Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў даручыў працягнуць працу па ўзмацненні ваенных груповак на поўдні і захадзе рэспублікі.

На аператыўна-стратэгічнай нарадзе ў Міністэрстве абароны РК 6 сакавіка Назарбаеў адзначыў, што ў найбліжэйшым атачэнні краіны захоўваецца нявызначанасць. «Не вызначаны прававы статус Каспійскага мора, адбываецца мілітарызацыя прыбярэжных дзяржаў. Таксама маюцца рызыкі ў сувязі з вывадам войскаў кааліцыі з Афганістана. У гэтай сувязі даручаю працягнуць працу па якасным узмацненні груповак на паўднёвым і заходнім стратэгічных напрамках», - падкрэсліў Назарбаеў.

Ён таксама адзначыў неабходнасць падтрымання ў войсках высокай інтэнсіўнасці баявой падрыхтоўкі. Па словах Назарбаева, вучэнні павінны быць нацэлены на адпрацоўку задач, максімальна набліжаных да ўмоў сучаснага становішча.

«Мы будзем нечакана правяраць боегатоўнасць тых ці іншых частак рэгіянальных камандаванняў. Неабходна таксама ўдасканальваць каардынацыю ўсіх сілавых структур, на міжнародным узроўні развіваць узаемадзеянне з нашымі саюзнікамі і партнёрамі. Праграмы баявой падрыхтоўкі павінны быць напоўненыя новым зместам, адэкватным сучасным пагрозам», - сказаў Назарбаеў.

Акрамя таго, Назарбаеў падкрэсліў, што кожны год на ўзбраенне прымаюцца найноўшыя ўзоры ваеннай тэхнікі. «Мы закупляем ваенную прадукцыю не толькі ў Расіі, але і ў іншых краінах. Войска мае магчымасць пераўзбройвацца, выкарыстоўваючы самыя перадавыя напрацоўкі сусветнага класа. Мы не павінны адставаць ні ад каго ў гэтым кірунку. Ваенна-прамысловы комплекс краіны прыступіў да зборкі верталётаў, ваеннай оптыкі, сістэм радыёлакацыі і радыёэлектроннай барацьбы, таксама будуюцца караблі для ваенна-марскога флоту, арганізаваны рамонт авіяцыйнай і бронетэхнікі. Але і гэтага недастаткова, патрабуецца пашыраць дадзеную працу», - адзначыў Назарбаеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?