Украінскі крызіс павінен быць урэгуляваны «шляхам дыялогу паміж усімі зацікаўленымі бакамі, выкарыстання магчымых механізмаў міжнароднага пасрэдніцтва для забеспячэння тэрытарыяльнай цэласнасці гэтай краіны, а таксама адмовы ад узаемных пагроз і ўльтыматумаў».
Такую заяву зрабіў прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў падчас тэлефоннай гутаркі з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель 10 сакавіка.
Паводле інфармацыі прэс-службы казахстанскага кіраўніка, Назарбаеў выказаў гатоўнасць Казахстана зрабіць пры неабходнасці свой канструктыўны ўнёсак у выпрацоўку кампрамісных рашэнняў для мірнага вырашэння сітуацыі ва Украіне.
Сёння ж адбылася тэлефонная гутарка Назарбаева з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Афіцыйны лідар Казахстана адзначыў, што яго краіна як стратэгічны партнёр «з разуменнем ставіцца да пазіцыі Расіі, якая абараняе правы нацыянальных меншасцяў ва Украіне, а таксама інтарэсы сваёй бяспекі».
У той жа час ён выказаў надзею, што ўсе зацікаўленыя ўдзельнікі будуць выказваць стрыманасць і распачнуць меры для найхутчэйшай нармалізацыі сітуацыі шляхам перамоў. Назарбаеў «выказаў сваё меркаванне пра неабходнасць мірнага ўрэгулявання крызісу ва Украіне на аснове захавання суверэнітэту і ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права».
На 16 сакавіка крымскія сепаратысты прызначылі рэферэндум аб статусе паўвострава. Новыя ўкраінскія ўлады і большасць краін свету лічаць яго правядзенне незаконным. Захад пагражае Расіі санкцыямі ў выпадку анексіі Крыму і ўварвання на тэрыторыю кантынентальнай Украіны.