Фрэгат «Гетман Сагайдачны» — сціплы, невялікі флагман украінскага флоту. Калі здарыліся ўсе гэтыя падзеі, фрэгат удзельнічаў у супольнай місіі сілаў НАТА і Еўрасаюза па змаганні з піратамі каля берагоў Самалі. Расійскія СМІ дружна паведамілі, што экіпаж карабля разам з капітанам перайшоў на бок Расіі і падняў «андрэеўскі сцяг». У якасці крыніцы інфармацыі фігураваў сайт «Украінская праўда» — адзін з самых прафесійных украінскіх рэсурсаў. Аднак спасылка вяла на… фэйкавую копію сайта.

Іншыя СМІ цытавалі члена Савета Федэрацыі РФ Ігара Марозава, які сказаў, што экіпаж «Сагайдачнага» выканаў распараджэнне Януковіча — фрэгат гатовы падпарадкавацца расійскаму боку і ідзе ў порт прыпіскі Севастопаль. «Цяпер ва Украіны практычна няма флота», — рэзюмаваў Марозаў.

Мінабароны Украіны абвергла інфармацыю пра здраду «Сагайдачнага». А самі маракі адрэагавалі на расійскую прапаганду з гумарам. Яны выстраіліся ў форме літар UA на палубе. Як толькі ўзнікла пагроза вайны, «Гетман Сагайдачны» ўзяў курс на Чорнае мора і па стане на аўторак перасёк Басфор, каб узяць удзел у абароне берагоў Украіны ў выпадку агрэсіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0