Палітычныя сілы Данецкай вобласці звярнуліся да прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай спыніцца і не ўмешвацца ва ўнутраную палітыку суверэннай дзяржавы — Украіны.

Дадзены зварот быў прыняты на сумеснай нарадзе кіраўнікоў усіх абласных арганізацый палітычных партый рэгіёна ў прысутнасці старшыні Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргея Таруты.

«Мы, прадстаўнікі рэгіянальных арганізацый палітычных партый Украіны ў Данецкай вобласці, звяртаемся да вас з заклікам не дапусціць фатальнай памылкі, прадухіліць далейшую эскалацыю канфлікту, які можа канчаткова разбурыць гістарычныя сувязі і добрасуседскія адносіны паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй», — гаворыцца ў звароце.

Аўтары звароту падкрэслілі:

«Усведамляючы, што наша краіна знаходзіцца перад пагрозай маштабнага ўварвання расійскіх войскаў, мы заклікаем да вас: «Спыніцеся!» Кожны ваш наступны крок набліжае не толькі Украіну, але і Вялікую Расію да той кропкі незвароту, за якой нашыя народы ўжо ніколі не змогуць быць сапраўды братэрскімі».

Прадстаўнікі партый заявілі, што, «з'яўляючыся патрыётамі Украіны і выступаючы за цэласнасць і непадзельнасць сваёй краіны, мы, як і мільёны ўкраінскіх грамадзян, просім вас не ўмешвацца ва ўнутраную палітыку суверэннай дзяржавы, пакінуўшы права за намі будаваць інстытуты грамадзянскай супольнасці ў свабоднай і незалежнай дэмакратычнай краіне».

Аўтары звароту заяўляюць, што «рускамоўны Данбас, як і ўвесь Усход Украіны, а таксама Украінскі Крым не маюць патрэбы ў ваеннай абароне з боку Расійскай Федэрацыі, і тэма дыскрымінацыі нацыянальных меншасцяў, пра якую працягваюць казаць расійскія СМІ, з'яўляецца цынічнай дэзінфармацыяй, на якой не можа быць пабудаваны сцэнар ваеннай анэксіі мірнай і дэмакратычнай дзяржавы!».

«Паважаючы вас як безумоўнага лідэра братняга нам, расійскага народу, аддаючы належнае за той уклад, які вы зрабілі, ўмацоўваючы адносіны паміж нашымі краінамі, мы настойліва просім вас не перапісваць аднаасобна Гісторыю не толькі нашых суседніх дзяржаў, але і сваю асабістую: застаньцеся ў ёй палітыкам, імя якога будзе не заплямленае!», — гаворыцца ў звароце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?