Расійскія камуністы заклікаюць адмяніць канцэрт вядомага беларускага гурту «Ляпіс Трубяцкі», які павінен адбыцца 14 сакавіка ў адным з клубаў Пскова.

Аб гэтым гаворыцца на афіцыйным сайце Пскоўскага абласнога аддзялення Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі (КПРФ). 

Паводле звестак прэс-службы гэтага рэгіянальнага аддзялення КПРФ, 5 сакавіка да кіраўнікоў цэнтральнага і рэгіянальнага апаратаў Усерасійскага руху «Рускі лад» звярнуўся аднадумец, які расказаў, што беларускі панк-рок-гурт збіраецца прадставіць у Пскове свой новы альбом «Матрошка». 

«Асобнай увагі заслугоўвае загалоўная песня альбома — «Матрошка» — і відэакліп да яе, — напісаў прыхільнік КПРФ.

— Відэарад уключае відарысы Расіі (цацка матрошка, дрэва бяроза, карта краіны і г.д.), выявы гістарычных дзеячаў (У.І.Ленін, напрыклад), рускага народа і рускай праваслаўнай царквы ў самым непрывабным выглядзе, падчас разбурэння ці забіцця: сякера ў бярозцы, з якой ідзе кроў; нячысцік топча карту краіны і да т.п. Гэта відовішча выклікае толькі агіду і абражае пачуцці нармальнага чалавека, патрыёта Расіі». 

«Ролік і тэкст песні яўна русафобскага зместу, укараняе ў свядомасць чалавека злосць, нянавісць да сваёй краіны, нясе ідэі анархіі і бунту супраць легітымнай улады», — дадае аўтар звароту. 

Ён лічыць, што «на фоне палітычнай сітуацыі ў свеце і складанага становішча на межах Расіі і ў яе межах недазвольна і нават злачынна дазваляць канцэрты такіх «музыкантаў». «Тым больш у нашым выдатным і старажытным горадзе, дзе заўсёды была выдатная культурная традыцыя і моцная дзяржаўнасць», — адзначыў занепакоены камуніст, дадаўшы, што канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» будзе «пляўком у твар пскавічам і абняслаўленнем усяго святога для рускага народа». 

Аўтар звароту таксама звярнуў увагу прадстаўнікоў КПРФ на тое, што гурт Сяргея Міхалка «актыўна падтрымаў дзяржаўны пераварот, падаграваючы публіку на кіеўскім «майдане».

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?