка. У Германіі за аб'яднанне з Аўстрыяй прагаласавалі 99,08%, у самой Аўстрыі, якая стала Остмарк Германскай імперыі, — 99,75%.

1 кастрычніка 1938 года таксама былі аб’яднаныя з адзінакроўнай з Германіяй чэшскія Судэты, 22 сакавіка 1939 г. — літоўская вобласць Клайпеды, якая ператварылася ў адзін дзень у нямецкі Мемель. Ва ўсіх гэтых землях сапраўды жылі збольшага немцы, паўсюль многія з іх сапраўды хацелі злучыцца з гітлераўскім рэйхам. Паўсюль гэтае ўз'яднанне прайшло пад фанфары і крыкі радасці звар'яцелага ў шавіністычным угары натоўпу і пры патуранні Захаду. «Мы не павінныя падманваць, а тым больш не павінныя абнадзейваць малыя слабыя дзяржавы, абяцаючы ім абарону з боку Лігі Нацый і адпаведныя крокі з нашага боку, — казаў Нэвіл Чэмберлен у Брытанскім парламенце 22 лютага 1938, — бо мы ведаем, што нічога такога нельга будзе распачаць».

І зусім іншае казаў Адольф Гітлер 23 сакавіка 1939 года з балкона на Тэатральнай плошчы толькі што далучанага Мемеля. За дзве гадзіны да таго ён тэатральна ўплыў на борце найноўшага лінкора «Германія» ў мемельскі порт. «…Немцы не збіраюцца нікому ў свеце рабіць нічога дрэннага, але трэба было спыніць пакуты, якім 20 гадоў падвяргаліся немцы з боку цэлага свету… Мемельскіх немцаў Германія аднойчы ўжо кінула на волю лёсу, калі змірылася з ганьбай і няславай. Сёння мемельскія немцы… зноў робяцца грамадзянамі магутнага Рэйху, рашуча настроенага ўзяць у свае рукі свой лёс, нават калі гэта не падабаецца палове свету».

І ўсё здавалася такім прамяністым. І слава Гітлера ззяла ў зеніце. І перад Вялікай Германіяй трымцеў свет.

Далучэнне абласцей і краін да Рэйху без адзінага стрэлу, без адзінай кроплі крыві — хіба фюрэр не геніяльны палітык?

А праз шэсць гадоў Германія была паваленая, мільёны яе сыноў забітыя, мільёны яе дачок зняважаныя, яе гарады сцёртыя з твару зямлі, яе культурныя каштоўнасці, што накапліваліся стагоддзямі, ператварыліся ў пыл. Ад Германіі былі адабраныя 2/5 тэрыторыі, а рэшта падзеленая на зоны і ўключаная ў склад дзяржаваў-пераможцаў. І ганьба, ганьба, ганьба накрыла галовы немцаў. А ўсё пачыналася так прамяніста!

Сябры! Гісторыя паўтараецца. У Крыме сапраўды жывуць рускія. Але хіба хто-небудзь уціскаў іх там, хіба там яны былі людзьмі другога гатунку, без права на мову, на праваслаўную веру?

Ад каго іх трэба абараняць салдатам расійскай арміі? Хто нападаў на іх? Увод войскаў замежнай дзяржавы на тэрыторыю іншай дзяржавы без яе дазволу — гэта агрэсія. Захоп парламента асобамі ва ўніформе без апазнавальных знакаў — гэта анархія. Прыняцце якіх-небудзь рашэнняў парламентам Крыма ў такіх абставінах — фарс. Спачатку парламент захапілі, прэм'ера змянілі на прарасійскага, а потым гэты новы прэм'ер папрасіў у Расіі дапамогі, калі памочнікі ўжо тут, ужо дзень як кантралююць паўвостраў. Як дзве кроплі вады падобна да аншлюсу 1938. І нават рэферэндум-плебісцыт праз месяц пад дружалюбнымі штыхамі. Там — 10 красавіка, тут — 30 сакавіка.

Ці пралічыла расійская ўлада ўсе рызыкі гэтай неверагоднай авантуры? Упэўнены, што не. Як і Адольф Алаізавіч у свой час не пралічыў. Пралічыў бы — не кідаўся б па бункеры ў красавіку 1945 пад рускімі бомбамі, не жэр бы ампулу з атрутай.

А калі Захад зробіць не як Чэмберлен з Дэлад’е ў 1938, а ўвядзе поўнае эмбарга на закупкі расійскіх энерганосьбітаў і замарозіць расійскія авуары ў сваіх банках? Расійская эканоміка, якая і так аганізуе, абрынецца за тры месяцы. І пачнецца смута тут, у параўнанні з якой Майдан падасца райскім садам.

А калі крымскія татары, якія катэгарычна супраць рускай улады, якія памятаюць, што гэтая ўлада зрабіла з імі ў 1944 г. і як не пускала назад да 1988, калі крымскія татары звернуцца па абарону сваіх інтарэсаў да аднавернай і адзінакроўнай Турцыі? Бо Турцыя не за тры моры, а на іншым беразе таго ж Чорнага. І Крымам валодала даўжэй, чым Расія — чатыры стагоддзі валодала. Туркі — не Чэмберлен і не Далад’е — яны ў ліпені 1974 г., абараняючы сваіх супляменнікаў, акупавалі 40% тэрыторыі Кіпра і, ігнаруючы ўсе пратэсты, да гэтага часу падтрымліваюць так званую Турэцкую рэспубліку Паўночнага Кіпра, якую ніхто не прызнае, акрамя іх. Можа быць, камусьці хочацца мець Турэцкую рэспубліку Паўднёвага Крыма?

А калі гарачыя галовы з крымскіх татараў падымуцца на барацьбу, то мусульманскія радыкалы з усяго свету з радасцю далучацца да іх, а асабліва з Паўночнага Каўказа і Паволжа. Ці не прынясем мы буру з крымскіх спустошаных курортаў у наш расійскі дом? Што нам, сваіх тэрактаў мала?

І, нарэшце, атрымаўшы Крым, разадраны ўнутранымі сваркамі, мы назаўжды страцім народ Украіны — украінцы не даруюць рускім гэтай здрады ніколі. Што, думаеце, не будзе, што гэта ўжо занадта, перамелецца — мука будзе? Не спадзявайцеся, дарагія рускія шавіністы. У канцы XIX стагоддзя сербы і харваты лічылі сябе адным народам, толькі падзеленым межамі, канфесіяй і графікай алфавіту. Яны імкнуліся да адзінства — колькі кніг было пра гэта напісана імі тады, разумных, добрых кніг. А цяпер мала знойдзецца народаў, так пакрыўджаных адзін на аднаго, як сербы і харваты. Колькі крыві пралілося паміж імі, а ўсё за нейкія кавалачкі зямлі, нейкія мястэчкі і далінкі, у якіх яны маглі б жыць разам багата і радасна. Маглі б, ды вось не здолелі. Сквапнасць да брацкай зямлі з братоў зрабіла ворагаў. А ў паўсядзённым жыцці хіба так не бывае? Ці варта страчваць братні народ назаўсёды праз прывідныя хаценні? Ды і раскол Рускай царквы тады ўжо непазбежны. Яе ўкраінская палова адколецца ад маскоўскай назаўжды.

Але яшчэ больш жахлівай паразай абернецца поспех Крамля ў далучэнні Крыма.

Калі ўсё лёгка атрымаецца, то заўтра ў Расію папросяцца населеныя рускімі вобласці Казахстана, там, глядзіш, і Паўднёвая Асеція з Абхазіяй, і паўночная Кіргізія. За Аўстрыяй рушылі ўслед Судэты, за Судэтамі — Мемель, за Мемелем — Польшча, за Польшчай — Францыя, за Францыяй — Расія. Усё пачыналася з малога…

Сябры! Нам трэба апамятацца і спыніцца. Нашы палітыкі ўцягваюць наш народ у страшную, жахлівую авантуру. Гістарычны вопыт кажа, што нічога не абыдзецца так.

Мы не павінныя весціся, як павяліся ў свой час немцы на абяцанкі Гебельса і Гітлера. Дзеля міру ў нашай краіне, дзеля яе сапраўднага адраджэння, дзеля міру і сапраўднай дружалюбнасці на прасторах Расіі гістарычнай, падзеленай цяпер на многія дзяржавы, скажам «не» гэтай вар'яцкай і, галоўнае, зусім непатрэбнай агрэсіі.

Мы страцілі столькі жыццяў у ХХ стагоддзі, што адзіна верным нашым прынцыпам павінен быць прынцып, абвешчаны вялікім Салжаніцыным — захаванне народа.

Захаванне народа, а не збіранне земляў. Землі збіраюцца толькі крывёю і слязьмі.

Ні крыві, ні слёз нам больш не трэба!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?