Мінімум трое з васемнаццаці ўкраінскіх чыноўнікаў і бізнесменаў, чые актывы замарожаныя ў краінах Еўрасаюза, звязаныя цеснымі дзелавымі адносінамі з беларускімі прадпрыемствамі.

Самыя буйныя бізнес-праекты з беларускімі партнёрамі ва ўладальніка Усходне-Еўрапейскай паліўна-энергетычнай кампаніі (ВЕТЭК) Сяргея Курчанкі. Да падзей на Еўрамайдане ён лічыўся адным з самых паспяховых маладых прадпрымальнікаў Украіны.

У 2009 годзе 24-гадовы Сяргей Курчанка стварыў групу з 55 кампаній рознага роду дзейнасці пад назвай «Газ Украіна», якая затым была ператвораная ва Усходне-Еўрапейскую паліўна-энергетычную кампанію (ВЕТЭК). Імклівы ўзлёт харкаўчаніна незалежныя ўкраінскія СМІ звязваюць з яго блізкасцю да клана Януковіча.

Створаная Курчанкай група кампаній ВЕТЭК змагла фактычна манапалізаваць украінскі рынак звадкаванага газу, а таксама заняць сур'ёзныя пазіцыі ў гандлі нафтапрадуктамі.

ВЕТЭК мае трэйдынгавымі кампаніі ў многіх краінах, але менавіта прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў Беларусі, былі асноўнымі пастаўшчыкамі нафтапрадуктаў ва Украіну.

У прыватнасці, кампаніі Курчанкі куплялі бензін і дызельнае паліва, перапрацаванае на Мазырскім і Наваполацкам НПЗ, у Беларускай нафтавай кампаніі, беларускіх «дачок» расійскіх холдынгаў ТНК-BP (цяпер «Раснафта»), «Лукойла», «Газпрома». У структуры продажаў групы ВЕТЭК на бензін прыпадала 56%, на дызпаліва - 7%, на газ - 37%.

Цяпер «імперыя Курчанкі» перажывае не лепшыя часы.

Адразу пасля перамогі Еўрамайдану алігарх уцёк за мяжу. Украінскія выданні паведамлялі, што Курчанку далі прытулак у Беларусі.

Кіраўнік партыі УДАР Віталь Клічко нават тэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку, патрабуючы выдачы Курчанкі і былога міністра ўнутраных спраў Украіны Віталя Захарчанкі. Аднак Лукашэнка запэўніў, што ні Курчанкі, ні Захарчанкі на тэрыторыі Беларусі няма. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, цяпер Курчанка можа знаходзіцца ў Маскве.

Між тым, яго холдынг развальваецца. У лютым 2014 бізнэсмэн перадаў Адэскі НПЗ расійскаму банку ВТБ, у якога браў крэдыт на набыццё завода.

У сакавіку 2014 года Нацыянальны банк Украіны прызнаў неплацежаздольнымі два банкі, якія ўваходзілі ў холдынг Курчанкі: «Брокербізнэсбанк» і «Рэал Банк». А ў канцы мінулага тыдня стала вядома, што выдавецкі дом Forbes адклікаў у кампаніі Курчанкі ліцэнзію на выпуск версіі часопіса Forbes - Украіна.

На думку экспертаў, пераразмеркаванне актываў Курчанкі можа стварыць праблемы для прасоўвання беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак.

У «чорны спіс» Еўрасаюза ўключаныя яшчэ некалькі буйных украінскіх бізнесменаў, якія маюць інтарэсы ў Беларусі. Сярод іх былы кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Клюеў і яго брат Сяргей Клюеў. Абодва ўваходзяць у топ-100 самых багатых людзей Украіны. Яны з'яўляюцца саўладальнікамі шматпрофільнай прамыслова-інвестыцыйнай групы «Укрпадшыпнік». У склад холдынгу братоў Клюевых ўваходзіць Арцёмаўскі машынабудаўнічы завод «Вістэк», які пастаўляе электроды на беларускі рынак.

Не выключана, што сумесныя бізнес-праекты з беларускімі прадпрыемствамі былі і ў Аляксандра Януковіча-старэйшага сына Віктара Януковіча.

Самы буйны актыў Аляксандра Януковіча - швейцарская кампанія «МАКО-Трэйдынг», якая займалася экспартам вугалю. Па выніках першага паўгоддзя 2013 гэтая кампанія прадала 400000 тон вугалю ў розныя краіны свету. За гэты ж перыяд, як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статычнага камітэта, Беларусь імпартавала 17 тыс. тон украінскага антрацыту на суму 1,8 млн даляраў.

Аднак пакуль невядома, ці пастаўляў сын былога ўкраінскага прэзідэнта вугаль у нашу краіну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?