Сёння была адхіленая ад пасады галоўны рэдактар «Lenta.ru» Галіна Цімчанка. Супрацоўнікі выдання палічылі, што яе звольніла кіраўніцтва без тлумачэння прычын, таму журналісты выступілі з заявай пра ціск на рэдакцыю.

Развітальнае фота на памяць

Развітальнае фота на памяць

Акрамя таго, большасць з іх пакідаюць свае пасады следам за былой начальніцай. Тэкст паведамлення размешчаны на сайце «Lenta.ru», мы прыводзім яго цалкам:

Дарагія чытачы!

Сёння, 12 сакавіка, уласнік кампаніі «Афіша-Рамблер-SUP» Аляксандр Мамут звольніў галоўнага рэдактара «Lenta.ru» Галіну Цімчанку. Новым галоўным рэдактарам прызначаны Аляксей Гараслаўскі — намеснік генеральнага дырэктара па знешніх камунікацыях.

На жаль, гэта не штатная ракіроўка, таму патрабуюцца некаторыя тлумачэнні.

Мы лічым, што гэта прызначэнне з'яўляецца прамым ціскам на рэдакцыю «Lenta.ru». Звальненне незалежнага галоўнага рэдактара і прызначэнне кіраванага, у тым ліку напрамую з крамлёўскіх кабінетаў, чалавека — гэта ўжо парушэнне закона аб СМІ, які гаворыць аб недапушчальнасці цэнзуры.

За апошнія пару гадоў прастору свабоднай журналістыкі ў Расіі драматычна зменшылася. Адны выданні наўпрост кіруюцца з Крамля, іншыя — праз куратараў, трэція — рэдактарамі, якія баяцца страціць працу. Некаторыя СМІ зачыніліся, іншыя зачыняцца ў бліжэйшыя месяцы.

Бяда не ў тым, што нам няма дзе працаваць. Бяда ў тым, што вам, здаецца, больш няма чаго чытаць.

Мы, безумоўна, меркавалі, што прыйдуць і за намі.

Мы верым, што гэта не назаўжды. У любым выпадку вы, дарагія чытачы, павінны пра гэта ведаць.

Спадзяемся, да хуткіх сустрэчаў.

***

На момант звальнення Цімчанкі «Лента.ру» з'яўлялася самым наведвальным і самым цытаваным сродкам масавай інфармацыі ў Рунэце. Звальняюцца не толькі журналісты і фатографы, але і вэб-дызайнеры, арт-дырэктар, сістэмныя адміністратары.

Дадамо, што lenta.ru аб'ектыўна, а часам з непрыхаванай сімпатыяй у рэпартажах, асвятляла падзеі на Майдане ва Украіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?