Помнік Каліноўскаму

27 кастрычніка ў Сьвіслачы пройдуць мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню памяці паўстанцаў 1863 г.

Дзень памяці на сьвіслацкай зямлі, радзіме Кастуся і Віктара Каліноўскіх, будзе адзначацца дэмакратычнай супольнасьцю ўжо ў трынаццаты раз.

У праграме Дня памяці малебен ў мясцовым касьцёле, урачыстае ўскладаньне кветак да помнікаў героям паўстаньня Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, наведваньне вёскі Якушоўка, дзе захаваліся парэшткі падмуркаў сядзібы Каліноўскіх, побач зь якой у 1997 годзе актывістамі дэмакратычнага руху быў усталяваны памятны крыж, канцэрт.

На Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслач штогод зьязджаецца ўсё большая колькасьць людзей. Сьвіслач, адзіны населены пункт у Беларусі, дзе ўсталяваны помнік Кастусю Каліноўскаму. На мясцовых могілках пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар, які лічыцца ідэйным натхняльнікам нацыянальна‑вызвольнага руху ў Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

Магіла Віктара Каліноўскага была адшуканая на сьвіслацкіх могілках у 1996 годзе гарадзенскім журналістам Зьміцерам Кісялём і мясцовымі актывістамі дэмакратычнага руху. На магіле быў усталяваны помнік, а месца пахаваньня добраўпарадкавана. З таго часу адзначэньне Дня памяці паўстанцаў у Сьвіслачы сталася традыцыйным.

Усім ахвотным узяць удзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 году, які пройдзе ў Cьвіслачы 27 кастрычніка, зьвяртацца на адрас [email protected]

blog.grodno.net

Здымак globus.tut.by


Помнік Кастусю Каліноўскаму у цэнтры Сьвіслачы

Могілкі, дзе пахаваны старэйшы брат Кастуся Віктар

Магіла Віктара Каліноўскага

Памятны крыж у вёсцы Якушоўка, дзе захаваліся парэшткі падмурка сядзібы Каліноўскіх

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0