7 сакавіка ў Крыме адключылі ад інтэрнэту агульны крымскататарскі тэлеканал АТR.

Пра гэта паведамілі ў выпуску навінаў Zaman. Як паведамляе «Цэнтр журналісцкіх расследаванняў», яшчэ адзін рэсурс АТR сайт «15 хвілін» зазнаў DDoS -нападаў.

6 сакавіка на сайце тэлеканала АТR быў праведзены інтэрнэт - рэферэндум, падчас якога можна было выказаць сваё меркаванне аб далучэнні Крыму да РФ. Большасць выказалася супраць.

У апошнім нумары «Нашай Нівы», за 5 сакавіка, мы надрукавалі гутарку з журналістам гэтага СМІ Асланам Пашаевым, прапануем яе чытачам.

Асман Пашаеў: Моладзь стала вывучаць крымскататарскую мову

У гарачыя дні супрацьстаяння ў Крыме самай аб’ектыўнай крыніцай атрымання інфармацыі стаў тэлеканал ATR. Праз спадарожнік яго можна бачыць і ў Беларусі.

Асман Пашаеў.

Асман Пашаеў.

Крымскія татары на мітынгу ў Сімферопалі

Крымскія татары на мітынгу ў Сімферопалі

«Добры ў нас тэлеканал», — кажа журналіст гэтага СМІ Асман Пашаеў. Ён да нядаўняга часу быў уласным карэспандэнтам ATR у Стамбуле, цяпер вярнуўся на радзіму. Пашаеў — самы папулярны блогер Крыма. Ягоныя пасты атрымліваюць сотні ўпадабанняў і тысячы перадрукаў.

«Наша Ніва»: Вы напісалі, што сёння «Крым адзіны, як ніколі». Растлумачце.

Асман Пашаеў: Такія адчуванні, што міру хочуць усе. І рускія ў Севастопалі, і татары ў Бахчысараі, і ўкраінцы ў вёсках. Ніхто не хоча тут баявых дзеянняў. Таму я і кажу, што Крым з’яднаўся.

«НН»: Чаму лідар крымскататарскага Мэджліса Рафат Чубараў заклікаў татараў не ўдзельнічаць у мітынгах і акцыях пратэсту?

АП: Для таго, каб захоўваць адчуванні мірнага жыцця. Гэта самае важнае. Татары — гэта вельмі кансалідаваная грамада, калі іх заклічуць на пратэст, то яны выйдуць. Масавы мітынг можа мець самыя нечаканыя вынікі. А яны сёння непатрэбныя.

«НН»: Павялічаная прысутнасць расійскіх вайскоўцаў адчуваецца?

АП: Ніякай напружанасці на вуліцах не адчуваецца. Пакуль што мы бачылі нейкіх незразумелых людзей, якія кудысьці перамяшчаліся ля вайсковай базы ў Перавальным.

«НН»: Апошні перапіс насельніцтва быў праведзены ў 2001 годзе. Тады крымскія татары скадалі 12% насельніцтва, ці 240 тысяч чалавек. Колькасць павялічылася?

АП: Па самых розных дадзеных колькасць крымскіх татараў складае ад 350 да 500 тысяч чалавек. Значыць, павялічылася колькасць. [Найбольш крымскія татары прадстаўленыя ў Бахчысарайскім, Белагорскім, Джанкойскім, Кіраўскім, Ніжнягорскім, Сімферопальскім і Савецкім раёнах Крыма — «НН»].

«НН»: На якой мове размаўляюць крымскія татары?

АП: Большасць гаворыць па-руску. Аднак сталі актыўна вывучаць крымскататарскую мову. Гэтаму дапамагае існаванне тэлеканала ATR і радыёстанцыя Meydan. Існуе дзесяць крымскататарскіх школаў, ёсць асобныя класы.

«НН»: Чаму татары падтрымліваюць захаванне Крыма ва Украіне?

АП: Перш за ўсё таму, што людзі разумеюць, што цэласная Украіна — гэта пазітыўна. Гэта значыць, што і на ўсходзе, і на захадзе, і на поўдні краіны існуюць адны законы і адно прававое поле. Так скалалася гістарычна, што крымскія татары падтрымлівалі ўкраінскую дзяржаўнасць і да развалу СССР, і ў 1991 годзе, і цяпер.

«НН»: А турэцкая прысутнасць у Крыме адчуваецца?

АП: Канечне, тут дзейнічаюць нейкія турэцкія гуманітарныя праграмы. Ёсць вялікая дыяспара крымскіх татараў, што жыве ў Турцыі. Аднак, калі казаць пра турэцкі бізнэс, то ён больш заўважны ў Кіеве і Адэсе. Ды нават у Львове ён лепш прадстаўлены, чым у нас.

З фэйсбука Асмана Пашанава

Крым акупаваны

Не расейцамі, не сусветнай жыдамасонскай або татара-бандэраўскай змовай. Крым у руках крыміналу.

Крымскія татары неаднастайныя

Яны абралі свой Меджліс на курултаі. У выбарах курултая крымскататарскага народа ўзялі ўдзел больш за 52% крымскіх татараў, і калі вы чуеце, што «Меджліс прадаўся, дамовіўся з Аксёнавым (Пуціным)» — гэта няпраўда. З бандытам па мянушцы «Гоблін» калегіяльны орган народа, які перажыў трагедыю 1944, не дамовіцца.

Ёсць рэлігійна-палітычная плынь «Хізб-ут-Тахрыр», якая выступае за пабудову Халіфата. Іх каля 15 тысяч чалавек. Менавіта іх ужо спрабавалі зрабіць адказнымі за замах на Мустафу Джэмілева некалькі гадоў таму. «Такфірытамі» аказаліся псіхічна нездаровыя людзі, якіх прыкладна аднолькавая колькасць у любой выбарцы. Калі пачуеце аб іх зверствах, то гэта няпраўда. Тыя хізбоўцы, якіх я ведаю, жадаюць міру, а гэта лідары меркаванняў у іх асяроддзі.

Ёсць салафіты — найбольш артадаксальная плынь, якіх часам называюць «вахабітамі». Іх цэнтрам з’яўляецца Qurзa camisi (Курцоўская мячэць). Гэта ўсяго 1 км ад майго дома ў Сімферопалі. Многія з іх будавалі наш дом. Яны таксама хочуць міру.

Ёсць хабашыты з цэнтрам у Кезлеве (Еўпаторыя). Яны завязаныя з Духоўным кіраваннем мусульман Украіны ў Кіеве. Іх прадстаўнік кожную нядзелю выступаў са сцэны Майдану, і яны таксама хочуць міру.

Ну і, вядома, найбольш шматлікае Духоўнае ўпраўленне мусульман Крыма на чале з муфтыем Эмірам Алі-эфендзі хоча міру. Я слухаў іх хутбы ў цэнтральнай мячэці Кебір-Джам.

Крымскія татары — карэнны народ паўвострава — хоча міру ў Крыме для ўсіх.

***

Назва «Крым»

найхутчэй паходзіць ад цюркскага «хэрэм» (сцяна, вал, умацаванне – некаторыя даследчыкі кажуць, што і «крэмль» ад таго ж кораня). Ёсць версія, што назва паўвыспы – ад слова «кырым» – роў. Кырымам у Сярэднявеччы называлася сённяшняе паселішча Стары Крым, стаўка крымскага хана. Пазней назва пашырылася на ўсю тэрыторыю паўвострава. Ёсць і трэцяя версія: спачатку татары назвалі Крым Кырым адасы – «востраў за ровам». А пасля скарацілі для зручнасці.

Крымскія татары

цюркамоўны народ, які насяляе Крым. Калі Крым увайшоў у склад Расійскай Імперыі (канец XVIII ст), то амаль 90% насельніцтва паўвострава складалі татары. Рускіх было каля 4%. І царызм, і саветы масава засялялі Крым рускім насельніцтвам. Праз 100 гадоў і рускіх, і татараў было прыкладна па траціне. У маі 1944-га крымскіх татараў гвалтоўна дэпартавалі са сваёй радзімы, патлумачыўшы гэта іх калабарацыянізмам у гады вайны. Іх накіравалі ва Узбекістан, Марыйскую АССР, Казахстан, Кастрамскую вобласць. Толькі развал СССР дазволіў татарам вярнуцца на сваю тэрыторыю.

Крымскія татары падтрымалі ўкраінскую дзяржаву, прызналі яе сваёй. Сёння каля 15% насельніцтва Крыма складаюць крымскія татары. Паводле вынікаў апошняга перапісу, у Беларусі пражывае 12 крымскіх татараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?