Часам закахаць у сябе дзяўчыну значна лягчэй, чым разысціся з ёю без праблем. Як правільна адсекчы канат любоўнай лодкі?

Асноўная мужчынская ўвага ў стасунках з жанчынамі засяроджаная на тым, як прыцягнуць іх увагу і заваяваць прыязнасць. Гэта зразумела, гэта натуральна. Адсюль і ўсе гэтыя навамодныя штукі накшталт пікапа і іншых псіхалагічных пертурбацыяў на тэму «як спакусіць жанчыну». Але ж часта не меншыя псіхалагічныя і інтэлектуальныя выдаткі ад мужчыны патрабуюцца падчас вырашэння іншай задачкі — як правільна расстацца з дзяўчынай. І толькі на першы погляд адказ на гэтае пытанне здаецца да банальнасці простым.

Пачнем з таго, што ёсць такі тып шчаслівых людзей, якія маюць прыродны талент небалюча і ў чымсьці нават прыемна расставацца, у іх прысутнічае нейкі прыроджаны непераможны шарм.

Напэўна, кожны хаця б раз сустракаў у жыцці чалавека, на якога проста немагчыма злаваць, нават тады, калі ён прыносіць нязручнасці ці пакуты. Дык вось, у такіх людзей ніякіх праблем з расстаннем няма, таму галаву над гэтым пытаннем ламаюць астатнія, «простыя смяротныя», так бы мовіць.

Галоўны прынцып, які з’яўляецца кутнім каменем расстання, гучыць так:

нельга пакідаць у дзяўчыны надзею, што любоўныя адносіны яшчэ можна працягнуць, што пачуцці яшчэ неяк можна выратаваць, што можна рэанімаваць каханне.

Бо калі хаця б крыху такой надзеі ў дзяўчыны застаецца, расстанне абавязкова будзе доўгім і пакутлівым. Падтрыманая надзеяй жанчына здольная на многае, у тым ліку і на вар’яцкія ўчынкі, а калі справа датычыць кахання, некаторыя паняцці аб тым, што дапушчальна, а што не, у жанчын змяняюцца. Так што спосабы найбольш эфектыўна такой надзеі дзяўчыну пазбавіць — вось галоўная «тэхнічная складанасць» для мужчыны ў працэсе расстання.

Варыянт першы, вельмі распаўсюджаны і для самога мужчыны найбольш просты — элементарна спыніць зносіны з дзяўчынай,

нават не асабліва клапоцячыся пра тлумачэнні прычынаў, разарваць усе кантакты з ёй, не сустракацца, не тэлефанаваць і не адказваць на званкі, не пісаць. Але гэта найгоршы варыянт. Па-першае, гэта проста негуманна і прымушае задумацца аб тым, што некаторыя мужчыны не тое што насамрэч маюць агульнага з малпай продка — яны ў сваім развіцці недалёка ад гэтых самых прыматаў адышлі. Па-другое, нярэдка пры такім раскладзе рамантычна настроеныя дзяўчаты, выхаваныя на любоўнай паэзіі і драмах Шэкспіра, ды да таго ж нагледзеўшыся лацінаамерыканскіх мыльных опер, мяркуюць, што за такой ашаламляльнай пераменай у стаўленні да яе стаіць нейкая страшная таямніца. Ну, можа, мужчыну шантажуе невядомы вораг, ці ён сур’ёзна хворы і не хоча прыносіць ёй пакуты сваёй хваробай, або ён палічыў, што не варты яе і хоча вызваліць дарогу якому-небудзь прынцу на серабрыстым «астан-марціне» — варыянтаў можа быць колькі заўгодна. У выніку пачынаюцца настойлівыя спробы высветліць, што да чаго, таму першапачатковая мэта такога жорсткага разрыву — адным махам рассекчы гордыеў вузел і не парыцца — часам не дасягаецца.

Варыянт другі, яшчэ больш негуманны, чым першы — справакаваць саму дзяўчыну на разрыў.

Трэба прызнаць, што ён значна больш дзейсны, чым варыянт з простым абрываннем сувязяў, бо перакладае адказнасць за разрыў на іншы бок і пазбаўляе ўласныя мазгі залішняга напружання. У дадзеным выпадку ў блізкасці да прыматаў мужчыну абвінаваціць складана, бо ён дэманструе сапраўдную хітрасць, але з чалавечнасцю тут справы яшчэ горшыя. Вядома, калі ў вас моцны сон і сумленне ваша натрэніраванае да такой ступені, што падпарадкоўваецца камандам «сядзець», «ляжаць» і «маўчаць», гэтая схема вельмі нават нічога, але такія выдатныя здольнасці дастаткова рэдкія. Калі ўсё ж такі мужчына выбірае менавіта такі спосаб, у большасці выпадкаў ён стварае сітуацыю, у якой дзяўчына даведваецца аб здрадзе з яго боку, у ідэале ж яна робіцца непасрэдным сведкам гэтай здрады. Пры ўсім непрывабным маральным боку прыёму варта прызнаць, што з псіхалагічнага пункту гледжання разлік правільны — большасць жанчын здраду не даруе. Зрэшты, не перавяліся яшчэ такія жанчыны, узвышанасць пачуццяў якіх і здольнасць дараваць каханаму чалавеку практычна ўсё зводзіць да нуля дзейснасць гэтага метаду.

Варыянт трэці, для мужчын самы балючы, самы карпатлівы, самы працаёмісты, але пры гэтым самы сумленны і джэнтльменскі.

Перш за ўсё, тут не абысціся без падрыхтоўчага перыяду, на працягу якога стаўленне да дзяўчыны павінна быць самым цёплым, але пры гэтым усё больш і больш таварыскім, без любоўнага палу. Урэшце павінен прыйсці час для размовы сам-насам (пры гэтым ні ў якім разе не павінна быць ніякіх рамантычных атрыбутаў ці асацыяцый), падчас якога мяккім нягучным голасам прамаўляецца старанна прадуманы маналог на тэму «ты ведаеш, нам лепш расстацца…». Пры гэтым неабходна абавязкова ўзяць віну за спыненне стасункаў на сябе, можна нават скарыстацца штампам «справа не ў табе, справа ўва мне» (няхай нават справа менавіта ў ёй). Верагоднасць скандалу і назаўсёды сапсаваныя адносіны нават пры такой стратэгіі ўсё роўна ёсць, але яна нашмат меншая, чым у папярэдніх выпадках.

А ўвогуле вельмі хочацца спадзявацца, што ўся вышэйшая інфармацыя будзе запатрабаваная як мага радзей, а то і зусім застанецца не пры справах…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?