Жыхарка Сімферопаля пратэстуе супраць захопу паўвострава. 11 сакавіка, фота Ройтэрз.

Жыхарка Сімферопаля пратэстуе супраць захопу паўвострава. 11 сакавіка, фота Ройтэрз.

Хотят ли русскіе войны?

Як ні сумна гэта прызнаваць, але досыць паслухаць размовы ў маскоўскім грамадскім транспарце, пачытаць сацыяльныя сеткі, каб зрабіць несуцяшальную выснову. Бо нават расіяне, якія адносяць сябе да інтэлігенцыі, пры словазлучэнні «рускі Крым» адмаўляюцца што-небудзь аналізаваць і ўпадаюць у дзіцячы экстаз, успамінаючы Кактэбель, славу Севастопаля, домік Чэхава ў Ялце і апеты Пушкіным Бахчысарайскі фантан. І справа тут не ў масіраванай тэлевізійнай прапагандзе, хоць і яе ўплыву адмаўляць нельга.

Масавая свядомасць дэманструе нейкую невытлумачальную сумесь рэцыдыву імперскага мыслення з комплексам ушчэмленага ў правах пераможца.

Пры гэтым пра наступствы магчымай анексіі Крыму ніхто стараецца не задумвацца, лічачы, што ўкраінцы нейкім невытлумачальным чынам даруюць раздзел сваёй краіны і ўсё роўна застануцца братамі.

А наступствы ўжо ёсць, хоць, дзякуй богу, кроў у Крыме не пралілася і, будзем спадзявацца, не пральецца, і ў расійскія хаты не прыйдуць цынкавыя труны.

Сур'ёзныя страты Расія ўжо панесла на знешнепалітычным кірунку: лідэры краін «вялікай васьмёркі» адмовіліся ехаць на летні саміт у Сочы і вядуць гаворку пра выключэнне Расіі з G8, уведзеныя санкцыі супраць расійскіх чыноўнікаў, існуе пагроза ўвядзення эканамічных санкцый.

Але найбольш адчувальным для ўсіх расійцаў можа стаць увядзенне візавых абмежаванняў аж да спынення выдачы віз заходнімі краінамі для грамадзян РФ: там цяпер пабойваюцца, што Крэмль захоча абараніць рускамоўнае насельніцтва і на іх тэрыторыі.

На гэтым фоне часцяком справядлівыя заявы МЗС Расіі, якія паказваюць на адказнасць Захаду за тое, што адбываецца ва Украіне і на парушэнні правоў чалавека, аказваюцца толькі дакументамі для ўнутрырасійскага карыстання: за межамі краіны яны не даюць належнага эфекту.

Расія панесла ўжо і істотныя эканамічныя страты, якія выявіліся ў падзенні курсу рубля і абвале фондавага рынку:

за кароткі час эканоміка страціла грошай больш, чым было выдаткавана на ўсю Алімпіяду ў Сочы. Але галоўныя траты расійцаў чакаюць наперадзе. Як мяркуюць эканамісты, толькі ў энерга- і водазабеспячэнне Крыма, якія зараз цалкам залежаць ад мацерыковай часткі Украіны, прыйдзецца ўкласці да 5 млрд. даляраў. Да 3 млрд. даляраў — на стварэнне транспартных зносін, яшчэ столькі ж штогод — на датацыі крымскага насельніцтву, выплату пенсій і іншае. Ускосныя ж страты, звязаныя з непазбежным згортваннем расійска-ўкраінскага гандлю і разрывам традыцыйных эканамічных сувязяў, ніхто не лічыў. І гэта на фоне крызісных з'яў у самой расійскай эканоміцы, не кажучы ўжо пра тое, што расійская глыбінка, Сібір і Далёкі Усход маюць патрэбу ў не меншых капіталаўкладаннях.

Незваротнымі стануць наступствы расійска-ўкраінскага супрацьстаяння і для постсавецкай прасторы. Як лічаць эксперты, пад абломкамі гэтага супрацьстаяння будзе канчаткова пахавана СНД.

Бо нават самыя блізкія партнёры Расіі па Мытным саюзе — Казахстан і Беларусь — не выказалі прамой падтрымкі яе дзеянняў, а, наадварот, заявілі аб зацікаўленасці ў захаванні тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Ды і ў самога Мытнага саюза, на думку аналітыкаў, наступаюць не лепшыя часы: цяпер аказваецца пад пытаннем уступленне ў яго новых членаў, перш за ўсё Арменіі. А пра стварэнне зон свабоднага гандлю паміж МС і іншымі краінамі наогул можна забыцца. Да прыкладу, Новая Зеландыя ўжо афіцыйна заявіла аб выхадзе з гэтага праекта.

Але самым глабальным чынам наступствы крымскіх падзей могуць адбіцца на будучай будове свету. Бо невыпадкова старшыня Меджліса крымскататарскага народа Рэфат Чубараў заявіў: «Мы наблізіліся да абрынання сусветнага парадку, які трымаецца на сіле міжнародных дагавораў, шматбаковых і двухбаковых.

І свет сёння перш за ўсё павінен думаць пра тое, што падобныя сітуацыі могуць абавязкова паўтарыцца на іх тэрыторыях, калі тут, у Крыме, гэтаму бясчынству ў частцы міжнароднага права не будзе пастаўлена заслона».

Сваімі дзеяннямі ў Крыме Расія адкрывае скрыню Пандоры і, перш за ўсё, для сябе. Гэта і ўнутраныя праблемы ў выглядзе пастаянна дэтануючага Паўночнага Каўказа, гэта і не закрытае пытанне Курылаў. І хто ведае,

ці не выкарыстае ў будучыні Кітай расійскае ноу-хау па абароне рускамоўнага насельніцтва, які цалкам можа вырашыць абараніць кітайскамоўнае насельніцтва ў Сібіры і на Далёкім Усходзе — яго ўжо і зараз там нямала.

У сацыяльных сетках гуляе такі жарт: «Нават Гітлеру ў 45-м не магло прысніцца, што Германія будзе ўгаворваць Расію не нападаць на Украіну».

Думаецца, што з таго, што адбываецца, трэба зрабіць свае высновы і беларусам.

Настрой, які цяпер пануе ў Расіі, часам выліваецца ў мудрагелістыя формы. Вось толькі некаторыя загалоўкі аднаго з расійскіх інфармагенцтваў: «В Белоруссии открывается первый бар, дискриминирующий русскоязычных», «Правительство Белоруссии рассматривает законопроект об уничтожении русскоязычной топонимики». Мілітарысцкія настроі вельмі заразныя.

Вядома, не ўсе расіяне хочуць вайны. Ёсць і тыя, хто выходзіць на акцыі пратэсту.

Але плакаты «Не — вайне!» цяпер у Расіі па-за законам, за такія лозунгі выносяцца адміністрацыйныя прысуды.

Ды і выходзіць на такія акцыі не больш за сотню чалавек. Значна больш людзей збірае канцэрт ля сцен Крамля пад дэвізам «За далучэнне Крыма».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?