На наступны дзень пасьля зьяўленьня на тэлеэкранах Лукашэнкі зь ягоным загадам прыбраць свае партрэты бабулькі ў аўтобусе абмяркоўвалі апошнія навіны. Быццам адна дакладна ведае, што Бацьку нейкая чараўніца-апазыцыянэрка ўракла па партрэце. Цяпер прэзыдэнт хварэе, таму і загадаў прыбраць свае выявы.

Зьнікненьне Лукашэнкі з эфіру далося ў знакі супрацоўнікам тэлебачаньня. Тыя апынуліся ў становішчы сіротак. Пра заяву «Газпрому» аб падвышэньні коштаў на газ нашыя каналы змаўчалі, толькі малацілі пра сяброўства і адзінства абодвух народаў. Іх можна зразумець: пакуль Лукашэнка не пракамэнтаваў дзеяньні расейскай кампаніі, самі нічога яны зрабіць ня могуць. Раптам ляпнуць ня тое… Таму нават тыднёвыя агляды пачыналіся з грузінскага турэмнага бунту. Другасныя для беларусаў падзеі выстаўляюцца на першы плян. З нашых навінаў апошнім часам зацікавіць можа толькі прагноз надвор’я.

Зрэшты, бальшыня адразу і не заўважыла зьнікненьня прэзыдэнта. Беларускія тэленавіны глядзяць толькі тады, калі няма чаго глядзець ці калі па ўсіх каналах паказваюць аднаго. А так наш люд па старынцы карыстаецца расейскімі крыніцамі інфармацыі.

Ня чуючы і бачачы зь дзяржаўных СМІ нічога патрэбнага, сярод людзей распаўсюджваюцца чуткі, якія плятуцца ды павялічваюцца ў памерах.

Цяпер чаго толькі не пачуеш у гарадзкіх аўтобусах, едучы на працу. Стары дзед паціху жаліцца свайму раўналетку: «Расейцы пра падаражаньне газу гавораць, а нашыя ўсё пра сьвяткаваньне ўгодкаў саюзнай дзяржавы. Хаця б словам абмовіліся, як жыць і колькі плаціць будзем у наступным годзе. Якое к чорту аб’яднаньне…».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0