Пяць гадоў таму, 23 кастрычніка 2002 г., у Маскве тэрарысты захапілі Тэатральны цэнтар на Дуброўцы. Гледачы (900 чалавек) у гэты час глядзелі мюзыкл "Норд-Ост". Вынікам апэрацыі па вызваленьні, праведзенай расейскімі спэцслужбамі на чацьверты дзень, была сьмерць 130 гледачоў, а таксама 50 баевікоў.

Пяць гадоў прайшло з таго моманту, як я, ледзь прыехаўшы у камандзіроўку ў Маскву, стаяў у ачэпленага Тэатральнага цэнтра на Дуброўцы. Не маючы магчымасці апошнія 10 гадзінаў глядзець тэлевізар ці слухаць радыё з неразуменнем назіраў за тым, як бясконцая журналісцкая грамада зрабіла сапраўдны допыт намесніку маскоўскага мэра. Так і стала вядома, што «адбыўся штурм».

Тады мала хто мог уявіць, як «гэта робіцца ў Расіі», не былі вядомыя падрабязнасці спецаперацыі. І хаця зараз мы ўжо ведаем, што «аперацыя па выратаванні» не азначае захавання жыцця ўсім, ведаем прозвішчы ахвяраў, сярод якіх ёсць і беларусы, але, па вялікім рахунку, дагэтуль губляемся ў здагадках — што гэта было.

Мы дазваніліся да некаторых грамадзянаў Беларусі, якія перажылі газавую атаку расійскага спецназу, каб даведацца пра стан іх здароўя зараз, праз пяць год пасля тэракту.

Як паведаміла Рацыі Вольга Золіна цяпер яна быццам бы адчувае сябе няблага, але не выключае, што наступствы для здароўя тэракт яшчэ будзе мець:

‑ Першы год былі праблемы. Аўтанічны сіндром вельмі моцны, стамляльнасць. Трымаліся дыеты. Вядома, што бясследна гэта не прайшло, і як яно будзе далей, не ведаю.

Таццяна Ткачук, медык, якая таксама перажыла тэракт, кажа аб узніклых праблемах яшчэ больш адкрыта:

‑ Адчуваю сябе нармальна, але наступствы ёсць. Адбілася на печані. У нас ва ўсіх ёсць праблемы. Нам трэба працягваць лячэнне.

Аднак, як прызнаецца Ткачук, яна гэтага не робіць, паколькі трэба працаваць. Што ж датычыць дапамогі, якую аказалі ахвярам, яе было, відавочна, недастаткова.

Па словах Золінай, выплочвалі кампенсацыю расійскія ўлады і крыху дапамаглі па месцы працы:

‑ Але на гэтым дапамога і скончылася. Уладкоўваліся хто куды у стацыянары. Дзе ў каго былі знаёмыя. Падлячыцца. Абследавацца. Але ўсур’ёз намі ніхто не займаўся. Цяжка сказаць, наколькі значнай была дапамога. Кошт задароўя вызначыць грашыма нельга. Калі б я ў рэанімацыю адразу не трапіла, я б не выжыла. Гэта адназначна.

Спадарыня Ткачук распавяла аб тым, што яны пісалі ліст прэзідэнту Беларусі з просьбай дапамагчы хаця б «нейкай пуцёўкай», аднак з адміністрацыі Лукашэнкі прыйшла адмова:

‑ Нам напісалі, каб мы звярталіся на тую тэрыторыю, дзе з намі гэта здарылася.

На пытанне аб тым, ці кантактуюць паміж сабою ахвяры тэрарызму, спадарыня Золіна прызнаецца:

‑ У прынцыпе, не. Адзінае што час ад часу з сяброўкай, з якой мы тады былі, стэлефаноўваемся, бачымся. А астатнія — не. Я думаю, што людзям яшчэ раз згадваць не хочацца пра тое.

За час, які прайшоў пасля тэракту, аб ім пісалі вельмі шмат. Незалежныя расследаванні выяўлялі ўсё новыя сведчанні таго, што да захопу тэрарыстамі тэатра так ці інакш мела дачыненне расійскае ФСБ. Два аўтары гэтых абвінавачванняў — Ганна Паліткоўская і Алясандар Літвіненка — былі забітыя.

З пытаннем аб тым, ці даведаемся мы калі‑небудзь усю праўду пра «Норд‑Ост», мы звярнуліся да вядомага гісторыка, суаўтара Літвіненкі Юрыя Фельшцінскага, які зараз жыве ў Лондане:

‑ Уся праўда — філасофская катэгорыя. Яе мы, вядома, ніколі не даведаемся. Але нам хацелася б ведаць хаця б тое, да чаго дакапаліся расійскія ўлады, атрымаць доступ да той інфармацыі, якая вядомая расійскім следчым органам. Зразумела, што доступу да яе у нас не будзе, паколькі ўрад ведае, што чым больш інфармацыі трапіць да журналістаў, тым больш пытанняў у іх узнікне — і небеспадстаўна.

А паколькі грамадскіх арганізацый, кантралюючых урад, у Расіі няма, падсумоўвае Фельшцінскі, краіна бездапаможная перад уладным безмежжам.

Вадзім Доўнар, Радыё Рацыя

Матэрыял пра ўгодкі Норд-Осту на сайце bbcrussian.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0