Сілавыя структуры бяздзейнічаюць на ўсходзе Украіны. «Не паддавацца на правакацыі» — такі загад з Кіева. Пытанне, ці гэта ідзе ад нежадання справакаваць уварванне Расіі, ці ад няздольнасці змусіць сілавікоў Усходняй Украіны да дзеянняў.

Парадаксальна, але дзейнічаць першымі пачалі бізнэсоўцы і дэпутаты.

Так, мільярдэр Тарута ўзначаліў Данецкую вобласць, а мільярдэр Каламойскі — Днепрапятроўскую. І мабілізавалі на змаганне з сепаратыстамі свае кланы і ахоўныя структуры.

А на гэтым відэа — дэпутат ад паўночнаўкраінскага горада Чарнігаў і ўраджэнец Луганшчыны Алег Ляшко з групай сілавікоў арыштоўвае правадыра луганскіх сепаратыстаў.

Лідар так званай «Маладой гвардыі» і прадстаўнік Віктара Медведчука ў Луганскай вобласці — 45-гадовы Арсен Клінчаеў. Ляшко, лідар мікраскапічнай Радыкальнай партыі, апублікаваў відэасюжэт пра затрыманне на старонцы Інтэрнэт-ТВ «Голас народа» і ў сябе ў Фэйсбуку.

На кадрах відаць, як група невядомых на чале з Ляшко кладзе Клінчаева на падлогу, надзявае кайданкі. Пасля гэтага затрыманы на камеру заклікае паплечнікаў вызваліць абласную адміністрацыю, зняць расійскі сцяг і вярнуць на месца дзяржаўны.

«Учора я інкогніта прыбыў на сваю родную Луганшчыну, каб кіраваць гэтай аперацыяй, — піша Ляшко. — Падонак Клінчаеў будзе адказваць за свае злачынствы — мы затрымалі яго і перадалі праваахоўным органам».

Варта адзначыць, што луганская міліцыя Клінчаева адпусціла, а над абласной адміністрацыяй ізноў узняўся расійскі сцяг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0