Міхал Анемпадыстаў, фота Сяргея Гудзіліна

Міхал Анемпадыстаў, фота Сяргея Гудзіліна

16 сакавіка ў Міхала Анемпадыстава — юбілей, яму спаўняецца 50 гадоў. Напярэдадні мы завіталі да яго ў госці і пагутарылі пра яго ўспрыманне ўзросту, эстэтыку колеру Беларусі, не абмінулі літаратуру і паразважалі, ці магчыма ў нашай краіне быць знакамітым.

Сустрэла нас яго дачка, Міхала дома не было. Пакуль чакалі гаспадара, пазнаёміліся з канарэйкай Жан-Поль, названай у гонар Сартра. З крамы Міхал вярнуўся з вялікім пакункам прадуктаў, сярод якіх бурачкі ды пячонка. Гаспадар рыхтуецца да свята.

Міхал Анемпадыстаў: Я доўга гатаваць, «завіхацца ля печы» ўвогуле не люблю. Шкада часу. Ну і што, што юбілей? Зараз абыйдуся простым, замарыную бурачкі паводле рэцэпту 16-га стагоддзя, нарэжу найлепшае ў Менску сала, каўбасу пальцам пханую, таго-сяго і хопіць. Сябры таксама нешта прынясуць.

Наша Ніва: А ёсць у Вас улюблёная страва?

МА: Я геніяльна раблю салаты.

Магу зрабіць іх з усяго, бо нават не каштаваўшы ведаю, што з чым спалучыць, каб было смачна.

Наша Ніва: Перад тым, як пачаць нашу гутарку, я хачу вызначыцца з наступным. Вы і дызайнер, і графік, фатограф і паэт, але кім Вы ўсё ж такі сябе лічаце?

МА: Я перадусім дызайнер. Бо дызайн — гэта сінтэтычны від дзейнасці, які дапускае пранікненне ў іншыя віды дзейнасці. Нават калі я пішу, я шмат у чым застаюся дызайнерам. Праца дызайнера ўключае ў сабе і працу графіка, і працу з тэкстам, і безліч усяго іншага.

НН: Колькі гадоў Вы ўжо займаецеся дызайнам?

МА: Я скончыў мастацкую вучэльню ў 1983 годзе. З таго часу і займаюся. У мінулым годзе быў юбілей, ужо 30 гадоў.

НН: Тое, што Вы столькі часу займаецеся дызайнам, пакідае адбітак на светаўспрыманні? У чым адметнасці такога ладу жыцця?

МА: Ідэальнае ў дызайне — гэта рацыянальнае. Апошняя дэфініцыя дызайну тлумачаць яго як метадалогію вырашэння пастаўленых задач. Добры дызайнер павінен арыентавацца ў шматлікіх тэмах і знаходзіць адказы на любыя пытанні, пачынаючы ад прававых аспектаў і санітарных норм, сканчаючы стылям, камунікацыяй ды псіхалогіяй. Праца дызайнера падобная да працы палітыка. Яна палягае ў падпарадкаванні рэчаіснасці.

НН: Для вас 50 гадоў — страшная лічба?

МА: Для мяне зусім не. Я канечне ведаю як дзядзькі ў 50 выглядаюць, гэта яшчэ не старыя кексы, але мужчыны сталыя, а я нешта адчуваю сябе яшчэ занадта маладым. Вось гляджу на хлапцоў, якія маладзейшыя за мяне на 10-15 гадоў, а адчуваю сябе маладзейшым за іх. Даводзіцца нагадваць сабе, што гэта я тут старэйшы. Галоўнае тое, наколькі ты сам сябе адчуваеш. Ёсць у мяне сябра якому 75, дык я гляджу на яго і вучуся, як шанаваць жыццё, не пераставаць здзіўляцца і цешыцца, як дзіцё таму што навокал.

НН: Закранаючы тэму сяброўства, ці змянілася ў Вас яго ўспрыманне з цягам жыцця?

МА: Спачатку яно было тусовачнага кшталту, калі ўзнікае эмацыйная залежнасць ад кампаніі, а не ад сяброў. Пасля жыццё ўнесла карэктывы і тусавацца кожны дзень не стала магчымым. Але сябры засталіся. У мяне шмат людзей, якіх я магу назваць сябрамі, але мне не трэба з імі бачыцца штодня. Часам хапае пабачыцца толькі раз на год, тым больш што багата маіх сяброў жывуць за мяжой — эстонец, латыш, датчанін, француз, палякі… Але з сябрамі, што ў Мінску, яшчэ радзей бачуся. Але я ўсё роўна іх цаню, лічу сябрамі і ведаю, што мы адно аднаму заўсёды дапаможам. Можна было б пазваніць, але я і гэтага звычайна не раблю. Што я скажу? Як справы? Мужчыны ж зусім па-іншаму сябруюць — нешматслоўна.

НН: Існуе меркаванне, што час жаночай прыгажосці значна карацейшы за мужчынскі, пік іх хараства ў 35, а далей ідзе заняпад. А мужчыны толькі пачынаюць харашэць з гэтага часу і становяцца лепш і лепш.

МА: Мужчына сталее, набывае жыццёвы вопыт і ў гэтым яго вартасць. А кабеты набываюць шарм. Можна жанчыне і ў 70 выглядаць цудоўна. Часам маршчыны не псуюць чалавека, а наадварот дадаюць своеасаблівай, іншай прыгажосці.

У некаторых бабулек так неверагодна вочы свецяцца, а ў зморшчынах, што вакол вачэй — усё жыццё, усе ўсмешкі, увесь боль. Ці гэта не прыгажосць?

Але, што казаць, у любым узросце кабета павінна быць дагледжанай.

Зрэшты, і мужыкам на карысць лішнім разам боты ваксануць.

НН: Міхал, якое дасягненне ў сваім жыцці Вы лічаце самым галоўным?

МА: Стварэнне «Народнага Альбому».

НН: Народны альбом паўплываў на цэлае пакаленне. У чым яго цуд і феномен?

МА:

«Народны альбом» — гэта любоў. Не проста ж так на вокладцы сэрца. Гэта любоў да свайго і тых цудаў, якое нясе ў сабе жыццё. Гэта альтэрнатыва нянавісці і жыццёвай пазіцыі, пабудаванай на адмаўленні. Мы хацелі вывесці людзей з дэпрэсіі і прапанаваць эмацыйную альтэрнатыву.

«Народны альбом» аптымістычны і вітальны. Любоў да чагосьці болей стваральная матывацыя, чым нянавісць. Асабліва, калі нам патрэбная матывацыя на працяглы перыяд.

НН: Ці магчыма нешта падобнае стварыць зараз?

МА: Тады мы рабілі ўсё абсалютна бясплатна, зараз мы такі праект не паднялі б, бо ўсё робіцца за грошы. Мы ж тады не ўклалі ніводнай капейкі.

НН: Скажыце, калі Вам было жыць цікавей, у 90-х з іх разнастайнасцю, палітычнымі падзеямі і пачаткам новай эпохі ці зараз?

МА: Канечне тады. Было адчуванне, што заўтра будзе лепш. Гэта надае жыццю сэнс.

НН: А зараз Вы жывяце без разліку на тое, што будзе лепш?

МА: Пасля падзей на Украіне ёсць вера ў тое, што цуд заўсёды мажлівы, усё залежыць ад волі, ад моцы жадання гэтага лепшага і яшчэ трэба, каб крыху шанцавала. І будзе лепш.

НН: А як Вы лічыце, калі Расія захопіць Беларусь, хто-небудзь заўважыць? І ці заразяцца Беларусы «імперскасцю»?

МА: Ну некаторыя беларусы ўжо заражаныя і іх не ўратаваць. Гэта не тое, каб сільна заразна, яно павінна ў крыві быць, але часам бывае. І з гэтым нічога не паробіш. Ну пэўная частка ўсцешыцца такому раскладу, ну а мы з вамі, мягка кажучы не вельмі.

НН: Міхал, колькі памятаю, Вы заўсёды надавалі ўвагу пошукам адказаў на пытанне, як выглядае беларуская культура, то бок яе візуалізацыі. Ці знайшлі Вы адказ на гэтае пытанне?

МА: Для сябе я ведаю, іншая справа ці магу я рэтрансляваць сваё бачанне і веды цалкам і ў поўным аб’ёме, прынамсі самастойна.

НН: У такім выпадку, што бы Вы абралі ў якасці сімвала Беларусі?

МА: Бел-чырвона-белы сцяг, адзін з найпрыгажэйшых сцягоў у свеце і Пагоню. Навошта прыдумваць нешта новае, калі яно ўжо нашымі папярэднікамі прыдумана?

НН: У адным з інтэрв’ю Вы казалі, што колер Беларусі шэры. Але шэрасць — гэта невызначанасць, шэры колер і не добры, і не кепскі. Ён ніякі.

МА: А што тады добра?

НН: Нешта яркае, сонечнае: жоўты, блакітны.

МА. Шмат выпадкаў, калі жоўты нясе кепскі пасыл. Кропкава ён можа і прыемны, але не ў маштабе краіны. Пафарбуйце пакой жоўтай барвай, і праз тыдзень ён пачне вас раздражняць. Мы не даацэньваем шэры. З кропкі гледжання прафесіяналаў — архітэктараў, дызайнераў, ён адзін з лепшых (у Міхала Анемпадыстава, дарэчы, у кватэры дамінуюць адценні шэрага і белага, асабліва на кухні). Ён нейтральны, ён не раздражняе, ён ідэальна пасуе да любой драўніны, да металу, да керамікі, да фарфору.

Ды й прыгадайце, што ва ўсіх беларускіх казках добрыя звярушкі шэрыя: шэрая каза, зайчык шэранькі, шэрая галка, коцік шэранькі, мышка шэранькая. Шэры колер мае пазітыўную канатацыю, раз ён прыстунічае ў казках для дзетак.

НН: А як Вы ацэніце беларускую дзяржаўную эстэтыку колеру і яго ўжыванне ў упрыгожванні наваколля?

МА: У нас адбываецца афрыканізацыя. Нашая традыцыйная культура перастала быць традыцыйнай пасля Першай Сусветнай вайны, як, зрэшты, і традыцыйная культура па ўсёй Еўропе. Беларуская народная традыцыя была вельмі стрыманай у дачыненнях з колерамі. Перавага аддавалася натуральным матэрыялам і іх натуральным колерам. Шляхецкае жытло мала чым рознілася. А з дзяцінства нам навязваюць, што ўсё чамусьці павінна быць яркім, «вясёленькім»… У выніку што мы маем? Традыцыі няма, пераемнасці няма, затое ўбілі ў галаву, што матрошка гэта ідэал прыгажосьці.

НН: Дарэчы, у крыміналогіі існуе тэорыя, што для таго, каб паменшыць колькасць злачынстваў у грамадстве, будынкі трэба фарбаваць ў розныя колеры. Гэта нібыта станоўча ўплывае на псіхіку людзей і робіць іх больш шчаслівымі.

МА: Злачынствы ўзнікаюць там, дзе нізкі ўзровень культуры, дзе людзі не вельмі шчаслівыя, дзе яны не могуць рэалізавацца, знайсці добрую працу, а не там, дзе дамы не пафарбаваныя. Калі ў людзей будзе добры жыццёвы базіс, яны самі задумаюцца пра тое, як уладкаваць прастору.

НН: Нягледзячы на тое, што Вас называюць у тым ліку паэтам, Вы некалі сказалі, што паэзію не любіце і паэтам сябе не лічаце. Але навошта тады пішаце?

МА: Так, я гэта казаў. Калі я пачаў пісаць, я пісаў менавіта тэксты для песен. І напісаў шмат добрых тэкстаў, чым ганаруся. Паэзія аднак, мяне мала цікавіла, цяпер маё стаўленне змянілася, але шчыра кажучы, я і цяпер аддаю перавагу іншым жанрам.

Выключэнне — творчасць Алеся Разанава, якая цікавіла мяне заўсёды. Ён вельмі беларускі ў сваёй творчасці, мудры, парадаксальны. Ён паэт-філосаф, паэт-мніх.

Ён жыве ў паэтычнай прасторы і выказвае тыя няўлоўныя сэнсы, якія на звычайнай мовай выказаць няма як. Я ж толькі час ад часу маю патрэбу ў выказванні паэтычнымі сродкамі.

Па роду заняткаў я дакладна не паэт, па спосабу мыслення таксама. Я дызайнер. Што не выключае таго, што я магу пісаць добрую паэзію. Але не мне гэта вырашаць.

Таму, калі нехта называе мяне паэтам, я не спрачаюся, а прымаю з удзячнасцю і нават гонарам.

НН: Беларуская літаратура вылучаецца бясконцым сумам і тугой, якія так утульна адчуваюць сябе ў творах нашых пісьменнікаў. І пры гэтым такі расклад усім падабаецца. Узнікае нейкі беларускі мазахізм, якім нават ганарацца. Чым горш, тым лепш.

МА: Ёсць такая штука, як тэмперамент. Вось беларусы — меланхолікі. Тып тэмперамента закладзены ў нас ад нараджэння, ён перадаецца з генамі. І такзваны псіхатып таксама перадаецца. Па мойму, большасьць беларусаў маюць той псіхатып, які схільны да дэпрэсіі, закрытасці, баязні пераменаў. Такі псіхатып пашыраны сярод паўночных народаў. І калі такое закладзена, то ты нічога не зменіш. Таму і літаратура такая.

НН: І нават імкнуцца не трэба навучыцца пад іншым вуглом глядзець на свет?

МА: Можа варта прыняць сябе такімі? Навошта сябе гвалціць? І як? Прапісаць усім антыдэпрэсанты? Трэба навучыцца выціскаць з гэтага больш плюсаў і адкідваць мінусы. Мне ўвогуле цікава, чаму дагэтуль ніхто не задаўся пытаннем, які калектыўны псіхатып мы пераважна маем. Якія ў нас слабыя месцы, і як іх абмінаць, ці яшчэ лепей выпраўляць на плюсы. Гэта ж ляжыць на паверхні. Такія парады прыдаліся б і для адукацыйных праграмаў і для палітычных. Навучыліся ж ментальна падобныя да нас фіны, шведы, даны перайначываць свае хібы на плюсы. А яны яшчэ больш закрытыя, яшчэ болей за нас не любяць зменаў і дэпрэсікаў там хапае.

НН: Вы так ці інакш знаходзіліся ў авангардзе беларускай культуры. Бачылі яе росквіт і заняпад. Што на Ваш погляд адбываецца на нашай культурніцкай прасторы зараз? У чым адрозненні нашых творчых пакаленняў?

МА: Нам было лягчэй. Бо нам было пра што гаварыць і шмат тэм былі новымі. А зараз моладзі складаней, бо тую сітуацыю мы ўжо апісалі, а жыцьцё не змянілася. Альбо, калі казаць больш дакладна, то змены адбываюцца непрынцыповыя і без нашага ўдзелу. Цяпер мы не ствараем сітуацыю, а толькі апісваем яе. Не маючы матывацыі на ўласную культуратворчасць, моладзь арыентуецца на Захад, і механічна капіюе чужыя ідэі і трэнды. Ясна, што трэба ведаць, што адбываецца, але гэтага замала, калі не паўстае ўласны прадукт, калі няма крытычнага стаўлення да таго, што робіцца іншымі

Мы ніколі не дагонім Захад у сферы культуры, мы заўсёды будзем адставаць, покуль не пачнем працаваць на апярэджанне, то бок высоўваць і рэалізоўваць ідэі ўласныя.

Толькі тады мы зможам быць камусьці цікавымі. Ясна, што дзеля гэтага мы павінны засвоіць тыя пласты заходняй культуры, якія адсутнічалі ў навучальных праграмах. Таксама зразумела, што нашыя шанцы павялічацца, калі новыя мастацкія, ці шырэй, культурніцкія прадукты, будуць мець агульны вектар, ідэю, актуальную не толькі для Беларусі, але і для нашых суседзяў. Гэта можа быць што заўгодна, але перадусім, тое, што актуальна менавіта для нас саміх.

НН: У 2006 годзе Вы сталі чалавекам году паводле версіі «Тузіну Гітоў». Як гэта быць чалавекам году? Гэта вядомасць, славутасць ці што?

МА: У нас немагчыма быць вядомым, толькі з агаворкай на «пэўныя колы». Славутымі і знакамітымі нас робяць толькі беларускія медыя. І пакуль яны будуць друкаваць кожны пук расейскіх зорак, незважаючы на сваіх, то «вядомыя людзі» будуць існаваць вядомыя толькі ў межах вузкага кола. Немажліва быць вядомым без медыяраскруткі.

НН: Міхал, апошняе пытанне. За што Вы любіце Беларусь?

МА: Я люблю Беларусь збольшага не за штосьці, а насуперак. Тое, што мне падабаецца і тое, што «маё» чамусьці няўхільна знікае. Прыкмеціў гарадскі закуток, упадабаў краявід, а заўтра яго ўжо няма. Застаюцца ўспаміны і смутная беларуская літаратура. Відаць ёсць нейкі псіхалагічны механізм, што калі ты за нешта, альбо некага перажываеш, то рана ці позна патрапляеш у пэўную псіхалагічную залежнасць. Так і з Беларуссю. Я шмат замежнікаў ведаю, якія так на Беларусь падсаджваюцца. Спачатку захапляюцца яе някідкай, гарманічнай прыгажосцю, потым пачынаюць яе шкадаваць, а потым прырастаюць душой і ўсё, назаўсёды.

***

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 г. у Мінску — беларускі дызайнэр, графік, фатограф, паэт, перакладчык і публіцыст. Стваральнік «Народнага Альбома».

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?